Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры дэмакратычнай апазыцыі сустрэліся ў Вільні з амэрыканскімі сэнатарамі


Джон Маккейн, архіўнае фота

Джон Маккейн, архіўнае фота

16 красавіка ў Вільні прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай апазыцыі сустрэліся з чатырма амэрыканскімі сэнатарамі, сярод якіх быў і Джон Маккейн.

Зь беларускага боку ў сустрэчы бралі ўдзел старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец і старшыня БСДП (Грамада) Ірына Вештард.

Падрабязнасьці размовы апавёў Радыё Свабода старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч:
Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Сустрэча адбывалася ў літоўскім Сэйме, ініцыятарам яе выступіў сам сэнатар Маккейн. Доўжылася сустрэча больш за 40 хвілін. Адбылася, на маю думку, дастаткова дэталёвая грунтоўная гутарка. Таксама ў сустрэчы бралі ўдзел іншыя сэнатары, якія прыехалі са спадаром Маккейнам. Напачатку была магчымасьць кожнаму з удзельнікаў коратка выказацца, а потым была гутарка ў рэжыме „пытаньні-адказы“. Было відавочна, што ў амэрыканскіх сэнатараў сапраўды ёсьць зацікаўленасьць у вывучэньні сытуацыі, нягледзячы на тое, што сэнатар Маккейн заўсёды цікавіўся сытуацыяй у Беларусі, бачна было, амэрыканская палітыка зараз пільную ўвагу скіроўвае на ўвесь наш рэгіён.

Мы гаварылі пра неабходнасьць дапамогі дэмакратычнай Украіне, пра неабходнасьць спрыяньня стабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне. Мы казалі пра тое, што падзеі ва Ўкраіне, безумоўна, уплываюць і на Беларусь.

Таксама закранулі пытаньне бягучай палітычнай сытуацыі ў Беларусі, праблему палітычных вязьняў, пытаньне адносна свабодаў, якія сёньня ёсьць і якіх сёньня няма ў беларусаў.

Гаварылі пра пэрспэктывы адносна прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году, пра той працэс намінацыі адзінага кандыдата на прэзыдэнты, над якім зараз дастаткова актыўна працуюць нашы партыі і грамадзкія арганізацыі. Гаварылі пра нэгатыўны ўплыў расейскай прапаганды і неабходнасьць падтрымкі незалежных сродкаў масавай інфармацыі, якія дастаткова праўдзіва асьвятляюць гэтую сытуацыю і дапамагаюць у тым ліку і беларускаму грамадзтву».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG