Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Чыгір: чыноўнікаў будуць саджаць, а яны ў адказ — толькі шушукацца


Міхаіл Чыгір

Міхаіл Чыгір

Чарговая гучная крымінальная справа заведзеная супроць высокапастаўленага чыноўніка — былога першага намесьніка міністра лясной гаспадаркі Фёдара Лісіцы, якога напярэдадні звольнілі з пасады і затрымалі.

Пра якія злачынствы Фёдара Лісіцы кажуць праваахоўнікі? Паводле зьвестак МУС, экс-першы намесьнік міністра лясной гаспадаркі Фёдар Лісіца адрамантаваў службовую кватэру за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Міністэрства лясной гаспадаркі. Кіраўнік прэсавай службы МУС Канстанцін Шалкевіч кажа:

«На гэта незаконна было патрачана каля 300 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў. Вынікам працы апэратыўнікаў Галоўнай управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй стала завядзеньне генпракуратурай крымінальнай справы па 3 частцы 424 артыкулу аб злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі».

Таксама сьледчым са Сьледчага камітэту, якія цяпер заняліся справай Фёдара Лісіцы, належыць разабрацца з домам былога чыноўніка ў вёсцы Тычыны Салігорскага раёна. Дом быў пабудаваны як службовае жыльлё на грошы Старобінскага лясгасу, якім тады кіраваў Фёдар Лісіца. Пазьней спадар Лісіца прыватызаваў дом і аформіў у прыватную ўласнасьць на льготных умовах.

У 2010 годзе лясьнічага Фёдара Лісіцу са Старобіна забралі адразу ў Менск на пасаду намесьніка міністра лясной гаспадаркі. Салігорская журналістка Ларыса Насановіч згадвае, што казалі людзі пра той раптоўны ўзьлёт простага лясьнічага: што ў раён прыяжджаў Лукашэнка, і таму Лісіца нечым прыглянуўся. Так гэта ці не, журналістка меркаваць не бярэцца, але адзначае, што Фёдару Лісіцу нехта даваў дазвол на прыватызацыю службовага жыльля. Ларыса Насановіч назвала вёску Тычыны пад Салігорскам мясцовымі «Драздамі», дзе стала прэстыжна будаваць загарадныя катэджы мясцовым начальнікам і бізнэсмэнам.
Ларыса Насановіч

Ларыса Насановіч

«Мне зразумела, што ў вышэйшай уладзе Лісіца проста стаў камусьці няўгодны, хтосьці яго „зьесьці“ захацеў у гэтай лясной гаспадарцы. А збольшага можна кожнага другога чыноўніка пасадзіць з тых, хто там пабудаваўся. Адкуль у іх грошы на гэтыя велізарныя палацы? Усе ж разумеюць, што не за зарплату. Гэтае актыўнае будаўніцтва катэджаў пачалося там недзе з канца 90-ых, а потым пайшло і пайшло. Яшчэ ў нас ёсьць такая „даліна жабракоў“ ў самім Салігорску на ўскраіне, дзе таксама начальства набудавала катэджаў. Дык каналізацыю не правялі ў раён, дзе жывуць будаўнікі, а туды — адразу».

Яшчэ адным эпізодам справы Фёдара Лісіцы можа стаць гісторыя пра ўчастак зямлі пад катэдж, які чыноўнік нібыта атрымаў незаконна. Усяго апэратыўнікі ацэньваюць страты, нібыта нанесеныя Фёдарам Лісіцай, у суму звыш 1 мільярда рублёў. Пра тое, ці прызнае сябе вінаватым былы першы намесьнік міністра, не паведамляецца.

Барацьба з карупцыяй у Беларусі абвастрылася пасьля зьвяржэньня ва Ўкраіне ўлады Віктара Януковіча, абвінавачанага ў тым, што пры ім карупцыя сярод чыноўнікаў значна павялічылася і стала пагражаць устоям краіны. Былы прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір мяркуе, што ў Беларусі барацьба Лукашэнкі з карупцыяй сярод чыноўнікаў даўно стала «рытуальнай».

«Канечне, нейкага посьпеху ён дамагаецца, бо запалохвае чыноўнікаў жорсткімі пасадкамі тых, хто патрапляе. У нейкай ступені гэта стрымлівальны фактар, але гэта не падстава спадзявацца, што такім чынам карупцыю ўвогуле можна выкараніць».

Паводле Міхаіла Чыгіра, да карупцыі вядуць такія фактары, як выхаваньне чыноўнікаў, манаполія на кіраваньне, перавага дзяржаўнай маёмасьці. Ці можа здарыцца гэтак, што чыноўнікі паўстануць супраць Аляксандра Лукашэнкі, які ператварыў іх жыцьцё ў «чаканьне арышту»?

«Іх будуць саджаць, яны пашушукаюцца, але рэальна нічога ня зробяць», — мяркуе Міхаіл Чыгір, які ў 1996 годзе сышоў у адстаўку з пасады прэм’ера на знак пратэсту супраць заплянаванага рэфэрэндуму пра пашырэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта. Пасьля адстаўкі на Міхаіла Чыгіра была заведзеная справа аб карупцыі, якая ў судзе рассыпалася.
XS
SM
MD
LG