Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: Год 1992


Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1992 год. Рэспубліка Беларусь робіць першыя крокі на шляху незалежнасьці. Нягледзячы на тое, што сёньня першыя гады незалежнасьці ўспрымаюцца ледзь не як трыюмф дэмакратыі і беларусізацыі, у перадачах беларускай Свабоды не бракавала матэрыялаў, дзе распавядалася пра барацьбу дэмакратычных сілаў зь недэмакратычным рэжымам. Удакладнім — рэжымам прэм’ера Вячаслава Кебіча. Прынамсі дэмакратычнасьці тагачасных беларускіх уладаў хапіла на тое, каб не чыніць перашкоды ў дзейнасьць карэспандэнтаў нашага радыё ў Беларусі, аднак такое істотнае пытаньне, як рэтрансьляцыя перадачаў Свабоды ўнутры краіны так і не было вырашанае — улады да гэтага былі не гатовыя.

Колішні супрацоўнік нашага радыё Ян Запруднік у 1992 годзе рабіў аналіз праграмаў беларускай службы для штодаговага агляду працы. У ягонай справаздачы ён цытуе гутаркі з Васілём Быкавым, які дзеліцца ўражаньнямі ад перадачаў. Быкаў, сталы слухач «Свабоды», хваліў Ларысу Урбан і Асю Ігнацёнак за іх перадачы, высока ацэньваў Галіну Айзэнштат і Камілу Малевіч за іх вострыя радыёвыступы. Васіль Быкаў, як і іншыя слухачы, хацеў бы бачыць беларускую Свабоду больш аналітычнай і больш крытычнай у дачыненьні да рэжыму (нагадаю, у справаздачы Яна Запрудніка гаворка ідзе пра 1992 год), больш актыўнай у пашырэньні беларускай сьведамасьці і дэмакратычных каштоўнасьцяў. Васіль Быкаў таксама прапанаваў пашырыць колькасьць беларускай інфармацыі за кошт міжнароднай, пажадаў мець менш паўтораў і больш арыгінальных перадачаў. Згадаў ён і нашую заўсёдную балючую праблему — кепскую чутнасьць на кароткіх хвалях.

У заключэньні свайго аналізу 1992 году Ян Запруднік робіць спробу намаляваць партрэт слухача беларускай Свабоды. Гэта — крытычны чалавек, які цэніць востры аналіз звонку, бо ведае, што мясцовыя сродкі масавай інфармацыі абмежаваныя ў сродках і занадта кантраляваныя ўрадам.


***

Госьць нашай сёньняшняй перадачы — мой калега Кастусь Бандарук. Кастусь пачаў працаваць на Свабодзе на пачатку 90-х, прычым прыйшоў на радыё ён з царкоўных колаў. Зрэшты, хай ён пра ўсё раскажа сам...

«Мае шляхі на Свабоду былі даволі складаныя. Здарылася так, што 25 ліпеня 1988 году я прыехаў у Амэрыку. Прычыны гэтага выезду таксама даволі складаныя — я быў шэраг гадоў асабістым сакратаром беластоцкага япіскапа, адчуваў, што я проста эксплюатаваны, выконваў вялізную колькасьць розных функцыяў, і здарылася так, што я захацеў пакінуць свайго япіскапа, хацеў перайсьці ў іншую япархію, і ён тады забараніў выконваць пастырскія сьвятарскія абавязкі. І я адчуў, што прыйшла пара проста ўцякаць і патэлефанаваў свайму сябру Мечыславу Брынкевічу, сьвятару, які служыў у беларускай парафіі ў Саўт-Рывэры. Ён прыслаў мне запросіны, і 25 ліпеня 1988-га я прыехаў у Саўт-Рывэр. Там месяц жыў і служыў разам з маім сябрам. І, мабыць, важным этапам было тое, што прамаўляў па-беларуску, і гэта спадабалася ўсім парафіянам. Заходзіў тады ў царкву Янка Запруднік, які працаваў на радыё. Я бачыў, што ён нават запісваў мае казаньні. Потым ён неяк зацікавіўся маім лёсам, прапанаваў, каб я пачаў супрацоўнічаць з радыё. Я кажу, што ў ніякім выпадку не магу гэтага зрабіць — у мяне ў Польшчы засталася жонка, дачка, яны могуць ня выехаць з краіны, калі ўлады даведаюцца, што я пачынаю супрацоўнічаць з радыё. Я тады адмаўляўся, але пераехаў у Чыкага, там служыў у беларускай парафіі Сьвятога Юрыя, адначасова працаваў на фабрыцы, уласьнікам якой быў мой парафіянін Аляксандар Шышка. Янка Запруднік неяк не адступаў ад мяне, увесь час тэлефанаваў, падсылаў мне матэрыялы пра беларускія справы, цікавыя падзеі ў Беларусі. Потым неяк намовіў мяне, каб усё ж такі я пачаў рыхтаваць казані па-беларуску, якія гучэлі б у эфіры беларускай Свабоды. Я, зразумела, потым з часам пагадзіўся на гэта, пачаў падсылаць свае матэрыялы. Потым адчуваў, што стан забароны ў багаслужбе вельмі мяне абмяжоўвае — я ня бачыў будучыні там тады ўжо ў сьвятарскім сане ў Амэрыцы, дзе беларусаў няшмат. Я адчуваў, што ў гэтым стане проста мабыць і добра здарылася, што паступілі гэтыя запросіны да супрацоўніцтва са Свабодай. Прыехаў я ў Мюнхэн ужо на пастаянную працу 11 лютага 1991 году. Такія прыблізна былі мае шляхі на Свабоду».


Эфір 1992 году. Гучыць фрагмэнт рэлігійнай гутаркі...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:46 0:00
Наўпроставы лінк


***
Год 1992 у сьвеце

Палітыка

Генэральным сакратаром ААН абіраецца Бутрас Бутрас-Галі. — У Маастрыхце падпісваецца эўрапейскае пагадненьне аб палітычным і эканамічным саюзе. — Распадаецца югаслаўская фэдэрацыя. Злучаныя Штаты прызнаюць незалежнасьць трох былых югаслаўскіх рэспублік. — Прэзыдэнты Буш і Ельцын афіцыйна абвяшчаюць пра канец Халоднай вайны. — Былы панамскі лідэр генэрал Нарыега асуджаны да 40 гадоў турмы за гандаль наркотыкамі. — Расейскі парлямэнт ухваляе дамову аб стратэгічных узбраеньнях. — Амэрыканскія вайсковыя аддзелы пакідаюць Філіпіны пасьля стагодзьдзя вайсковай прысутнасьці. — Чэхаславацкі парлямэнт ухваляе падзел краіны на Чэхію і Славаччыну. — 42-м прэзыдэнтам ЗША абраны Біл Клінтан.

Навука i тэхналёгія

Музычныя запісы на кампакт-дысках паводле папулярнасьці выпераджаюць аўдыёкасэты. — У сьвеце налічваецца каля 900 мільёнаў тэлевізійных апаратаў. — Уводзіцца ў публічны ўжытак першы тэкставы браўзэр.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная трынідадзкаму паэту Дэрэку Ўолкату.

У 1992 годзе памірае пісьменьнік Айзэк Азімаў, акторка Марлен Дытрых.

Песьня году - Whitney Houston / I Will Always Love You

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Галоўная дзялянка Кастуся Бандарука на Свабодзе — рэлігійныя перадачы. Я папрасіў Кастуся скласьці нешта накшталт рэлігійнага партрэту беларускай Свабоды.

«На Свабодзе з самога пачатку быў прынцып нейкай рэлігійнай нэўтральнасьці. Я быў праваслаўны, і ясна, што гэта адчувалася ў маіх тэкстах. Але не магло быць і ні ў якім разе не было ніякага падкрэсьліваньня першараднасьці праваслаўя перад каталіцызмам. На Радыё Свабода нашыя супрацоўнікі былі самых розных веравызнаньняў, у тым ліку былі і габрэі, і у ніякім разе нельга было падкрэсьліваць перавагаў нейкай адной канфэсіі. Так што тут — поўны экумэнізм. Дарэчы гэта мне і нават адпавядала, бо нейкі мой падыход да рэлігіяў такі, што я — праваслаўны, але я не адчуваю, што мая рэлігія, мая канфэсія найлепшая. Добра вядома, што і ў Беларусі акрамя праваслаўных ёсьць і каталікі, ёсьць пратэстанты, ёсьць таксама татары. Так што стаўленьне Свабоды да рэлігійных пытаньняў якраз супадала і з маімі. Я толькі заўсёды адчуваў, што рэлігія ўсё ж такі патрэбная ў перадачы, паколькі, мабыць, рэлігія, гэтак як культура ці мэдыцына, можа цікавіць людзей нават болей, чым палітыка».

А зараз — зноў наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру 1992 году паслухайце гутаркі пра мову Міколы Сьцьвіскага. Пад гэтым псэўданімам выступаў тады на нашых хвалях Вінцук Вячорка.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:17 0:00
Наўпроставы лінк


***
1992 ГОД У БЕЛАРУСІ

• Беларусь прынятая ў Нараду ў справах Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе.
• Беларусь падпісвае Гэльсынкскі заключны акт і Парыскую хартыю дня Новай Эўропы.
• Беларусь і Расея падпісваюць дамову аб каардынацыі дзейнасьці ў ваеннай сфэры.
• Рыгору Барадуліну нададзенае званьне народнага паэта Беларусі.
• Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы надае Беларусі статус адмыслова запрошанай краіны.
• У Менску адкрытае прадстаўніцтва ААН.
• З тэрыторыі Беларусі пачаўся вывад тактычнай ядзернай зброі.
• У Менску заснаваны Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт.

А зараз — зноў наш эфір 1992 году. Гучыць першая перадача з сэрыі Палітычная геаграфія Беларусі.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:19 0:00
Наўпроставы лінк


***

Госьць нашай сёньняшняй перадачы — Кастусь Бандарук, які працуе на нашым радыё ад 1990 году. У складзе беларускай рэдакцыі Кастусь — адзіны прадстаўнік Беласточчыны. Наколькі Беласточчына прысутная на беларускай Свабодзе?

«Беласточчына была заўсёды прысутная на Свабодзе. Можа, не заўсёды, але напэўна пачынаючы недзе з 90-х гадоў. Супрацоўнічалі са Свабодай Юрка Ляшчынскі, Мікола Ваўранюк даволі доўга, на Свабодзе выступалі беластоцкія палітыкі — Яўген Мірановіч, Алег Латышонак, былі таксама і іншыя дзеячы, ня кажучы пра вядомага пісьменьніка Сакрата Яновіча. Вядома, увесь час, шэраг гадоў працавала таксама Валя Лаеўская. Са Свабодай таксама супрацоўнічаў Янка Максімюк, які цяпер працуе на Свабодзе як аналітык. Так што гэтых асобаў, якія супрацоўнічалі са Свабодай, было шмат, і я адчуваў, што я проста не адзіны. Дарэчы, у мяне заўсёды было такое перакананьне, што Беласточчына важная ў сэнсе беларускасьці — як цікавы фэномэн, як зьява, і нельга было б абмінуць Беласточчыну, або каб яна не прысутнічала. Калі я прыяжджаю на Беласточчыну, а прыяжджаю я як мінімум раз ці два разы ў год, дык часта пытаюся, ці слухаюць нас. Людзі, якія болей зацікаўленыя беларускімі справамі, слухаюць».

I на заканчэньне — зноў наш архіў. Паслухайце фрагмэнт інтэрвію Галіны Айзэнштат са старшынём КДБ Беларусі Эдуардам Шыркоўскім.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:03 0:00
Наўпроставы лінк
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG