Лінкі ўнівэрсальнага доступу

New York Times заклікае да «далёкасяжных» санкцыяў супраць Расеі


Газэта піша, што на перамовах у Жэнэве ЗША і Эўропа павінны быць гатовыя да жорсткага адстойваньня сваёй пазыцыі па Ўкраіне.

Газэта New York Times у сераду заклікала да ўвядзеньня «далёкасяжных» гандлёвых і фінансавых санкцыяў супраць Расеі, калі тая адмовіцца адвесьці войскі ад межаў Украіны.

Гэты заклік прагучаў на тле падрыхтоўкі да чатырохбаковых перамоваў з удзелам Масквы і Вашынгтона па мірным урэгуляваньні крызісу ва Ўкраіне.

У сваім рэдакцыйным артыкуле газэта засяроджвае ўвагу на тым, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, магчыма, хоча «ўзмацніць напружанасьць настолькі, каб украінскія ўлады разам зь іх амэрыканскімі і эўрапейскімі прыхільнікамі пагадзіліся з расейскімі ўмовамі раздрабненьня Ўкраіны, у якой Расея атрымае значны ўплыў над паўднёва-ўсходнімі рэгіёнамі краіны, дзе высокая канцэнтрацыя прамысловых вытворчасьцяў».

На думку газэты, пагроза расейскай інтэрвэнцыі таксама рэальная хоць бы таму, што сэпаратысты, якія захапілі будынкі ў Данецку і некалькіх іншых гарадах, могуць зь лёгкасьцю справакаваць гвалт і прымусіць Пуціна ўжыць сілу.

Масква, верагодна, будзе прасоўваць сваю пазыцыю на перамовах па Ўкраіне, якія пройдуць у чацьвер у Жэнэве з удзелам міністраў замежных спраў Расеі, Украіны, ЗША і кіраўніка эўрапейскай дыпляматыі, мяркуе выданьне.
Амэрыканцы і эўрапейцы павінны выразна даць зразумець, што яны ня будуць моўчкі пагаджацца зь любымі спробамі падзяліць Украіну

«Амэрыканцы і эўрапейцы павінны выразна даць зразумець, што яны ня будуць моўчкі пагаджацца зь любымі спробамі падзяліць Украіну на ўсходнюю і заходнюю частку, — адзначае New York Times. — Каб іх пазыцыя была хоць колькі-небудзь важкай, трансатлянтычныя партнэры павінны прыбыць у Жэнэву з жорсткімі намерамі ў дачыненьні да Расеі».

Вашынгтон і Брусэль разумеюць, што час сымбалічных санкцыяў падыходзіць да завяршэньня, і Масква будзе назiраць за імі ў Жэнэве, ацэньваючы іх сур’ёзнасьць і салідарнасьць.

«Гэта не азначае, што Захаду трэба праводзіць нейкія „чырвоныя лініі“ перад пачаткам сустрэчы, — піша New York Times. — Але гэта азначае, што калі Расея не адвядзе свае войскі ад мяжы і ня скончыць правакаваць сэпаратыстаў на паўднёвым усходзе Ўкраіны, трансатлянтычныя партнэры, асабліва эўрапейцы, якія маюць больш глыбокія эканамічныя сувязі з Расеяй, чым ЗША, павінны прыйсьці да выразнага і дакладнага ўзаемаразуменьня пра наступны ўзровень санкцыяў. Яны павінны ўключаць далёкасяжныя захады эканамічнага і фінансавага характару, якія будуць балючымі і затратнымі для абодвух бакоў. Важна, каб Пуцін убачыў адзіны фронт».
XS
SM
MD
LG