Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1990 год. У Савецкім Саюзе працягваюць разьвіцца бурлівыя падзеі. Працягваюцца крывавыя этнічныя канфлікты — у Баку выбухаюць азэрбайджанска-армянскія закалоты, гіне 125 чалавек. Надалей страйкуюць шахцёры. Савецкія ўлады перажываюць небывалую трансфармацыю — на прапанову Гарбачова з Канстытуцыі выдаляецца артыкул пра кіраўнічую ролю КПСС, афіцыйна прызнаецца факт расстрэлу тысячаў польскіх афіцэраў у Катыні ў 1940 годзе. У чэрвені афіцыйна адмяняецца інстытут цэнзуры. Распад СССР уваходзіць у новую стадыю — у 1990 годзе палова савецкіх рэспублікаў прымае дэклярацыі аб сувэрэнітэце, а 11 сакавіка Літва абвяшчае сваю незалежнасьць. Масква адказвае ўвядзеньнем эканамічнай блякады, аднак уратаваць імпэрыю ўжо немагчыма.

***

Радыё Свабода перажывае свае зорныя часіны — пасьля доўгіх гадоў ізаляцыі ад краінаў, на якія скіраванае вяшчаньне, раптам адчыніліся ўсе інфармацыйныя шлюзы. Наяўнасьць мясцовых карэспандэнтаў, адсутнасьць камунікацыйных бар’ераў, магчымасьць свабодна руху празь межы і, галоўнае — бурлівае мора падзеяў — вось перамены, якія прынесьлі з сабою тыя пераломныя часы. Радыё Свабода перастала быць забароненым плодам. Супрацоўнікі беларускай рэдакцыі ўпершыню мелі магчымасьць наведаць Беларусь. Пра свае ўражаньні ад першай паездкі на бацькаўшчыну распавядае наш сёньняшні госьць — былы дырэктар Беларускай Свабоды Вячка Станкевіч...


Вячка Станкевіч

Вячка Станкевіч

«Восеньню 1990 году я першы раз прыехаў у Менск. Я прыляцеў на менскае лётнішча, мяне там сустрэлі адразу на месцы, і я меў магчымасьць пазнаёміцца з былымі „талакоўцамі“. Мы спаткаліся ў той дзень увечары, і было вельмі прыемна. І хоць нас дзяліла розьніца ў веку, мы чуліся зусім як старыя знаёмыя. Што яшчэ было цікава ў той жа час — наступны дзень удалося паехаць у Вільню, і едучы па дарозе было вельмі цікава затрымацца ў Барунах, дзе мы спаткаліся з ксяндзом Чарняўскім — гэта быў вельмі цікавы, народны сьвятар. Ну і адведалі Арляняты — гэта вёска, дзе нарадзіўся мой бацька і адкуль паходзіла шмат Станкевічаў. Глянулі на магілкі — якраз там бальшыня тых, што ня выехалі, якраз засталіся на тых магілках. Там і магіла ксяндза Адама Станкевіча, некаторых ягоных сваякоў, сваякоў бацькі — гэта было сапраўды вельмі цікава. Ну і потым, пераехаўшы граніцу ў тады яшчэ Ллітоўскую ССР, у Вільні мы затрымаліся каля Вострай Брамы, якую я памятаю зь дзяцінства, бо якраз праходзіў праз Вострую Браму, ідучы ў школу ў першую клясу. Пазьней было вельмі цікавае спатканьне зь Лявонам Луцкевічам. Ён сапраўды быў чалавекам, які пасьля высылкі ў Сібір, вярнуўшыся, быў арганізатарам віленскіх беларускіх спраў у той час».

Эфір 1990 году. Гучыць фрагмэнт камэнтару пра моўную палітыку ў Беларусі:


***
Год 1990 у сьвеце

Палітыка

Генэрал Нарыега здаецца амэрыканскімвайсковым аддзелам у Панаме. — Югаслаўскія камуністы страчваюць 45-гадовую манаполію на ўладу. — Паўдзённаафрыканскія ўлады вызваляюць з турмы Нэльсана Мандэлу. — На амэрыканска-савецкім саміце дасягнутае пагадненьне аб узбраеньні. — Заходнія краіны спыняюць палітыку хал0днай вайны і прапануюць Савецкаму Саюзу і Ўсходняй Эўропе палітычнае супрацоўніцтва. — Ірацкае войска ўрываецца ў Кувэйт, пачынаецца вайна ў Пэрсыдзкай затоцы. — Пасьля 45 гадоў падзелу Ўсходняя і Заходняя Нямеччыны аб’ядноўваюцца ў адну дзяржаву. — Маргарэт Тэтчэр пакідае пасаду прэм’ера Вялікай Брытаніі. — Лех Валэнса перамагае на прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы.

Навука i тэхналёгія

Уводзіцца ў дзеяньне касьмічны тэлескоп Хабл. — Кампанія Майкрасофт выпускае вэрсію 3.0 апэрацыйнай сыстэмы Windows.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная мэксыканскаму паэту Актавіё Пасу.

У 1990 годзе паміраюць кампазытар Леанард Бэрнстайн, пісьменьнікі Альбэрта Маравіё і Патрык Ўайт, кінаакторка Грэта Гарба.

Песьня году: Extreme / More Than Words.

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Вячка Станкевіч распавядае пра задачы, якія стаялі перад беларускай рэдакцыяй Радыё Свабода ў 1990 годзе.

«Праца ў Мюнхэне — на Радыё Свабода пачалі праводзіцца стараньні, каб наладзіць працу карэспандэнтаў у Беларусі, і такім чынам каб можна было стварыць або заснаваць бюро ў самым Менску — каб карэспандэнты на месцы маглі заходзіць у бюро, рыхтаваць і запісваць перадачы і так далей. Хоць гэта яшчэ было да Лукашэнкі, але ўрад Кебіча таксама ня надта спрыяў дзейнасьці Радыё Свабода, былі даволі вялікія цяжкасьці. Былі спробы знайсьці месца для бюро вакол нейкай установы. Напрыклад, была магчымасьць, якая ня зьдзейсьнілася, што бюро магло існаваць пры БДУ або пры іншых установах. Наагул, увесь афіцыёз ставіўся даволі варожа да ідэі заснаваньня бюро. Была таксама спроба, каб беларуская служба магла гучэць ня толькі на кароткіх хвалях, але таксама, каб можна было рабіць трансьляцыю празь мясцовыя радыёстанцыі — так, як гэта рабілася ў іншых былых савецкіх рэспубліках. Спробы зайшлі даволі далёка — у свой час тагачасны міністар інфармацыі Бутэвіч разам з кіраўніком тэлерадыёвяшчаньня Сталяровым прыехалі ў Мюнхэн, і была размова пра наладжаньне якраз такой магчымасьці рэтрансьляцыі. Аднак паказалася, што кошты такой рэтрансьляцыі, якія былі запрапанаваныя для кіраўніцтва радыё, былі вышэйшыя, чымся цэлы бюджэт беларускай службы. Было відавочна, што гэта была або спроба здабыць даволі вялікія грошы для міністэрства, або спроба проста адмовіць гэтаму праекту. Ну, усё-такі пазьней удалося ў зусім прыватнай кватэры заснаваць бюро, і справа перадачаў зь Беларусі пайшла ў лепшы бок, бо ўвесь час прыбывала болей карэспандэнтаў, больш прафэсійных журналістаў, якія маглі перадаваць».

А зараз — зноў наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру 1990 году паслухайце фрагмэнт перадачы пра дзейнасьць Рады БНР на эміграцыі. ..



Так у 1990 годзе пра дзейнасьць Рады БНР распавядала менская карэспандэнтка нашага радыё Алена Тарасэвіч — Алеся Сёмуха.

***
1990 ГОД У БЕЛАРУСІ

• Вярхоўны Савет прымае Закон аб мовах, беларуская мова абвяшчаецца дзяржаўнай.
• У Акадэміі Навук створаны Інстытут Сацыялёгіі.
• На Ўсебеларускім дэмакратычным форуме ўтвараецца перадвыбарны Беларускі дэмакратычны блёк.
• Вярхоўны Савет абвяшчае 26 красавіка Днём Чарнобыльскай трагедыі.
• На вайсковай базе Лясная пад Баранавічамі зьліквідаваная апошняя ракета тыпу СС-4.
• Ствараецца Саюз Палякаў Беларусі.
• Вярхоўны Савет прымае дэклярацыю аб сувэрэнітэце.
• У Менску адбываецца ўстаноўчая канфэрэнцыя беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».
• У Горадні адчыняецца рымакаталіцкая сэмінарыя.
• Заснаваны гуманітарны культурна-асьветны цэнтар імя Скарыны.

А зараз — менскі эфір 1990 году. На ХХХІ зьезьдзе Кампартыі Беларусі выступае старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Дзьмітры Арцыменя:


***

Госьць нашай сёньняшняй перадачы — Вячка Станкевіч, які 1991-1998 гадох быў дырэктарам беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Ён працягвае ўспаміны пра зьмены, якія адбыліся на радыё на пачатку 90-х.

«Праца зрабілася шмат цікавейшая, бо ўсё-такі нешта новага адбывалася амаль што штодня. Аднак наконт самаго цэлага радыё вялікіх зьменаў не адчувалася, асабліва ў беларускай службе. У іншых службах было больш магчымасьцяў, бо яны пачалі засноўваць свае бюро ў розных рэспубліках, скажам, у Прыбалтыі і Ўкраіне, а таксама мелі магчымасьць рэтрансьляцыі.Дык гэта была такая навіна, дзе людзі маглі ўжо слухаць ня толькі перадачы на кароткіх хвалях, але таксама ўжо і на сярэдніх і на FM. Гэта была асноўная зьмена з пачатку 90-х гадоў. Ну і таксама ў сувязі з тым, што людзі маглі ўжо прыяжджаць у краіну, у якую вяшчалі — гэта была свайго роду зьмена. Таксама пашырэньне сеткі карэспандэнтаў на месцы — і гэта была даволі вялікая зьмена. А таксама некаторыя карэспандэнты маглі прыяжджаць у Мюнхэн на кароткатрывалыя спатканьні. Я ведаю, што быў зроблены пераклад на беларускую мову падручніка для журналістаў».

I на заканчэньне — зноў наш архіў. Паслухайце фрагмэнт перадачы з сэрыі «Ахвяры Сталіншчыны»...
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
XS
SM
MD
LG