Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эфір 16 красавіка 2014 году

Вы на хвалях Радыё Свабода. З вамі далей Валянцін Жданко. У праграме «Паштовая скрынка 111» — агляд лістоў нашых слухачоў.

Значная частка пошты Свабоды — гэта допісы людзей сталага веку, тых нашых даўніх і адданых сяброў, якія не разьвітваюцца са Свабодай на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў, слухаюць нас з дапамогай сваіх старэнькіх кароткахвалевых прымачоў яшчэ савецкай вытворчасьці і ўжо наўрад ці калі-небудзь асвояць кампутар ды інтэрнэт. Многія зь іх пішуць пра свае пэнсіянэрскія клопаты, назіраньні, уражаньні.

З аднаго такога ліста пачну сёньняшнюю размову. Вось што піша наша слухачка Вольга Пудзік са Сьветлагорску:
«Ня ведаю, як моладзь, а мае равесьнікі, пэнсіянэры — амаль усе пагалоўна за Лукашэнку. Кажуць: як ня будзе яго, дык ніхто ня дасьць нам пэнсію...

У палітыцы старыя разьбіраюцца слаба. Што чаўпуць па тэлевізары — тое паўтараюць і яны.

А жыць апошнім часам стала вельмі цяжка, і асабліва — старым. Павагі да сталага люду няма. І з боку маладых, і сярод сваіх аднагодак. Пэнсіянэры ж таксама розныя. Некаторыя здабылі сабе пэнсію рознымі хітрыкамі, сфальшаванымі даведкамі ды хваробамі. Яму 50 гадоў — а ўжо на пэнсіі. Нібыта хворы, інвалід. А які ж ты хворы, калі п’еш ды курыш...

Мэдыцына цяперашняя — абы якая. Не дасі на лапу — атрымаеш інсульт ці інфаркт. На старога чалавека глядзяць як на нешта другараднае. Кажуць: «Ну, Вам гэтулькі гадоў — мы да такога веку не дажывем». Ці «А што Вы хочаце ў такім узросьце? Мы ж Вам новыя сасуды не паўстаўляем! — піша ў сваім лісьце на Свабоду Вольга Пудзік са Сьветлагорску. — Паўсюль карупцыя. Дзе хто працуе — той там і крадзе. Толькі і глядзяць, як каго абдурыць — у крамах, на базарах, у шапіках...П’янства квітнее. А працаваць ніхто ня хоча. І дзяцей кідаюць маладыя маці.

Тыя з маладых, хто разумнейшы і спрытнейшы, павыяжджалі за мяжу. То іхныя бацькі задаволеныя. Дзеці ім прысылаюць валюту. А вяртацца адтуль ніхто ня хоча.

... Вельмі перажываю за Ўкраіну. Там жа шмат нашых людзей: былыя аднавяскоўцы, аднаклясьнікі, знаёмыя. Цяжка і думаць пра гэта, і перажываць, хвалявацца...Апошнім часам назіраю, як часта пачалі лётаць ваенныя самалёты — з-пад Парычаў на Рэчыцу і далей на Гомель. Я ўжо неяк надта спалохалася. Думаю, ці не паляцелі яны на Кіеў, бамбіць Украіну?

Нават пагаварыць пра гэта няма з кім. Нашы прастачкі рады: кажуць, няхай расейцы абараняюць нас ад НАТО. А тым украінскім бандэраўцам, маўляў, так і трэба. Што тут скажаш?»
.

Супярэчлівыя назіраньні і высновы, спадарыня Вольга. З аднаго боку, як Вы сьцьвярджаеце, пэнсіянэры ледзь ня ўсе пагалоўна — за Лукашэнку; з другога — жыцьцё людзей сталага веку становіцца ўсё горшым: і пэнсіі не пасьпяваюць за цэнамі, і мэдыцына абы-якая, і пашаны да старэйшага пакаленьня няма... Што адметна, падобныя развагі гучаць ужо гадоў дваццаць. За гэты час пэнсіянэрамі сталі тыя, хто ў сярэдзіне 90-х гадоў былі людзьмі сярэдняга ўзросту, у росквіце сіл, і ў масе сваёй марылі зусім не пра такую будучыню для сваёй краіны. І ў чым тут справа? Ці то пэнсіянэрскае жыцьцё ў Беларусі не такое ўжо кепскае? Ці высновы пра пагалоўную падтрымку пэнсіянэрамі дзейнай улады моцна перабольшаныя?

Пра пэнсіянэрскае жыцьцё распавяла ў сваім лісьце на Свабоду і Ганна Ждановіч зь Менску. Праўда, пачынае яна свой допіс заўвагамі пра нядаўнія мясцовыя выбары. Слухачка піша.
«Вельмі слушна распавядала Свабода пра мінулую выбарчую кампанію. Гэтыя так званыя „дэпутаты“ ніколі з намі не сустракаюцца, ня ведаюць ні пра клопаты нашы, ні пра патрэбы.

Я жыву ў раёне „Уручча-2“ ужо 25 год. За гэты час ніводзін дэпутат ні мне, ні маім суседзям ды знаёмым нічым не дапамог. Дэпутацтва патрэбна ім толькі дзеля ўласнай кар’еры і ўласнага дабрабыту.

Асабліва цяжка цяпер пэнсіянэрам. А зусім невыносна — калі яны самотныя. Пасадзілі ўсіх на 2 мільёны рублёў пэнсіі — і жыві як хочаш. Прыкра бачыць, як старыя нямоглыя людзі зьбіраюць гарэлачныя бутэлькі, каб здаць і атрымаць нейкую капейку на кавалак хлеба, — піша ў сваім лісьце на Свабоду Ганна Ждановіч зь Менску. — А за што купляць абутак? Такое ўражаньне, што, прызначаючы пэнсіі, улада разьлічвае, што мы круглы год будзем хадзіць у тапках — і ў дождж, і ў холад.

Асобная вялікая тэма — наша мэдыцына. Летась я пасьля двух інфарктаў тры месяцы правяла ў шпіталі. Пасьля таго, як выпісалі, патрэбны былі лекі. Яны для мяне неймаверна дарагія. Папрасіла дапамогі. Далі 850 тысяч і папярэдзілі: калі не задаволеная — падавай у суд.

Дактары выпісваюць лекі, але не эфэктыўныя імпартныя, а свае беларускія — кепскія. У мяне ад іх пачалі лопацца тонкія сасуды, пайшла кроў пад скуру. А ўрач адмахнулася: „Ну і што?“

Пэнсію калі і падвышаюць, дык раз на два гады, тысяч на сто. За гэты час кошты падвышаюць дзесяць разоў. А як хваляцца сваёй так званай „сацыяльнай падтрымкай“. Лепш бы ўжо маўчалі. Увогуле, нам адкрыта кажуць, што мы — баляст на шыі дзяржавы. Вось аддалі свае веды, здароўе, лепшыя гады жыцьця дзяржаве — а цяпер няма чаго заседжвацца на пэнсіі, пара на той сьвет.

Слухаю Свабоду праз маленькі прымач „Акіян 245“. А кампутара ў мяне няма і ўжо наўрад ці будзе. Дык калі спыніце вяшчаньне ў эфіры — я застануся сьляпая і глухая, бо ня буду ведаць праўду. Ня будзеш слухаць Свабоду — ня будзеш ведаць, як табе жыць»
.


Дзякуй, спадарыня Ганна, за такія пранікнёныя словы на адрас Свабоды. Што да настрояў у асяродзьдзі беларускіх пэнсіянэраў. Сапраўды, звычайна прынята жыцьцю і побыту сталых людзей у Беларусі спачуваць. Як пражыць на 200 даляраў пэнсіі, калі лекі такія дарагія, калі цэны на харчаваньне ўвесь час растуць? І пра рэаліі беларускіх шпіталяў і паліклінік Вы ўсё праўдзіва напісалі. На прыём да доктара трэба душыцца ў даўжэзнай чарзе. А потым, замест уважлівага ды клапатлівага агляду, ад цябе адмахваюцца... Але што цікава: менавіта пэнсіянэры ў першых шэрагах тых, хто паслухмяна адгукаецца на заклікі ўлады да датэрміновага галасаваньня. Менавіта яны найбольш агрэсіўна рэагуюць на ініцыятывы апазыцыйнай моладзі, на масавыя пратэсты апазыцыі, на заклікі да пераменаў у краіне.

Вячаслаў Сухарэбскі зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну ў сваім лісьце разважае пра тое, як паўплывалі 70 год камуністычнай ідэалёгіі і практыкі на сёньняшняе беларускае грамадзтва. Слухач піша:

«Так засеў у падсьвядомасьці людзей камуністычны падман, што па інэрцыі ён уплывае на абсалютную большасьць грамадзтва і сёньня. Зьнішчана воля да супраціву злу. Пануе абыякавасьць да бязрадаснай будзённасьці. Ня ведае чалавек, што яго чакае ў будучыні. У грамадзтве пануе апатыя.

Кіроўная намэнклятура ўсяляк падтрымлівае гэты стан здранцьвеньня ды страху, зьнішчае творчы патэнцыял чалавека — і тым самым губіць будучыню. Трымаецца эканоміка Беларусі на подлай энэргетычнай расейскай ін’екцыі. Подлай таму, што імпэрыялісты разумеюць: калі даваць танныя энэрганосьбіты, то ня будзе стымулу штосьці мяняць у сёньняшняй дэфэктыўнай эканоміцы, у якой энэргазатраты на адзінку вырабленай прадукцыі ў 3-4 разы вышэйшыя, чым у разьвітых эканоміках. Расея ня хоча, каб Беларусь разьвівалася і мацнела.

Але бясконца гэта працягвацца ня будзе. Рана ці позна танныя расейскія газ і нафта скончацца. І што тады? Катастрофа?

Беларускія калгасныя кіраўнікі трымаюцца за цяперашнюю сыстэму гаспадараньня рукамі і зубамі. І гэтым вядуць людзей і краіну да згубы. Не дапамогуць ніякія ідэалягічныя заклінаньні, ператасоўкі кадраў ды аб’яднаньне абсалютна адсталых прадпрыемстваў з больш-менш пасьпяховымі
.
Выратаваць эканоміку можа толькі прыватызацыя. Годнага, працавітага і маральнага чалавека выхоўвае асабістая ўласнасьць на сродкі вытворчасьці. Праца на сябе і сваіх блізкіх дазволіць разьвіцца грамадзянскай супольнасьці, бо без узаемных дачыненьняў немагчыма стварыць дасканалую вытворчасьць. Людзі вымушаныя будуць дапамагаць адзін аднаму. Так у свой час стваралася грамадзянская супольнасьць у Злучаных Штатах Амэрыкі — самай магутнай краіне сучаснасьці.

Беларусь не павінна ісьці шляхам захопу ўласнасьці сквапнымі выхаванцамі камуністычнай імпэрыі — так, як гэта адбылося ў Расеі. Фабрыкі і заводы павінны быць пад кантролем працоўных, з далейшай прыватызацыяй. А зямля павінна адысьці толькі фэрмэрам-аратым, а ня новым памешчыкам
.
Якраз такога прыватнага ўласьніка — самастойнага, заможнага, ініцыятыўнага, свабоднага ў сваіх дзеяньнях — цяперашняя ўлада і баіцца. Бо не без падстаў бачыць у ім для сябе небясьпеку. Калі ўся ўласнасьць будзе ў руках прыватнага гаспадара, то ў гэтага ж гаспадара апынуцца і грошы. А кім і чым тады будзе распараджацца чыноўнік? Адкуль ён будзе браць хабар? Хто яму прапануе «адкаты», калі адказныя рашэньні пачне прымаць ня ён, а прыватны гаспадар? У гэтым выпадку можа пахіснуцца ўся аўтарытарная піраміда, якую гэтулькі гадоў выбудоўваў Лукашэнка дзеля ўласнага пажыцьцёвага валадараньня. Разбураць гэту піраміду ўласнымі рукамі ён ніколі ня будзе — хіба толькі прыціснуць абставіны непераадольнай сілы...

На заканчэньне — кароткі ліст-падзяка ад Надзеі Дамашэвіч з Баранавіцкага раёна. Яна піша:
«Калі слухаю Свабоду — адчуваю, што я не адна, што ў краіне шмат сапраўдных беларусаў, якія любяць Бацькаўшчыну і гатовыя многім ахвяраваць дзеля яе свабоды і незалежнасьці. А вось на працы і ў тым доме, дзе я жыву, такіх людзей няма. Затое поўна тых, якія за кавалак каўбасы і бутэльку гарэлкі гатовы прадаць і незалежнасьць, і мову, і ўласную душу. Сумна. Адна ты, Свабода, ратуеш мяне ў гэтай цемры».

Дзякуй, спадарыня Надзея, за гэтыя цёплыя словы Вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск −5, Паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG