Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт салідарнасьці з Украінай заклікае трымацца эўрапейскага выбару


Беларускі камітэт салідарнасьці з Украінай зьвярнуўся з адкрытым зваротам да беларусаў Украіны, у якім заклікалі трымацца кірунку ў бок эўрапейскага прастору.

«Украіна вызвалілася з-пад прыгнёту трох імпэрый, выжыла, выпрацаваўшы сваю ўнікальную форму ідэнтычнасьці. Украінскія землі рыхтавалі да захопу празь Януковіча, які давёў краіну да нябачанай карупцыі, беспрацоўя і крадзяжу, але Майдан расплюшчыў вочы ўсёй украінскай нацыі. Імпэрскія ж колы Расеі працягваюць спробы захаваць свой уплыў і выступаць пастухом украінцаў, дэстабілізуючы становішча ў паўднёва-ўсходніх абласьцях Украіны, падтрымліваючы патрабаваньні фэдэралізацыі краіны і зрываючы прэзыдэнцкія выбары», — адзначаюць сябры камітэту.

Паводле звароту, Україна цяпер стаіць перад выбарам паміж Расеяй і Эўропай:

«Шляхоў толькі два: альбо назад у новае прарасейскае гета, альбо на эўрапейскі прастор, каб «людзьмi звацца».

Аўтары звароту заклікаюць беларусаў Украіны «ўсімі сіламі душы і плоці падтрымаць гераічны выбар Украіны!»:

«Народ Украіны прадэманстраваў усёй Эўропе, усяму сьвету сваё імкненьне да свабоды і дэмакратычных каштоўнасьцяў і сёньня мае патрэбу ва ўсебаковай падтрымцы і салідарнасьці».

Беларускі камітэт салідарнасьці з Украінай быў створаны ў сакавіку 2014 года. У яго ўвайшлі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, грамадзкіх ініцыятываў, беларускія абаронцы Майдана: Павал Севярынец, Аляксей Марачкін, Аляксей Янукевіч, Зьміцер Дашкевіч, Ігар Рынкевіч, Ганна Шапуцька і іншыя.
XS
SM
MD
LG