Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.



1989 год. Пачаўся масавы абвал камуністычнай сыстэмы. У бальшыні краінаў гэтак званага сацыялістычнага лягеру старое камуністычнае кіраўніцтва было адхіленае ад улады — дзе ціха і аксамітна, а дзе й гвалтоўна і крывава. Хваляваньні — этнічныя і сацыяльныя — пракаціліся і па розных рэгіёнах Савецкага Саюзу. У красавіку аддзелы тбіліскага гарнізону сапёрнымі лапаткамі разганяюць мірную дэманстрацыю. У траўні ва Ўзбэкістане адбываюцца пагромы турак-мэсхетынцаў. Летам пачынаюцца страйкі шахцёраў Кузбасу і Пячорскага басэйну. Саюз непарушны рэспублік свабодны пачынае распадацца. Першы сыгнал гучыць у Літве — тамтэйшы Вярхоўны Савет прымае дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Літвы і абвяшчае вяршэнства законаў рэспублікі над саюзнымі.

У гэтую пару сапраўдны бум перажываюць сродкі масавай інфармацыі. Савецкія грамадзяне запоем чытаюць газэты і часапісы, дзе пачынаюць друкавацца неверагодныя рэчы, глядзяць тэлевізію, дзе паказваюць жывую трансьляцыю Зьезду народных дэпутатаў у Маскве. І вядома ж — слухаюць радыё ў чыстым, не засьмечаным савецкімі глушылкамі эфіры.


***

Беларуская служба Радыё Свабода спрабуе прыстасоўвацца да новых інфармацыйных умоваў. Яшчэ ў сьнежні папярэдняга году, пасьля адмены глушэньня, адбылося абнаўленьне музычных заставак ды іншых элемэнтаў гукавога афармленьня. На пачатку праграмы сталі падаваць зьмест таго, што можна будзе пачуць на працягу гадзіны — слухаць Свабоду стала зручней і прыемней. Пра іншыя навінкі ў працы беларускай Свабоды мы яшчэ пагаворым пазьней, а зараз я вітаю ў нашай перадачы чарговага госьця, які пачаў працаваць у Мюнхэне ў 1989 годзе. Я даю слова Вячку Станкевічу, які ў 1991-1998 гадох быў дырэктарам беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Напачатку ён распавядзе, як ён прыйшоў на радыё...

Вячка Станкевіч

Вячка Станкевіч

«Пасьля амаль 30 гадоў працы інжынерам прыйшла магчымасьць выкарыстаць такую нагоду, як „раньняя пэнсія“. Гэта значыць, чалавек, які мае 55 гадоў і які працаваў дастаткова доўга ў дадзенай кампаніі, мае права выйсьці на раньнюю пэнсію і атрымоўваць зьменшаную, але ўсё-ткі пэнсію. Я палічыў гэта вартасным дзеля таго, каб заняцца нечым, што было б і больш асабіста вартасна і таксама б мела большую вартасьць для беларускай справы. Ну дык я падаў заяву на працу ў Радыё Свабода, там якраз у беларускай службе не было месца, дык мне параілі згадзіцца працаваць у аналітычным аддзеле, дзе рабілася праслухоўваньне ўжо прапушчаных праграмаў, каб удакладніць якасьць, некаторыя прынцыпы радыёвяшчаньня і г.д. Там я працаваў больш-менш паўгоду, і тады Паўлюк Урбан, гісторык, пайшоў на пэнсію ў 1989 годзе. Тады я змог перайсьці ў беларускую службу. Беларуская служба ў Мюнхэне тады складалася з толькі 6 чалавек, некаторыя там былі амаль што з самага пачатку — Юрка Сянькоўскі, які быў дырэктарам службы, ён там быў ужо больш як 30 гадоў, разам зь ім быў таксама Валодзя Цьвірка, адзін зь першых супрацоўнікаў. Паўлюк Урбан прыйшоў у той час, калі закрыўся Інстытут вывучэньня СССР, які таксама быў у Мюнхэне. Таксама прыйшла пазьней Ларыса Урбан. І, ужо зь іншых краінаў, напрыклад з Ізраілю прыйшла Ася Левіна (Ася Ігнацёнак), Васіль Фрэйдкін (Васіль Крупскі), а таксама чалавек, які ўжо доўгі час жыў у Нямеччыне, Антон Гаеўскі. Ну і ў Нью-Ёрку былі Ян Запруднік і Адам Акуліч (Арсень Загорны і Алесь Васілеўскі). Вялікі ўклад у праграму рабіў з Гішпаніі, дзе ён там тады жыў, Віктар Сянкевіч (шмат каму вядомы Язэп Барэйка)».

Вячка Станкевіч распавёў пра пачаткі сваёй працы на радыё і пра сваіх калегаў у 1989 годзе. Ён працягне ўспаміны крыху пазьней, а зараз — аўтэнтычны эфір 1989 году. Гучыць фрагмэнт першага ў гісторыі нашага радыё інтэрвію з суразмоўнікамі ў Менску. Гэтая падзея была нагэтулькі ўнікальная, што нягледзячы на надзвычай нізкую якасьць запісу, інтэрвію ўсё ж выйшла ў эфір. Адбылося гэта 15 лютага 1989 году...


***
Год 1989 у сьвеце

Палітыка

Савецкі Саюз выводзіць войска з Афганістану. — Падчас пратэстаў на пляцы Цянь Аньмынь у Пэкіне гінуць тысячы студэнтаў. — Міхаіл Гарбачоў становіцца першым і апошнім прэзыдэнтам СССР. — У Польшчы легалізуецца прафсаюз «Салідарнасьць». — Пасьля 28 гадоў існаваньня разбураны Бэрлінскі мур. — Чэскі парлямэнт скасоўвае кіраўнічую ролю камуністычнай партыі. — У Румыніі паўстанцы скідаюць камуністычны ўрад, прэзыдэнт Чаўшэску і ягоная жонка пакараныя сьмерцю. — Амэрыканскія вайсковыя аддзелы ўрываюцца ў Панаму для затрыманьня генэрала Нарыегі.

Навука i тэхналёгія

Вынайдзены мэтад перасадкі генаў чалавека. — Распрацаваны першы сэрвэр і браўзэр сусьветнага сеціва. — Распрацаваныя архіўнa-індэксавальныя сыстэмы Арчы і WAIS — першая спроба ўпарадкаваць пошук у Інтэрнэце. — Касьмічны модуль Вояджэр-2 пралятае каля Нэптуна, дасылаючы сэнсацыйную інфармацыю пра плянэту і яе спадарожнікі.

Літаратура

Іранскі лідэр Аятала Хамэйні абвяшчае сьмяротны прысуд пісьменьніку Салману Рушдзі за кнігу «Сатанінскія вершы». — Нобэлеўская прэмія прысуджаная гішпанскаму пісьменьніку Каміла Хасэ Сэла.

У 1989 годзе паміраюць пісьменьнікі Сэмюэл Бэкет, Робэрт Пэн Ўорэн, фізык Андрэй Сахараў, мастак Сальвадор Далі, кінарэжысэр Сэрджа Леонэ.

Песьня году: Kaoma / Lambada

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Вячка Станкевіч прыгадвае 1989 год на Радыё Свабода...

«Гэта быў надзвычайна цікавы час, бо якраз вялізныя зьмены пачалі адбывацца ў Савецкім Саюзе — гэта быў час перабудовы. На Беларусі гэта быў час беларускага адраджэньня, пачатак Беларускага Народнага Фронту, наагул рост дэмакратычнага руху. І такім чынам удалося наладзіць ужо кантакты з карэспандэнтамі ў Беларусі. Спачатку даволі прымітыўна, але гэта ўжо ўсё-такі былі галасы зь месца — ня толькі зь Мюнхэну, Нью-Ёрку, або Гішпаніі. Першыя былі двое карэспандэнтаў з „Знамени юности“, я ўжо не магу ўдакладніць хто з гэтых двух быў першы, здаецца, Галіна Айзэнштат. Ну, слухачам ведама, што Галіна Айзэнштат вельмі мала чаго баіцца, магчыма якраз таму яна й была першай. Тады прыйшоў Алесь Ліпай, ён тады выступаў пад псэўдонімам Ясь Валошка. А крыху пазьней прыйшла Ірына Лазоўская, якая гучала ў эфіры як Каміла Малевіч. Пазьней — Вітаўт Мартыненка з „Чырвонай зьмены“. І так адзін па адным — болей і болей карэспандэнтаў зь Менску і зь Беларусі наагул далучалася да нашай праграмы. У той час гэта была пагроза, што беларуская служба — гэта нават яшчэ да таго часу, як дайшлі карэспандэнты зь Менску — была б пад пагрозай закрыцьця, бо нібы недастаткова было людзей, якія б маглі працаваць у радыё і прыйсьці з краінаў Заходняй Эўропы і Амэрыкі. Веданьне ангельскай мовы было адной патрэбай, а таксама нейкая журналістычная падрыхтоўка, хоць шмат хто яе й ня меў, але вучыўся на месцы. Ну й такім чынам у той час прыйшлі зь Беласточчыны, але праз Амэрыку або Канаду, Кастусь Бандарук, пазьней Валя Лаеўская, пазьней з Польшчы, але ўжо з ізраільскай візай Мікола Іваноў. І так рэдакцыя ня згінула, а нават, можна сказаць, расла, бо гэтыя людзі заступалі тых, што адыходзілі на пэнсію. Пазьней адышоў Юрка Сянькоўскі, Валодзя Цьвірка, Гаеўскі — але рэдакцыя пабольшылася, нават час у эфіры крыху пабольшыўся — бопачыналася з гадзіны і паўтораў».

Наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру 1989 году паслухайце фрагмэнт камэнтара Арсеня Загорнага...


***
1989 ГОД У БЕЛАРУСІ

• Усесаюзны перапіс насельніцтва зафіксаваў у Беларусі 10 мільёнаў 200 тысячаў 200 жыхароў.
• На 2-м Вальным сойме беларускіх суполак у Вільні заснаваная Канфэдэрацыя беларускіх моладзевых суполак.
• Савет міністраў прымае пастанову аб узьвядзеньні помніка ахвярам рэпрэсіяў у Курапатах.
• На стадыёне Дынама ў Менску адбываецца мітынг «У падтрымку перабудовы».
• Створаны дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобылю».
• Першых пасажыраў прыняў міжнародны аэрапорт Менск-2.
• Устаноўчы зьезд Беларускага Народнага Фронту ў Вільні прыняў статут і праграму руху.
• Утворанае Таварыства Беларускай Мовы імя Скарыны.
• У Полацку адноўлены Спаса-Эўфрасінеўскі жаночы манастыр.
• Аднавіла дзейнасьць праваслаўная сэмінарыя ў Жыровічах.
• У Менску адбыўся марш-пратэст Чарнобыльскі Шлях.
• Створаны Беларускі экзархат Расейскай праваслаўнай царквы.

А зараз — менскі эфір 1989 году. Пра нарастаньне палітычнай барацьбы гаворыць на нарадзе ў ЦК КПБ сакратар ЦК Пячэньнікаў:


***

Нагадаю, госьць нашай сёньняшняй перадачы — Вячка Станкевіч. У 1989 годзе ён пачаў працаваць у беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Мюнхене і выступаў у эфіры пад імем Вячаслаў Ластовіч, а ў 1991-1998 гадох займаў пасаду дырэктара рэдакцыі. Вячка Станкевіч распавядае пра першае падарожжа супрацоўніка беларускай Свабоды на этнічна беларускія землі.

«Маё першае падарожжа ў той час на Ўсход — гэта была паездка праз Чэхію і Польшчу ў Беласточчыну. Якраз я тады быў першы, хто машынай ехаў зь Мюнхэну ў былыя сатэліты. На Беласточчыне гэта было спалучана з прыездам танцавальнага гуртка „Васілёк“ з Амэрыкі, там было шмат знаёмых. Ну і была такая нагода, што адбывалася Купальле, яно праходзіла якраз на чыгуначнай станцыі ў Белавежы. Усё гэта было вельмі цікава як для нас прыежджых, так і для людзей на Беласточчыне, якія ўжо раней, чымся людзі зь Беларусі, далучыліся да сусьветнага беларускага руху. Ну й гледзячы на выступленьні розных гуртоў на Купальлі, да мяне падыходзіць Валік Сельвясюк, ён мне быў знаёмы, бо ён студыяваў у ЗША некаторы час, і кліча адысьціся. Я згадзіўся, і мы пайшлі недзе далей, там былі вялікія кусты, ціха, можна было гаварыць. Там мы спаткалі двух зацікаўленых слухачоў — прадстаўнікоў беларускай грамадзкасьці як зь Беласточчыны, так і зь Беларусі — гэта якраз былі Сяргей Шупа і Ян Максімюк. Наша размова была вельмі кароткая, яны выказалі свае заўвагі і свае жаданьні наконт праграмаў Радыё Свабода, якія я выслухаў, але амаль што ня меў часу адказаць, бо яны палічылі, што, магчыма, небясьпечна задоўга там кансьпіратыўна гаварыць у кустох. І гэта было першае спатканьне з актыўнымі слухачамі Радыё Свабода».
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
XS
SM
MD
LG