Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1988 год. Працэс пераменаў у Савецкім Саюзе перайшоў у фазу, калі яго ініцыятары на чале з Гарбачовым паступова пачалі страчваць кантроль над сытуацыяй. Падзеі пачалі разьвівацца хутка і непрадказальна. У чэрвені ХІХ партканфэрэнцыя прымае рэзалюцыю «Аб галоснасьці». Поўнаю хадою ідзе працэс стварэньня ініцыятыўных групаў у падтрымку перабудовы, народных франтоў, іншых недзяржаўных і непартыйных арганізацыяў. Як толькі пачаліся працэсы дэмакратызацыі, а кантроль партыі зьнізіўся, выявіліся шматлікія схаваныя дагэтуль міжэтнічныя супярэчнасьці. Пачаўся распад СССР.
Курапаты, шэсьце, 1988

Курапаты, шэсьце, 1988

У Беларусі эфэкт выбуху бомбы мела публікацыя 3 чэрвеня ў тыднёвіку «Літаратура і мастацтва» артыкулу Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». Неўзабаве ў Курапатах зьбіраецца першы масавы мітынг з удзелам тысячаў людзей, прысьвечаны ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Высьпяваньне новых палітычных сілаў адбываецца да восені. 19 кастрычніка ў Доме Кіно ў Менску зьбіраецца ўстаноўчы сход беларускага грамадзкага гісторыка-асьветніцкага таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі», падчас якога нечакана для шмат якіх удзельнікаў сходу ствараецца арганізацыйны камітэт Беларускага Народнага Фронту. Групы падтрымкі БНФ узьнікаюць па ўсёй краіне.

30 кастрычніка адбываецца першая спроба сілаў і першае адкрытае супрацьстаяньне. Аддзелы міліцыі і ўнутраных войскаў разганяюць дубінкамі, сьлезацечнымі газамі і вадамётнай тэхнікай шматтысячны мітынг-рэквіем памяці «Дзяды» — на Маскоўскіх могілках і ў Курапатах. У Беларусі пачаўся адлік новага палітычнага часу.

***

Бурлівыя працэсы, што адбываліся ў Савецкім Саюзе, спрычыніліся да падзеі, якую бадай што можна назваць самай эпахальнай у гісторыі нашага радыё. Адбылося гэта ў ноч з 30 лістапада на 1 сьнежня 1988 году.



Гэта быў фрагмэнт выпуску навінаў расейскай службы нашага радыё раніцай пасьля спыненьня глушэньня. Ад таго часу і дагэтуль праграмы ўсіх службаў Радыё Свабода і Радыё Свабодная Эўропа больш ніколі не глушыліся. Савецкія слухачы разьвіталіся са знаёмым дзесяцігодзьдзямі гукам глушылак. Сёньня ў перадачах нашага цыклу мы чуем яго апошні раз...


Сёньня госьць нашай перадачы — дасьледнік практыкі глушэньня радыёпраграмаў у сьвеце, аўтар кнігі «Радыёцэнзура», каардынатар праекту радыёстанцыі «Радыё Балтыйскія Хвалі» Рымантас Пляйкіс.

«Я вельмі рады, што ваш цыкл перадачаў пра гісторыю радыё ўжо дайшоў да 1988 году — сапраўды гэта быў незвычайны год. Я асабіста слухаў кароткахвалёвыя радыёстанцыі з розных краінаў ад 1972 году, і маё вуха ўжо было добра прызвычаенае да нялюдзкага гуду, які суправаджаў бальшыню заходніх радыёперадачаў. Гэта было савецкае глушэньне, практычна гэта была радыёцэнзура.
Рымантас Пляйкіс

Рымантас Пляйкіс

Ну і вось я і дагэтуль цудоўна памятаю, як у 1988 годзе... мабыць гэта было ўжо 1 сьнежня... глушэньне было спыненае напярэдадні, позна ўвечары, а 12 гадзіне ночы паводле маскоўскага часу з 31 лістапада на 1 сьнежня, здаецца. І вось наступным ранкам — а я ў тым часе жыў у Вільні, у мікрараёне Шашкіні — я меў добры радыёпрыймач, прафэсійны, ён называўся «Волна-К» і быў усталяваны ў цёмным або «цешчыным пакойчыку» двухпакаёвай кватэры. Уключаю гэты прыймач, каб паслухаць ранішнія навіны, і знаходжу нечакана чыстай, цудоўнай чутнасьці сыгнал «Радыё Свабода» на расейскай мове — я найчасьцей слухаў гэтую станцыю. І сапраўды, уражаньне было вялікае, бо чутнасьць была выдатная — ніякага глушэньня. Ну, так і раней бывала, часам дзеля тэхнічных праблемаў, або дзеля ўмоваў пашырэньня радыёхваляў, часам і раней розныя станцыі былі чутныя зусім някепска. Але ў мяне ўзьнікла падозраньне — я пакруціў ручку, праверыў іншую частату, і зноў — Радыё Свабода гучыць цудоўна, чыста, яшчэ адна-другая частата — гэта было вялікае ўражаньне, і ўжо ў той самы момант ужо можна было падазраваць, што, магчыма, глушэньне было спыненае. Канчаткова спыненае глушэньне ўсіх заходніх радыёстанцыяў, якія вяшчалі на Савецкі Саюз».

***
Год 1988 у сьвеце

Палітыка

Панамскі генэрал Антоніё Нарыега асуджаны ў ЗША за кантрабанду наркотыкамі. — Савецкі Саюз падпісвае ў Жэнэве пагадненьне аб вывадзе войскаў з Афганістану. —МакДоналдз абвяшчае аб адкрыцьці першага рэстарану ў Маскве. — 41-м прэзыдэнтам Злучаных Штатаў абраны Джордж Буш-старэйшы. — Прэм’ер-міністрам Пакістану становіцца Бэназір Бгута. — Падчас землятрусу на поўначы Армэніі гіне 55 тысячаў чалавек. — Над шатляндзкім мястэчкам Локербі ў выніку тэракту выбухае самалёт, гіне 270 чалавек.

Навука i тэхналёгія

Паводле экспэртаў, колькасьць хворых на СНІД у сьвеце дасягае 5 мільёнаў чалавек. — Продаж музычных кампакт-дыскаў у ЗША ўпершыню перавышае продаж вінілавых кружэлак.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная эгіпэцкаму пісьменьніку Нагібу Махфузу.

Песьня году - Bobby MacFerrin / Don’t Worry Be Happy.

А зараз зноў зьвернемся да галоўнай тэмы сёньняшняй перадачы — спыненьня савецкага глушэньня заходніх радыёстанцыяў. Рымантас Пляйкіс расказвае пра падрабязнасьці гэтага даволі доўгага працэсу.

«Шмат гадоў я цікавіўся гэтай тэмай, яна выклікае ў мяне своеасаблівую настальгію, я напісаў некалькі артыкулаў на гэтую тэму. І вось, параўнаўча нядаўна, мне ўдалося атрымаць першы аўтэнтычны дакумэнт з Расейскага Дзяржаўнага Архіву Найноўшай Гісторыі ў Маскве. У маіх руках — як цяпер звычайна кажуць — даведка, якую напісалі былы член Палітбюро ЦК КПСС Ягор Лігачоў і тагачасны кіраўнік КГБ СССР Уладзімір Чэбрыкаў. Гэтая даведка, або гэты ліст датаваны 25 верасьня 1986 году, гэта значыць за два гады да канчатковага спыненьня глушэньня ўсіх заходніх радыёстанцыяў. І вось як гучыць гэты ліст, які цяпер рассакрэчаны, а тады быў пазначаны грыфам «Совершенно секретно». тэма ліста такая: «О Прекращении глушения передач радиостанций „Голос Америки“, Би-Би-Си, Радио Пекин и Радио Корея». Я вось чаму хацеў бы сёе-тое пацытаваць. Гэта паказвае, як цяжка і як павольна партыйнае кіраўніцтва Савецкага Саюзу дасьпявала да рашэньня зьнішчыць радыёцэнзуру.

Я шырэй працытую некалькі абзацаў гэтага ліста, якія дазволяць вам уявіць лёгіку савецкага кіраўніцтва. Вось жа цытую ліст Чэбрыкава і Лігачова Цэнтральнаму Камітэту КПСС:

«Передачи неправительственных радиостанций „Радио Свобода“, „Радио Свободная Европа“, а также радиостанций „Немецкая Волна“ и „Голос Израиля“ имеют откровенно антисоветский характер и изобилуют злобной клеветой на советскую действительность. Радиостанции же „Голос Америки“ и Би-Би-Си подают свои материалы как правило тенденциозно с антисоветских позиций, стараясь при этом придерживаться объективистского подхода к освещению событий и фактов международной жизни, политики, экономики, культуры. Пропагандистские материалы радиостанций Радио Пекин и Радио Корея недружественны по отношению к СССР, но малоубедительны, а подача их осуществляется предвзято и примитивно».

Цытую далей:

«После апрельского 1985 года Пленума ЦК КПСС и XXV съезда партии в нашей стране проделана значительная работа по расширению гласности, объективности и своевременности информирования населения средствами массовой информации о событиях в стране и за рубежом. Усилена критическая направленность материалов, публикуемых в советской периодической печати в связи с проводимой партией раб отой в экономической, политической и идеологической сферах. Все это создало принципиально новую ситуацию в области информирования населения страны и в значительной степени снижает пропагандистское воздействие иностранного вещания. В этих условиях представляется целесобразным прекратить глушение правительственных радиостанций „Голос Америки“ и Би-Би-Си, а также радиостанций Радио Пекин и Радио Корея. Высвобожденные при этом технические средства использовать для более качественного и надежного глушения радиостанций „Свобода“, „Свободная Европа“, „Немецкая Волна“ и „Голос Израиля“. Представляется также целесообразным часть технических средств использовать для расширения советского вещания на капиталистические страны. Просим рассмотреть. Подпись: Е.Лигачев, В.Чебриков».

Вось абмеркаваньне савецкіх кіраўнікоў найвышэйшага ўзроўню пра тое, як у духу ўсіх тых гэтак званых пераменаў, у духу галоснасьці і перабудовы трошкі адкруціць краны, трошкі прачыніць дзьверы свабоднай інфармацыі. Аднак я зьвярну вашую ўвагу, што ў канцы пішацца, што, ну, вызваленыя магутнасьці пасьля спыненьня глушэньня менш злосных, менш антысавецкіх станцыяў трэба перакінуць на тое, каб больш якасна глушыць «Радыё Свабода» ды іншыя станцыі».

А зараз — зноў наш архіў. Слухаем камэнтар Арсеня Загорнага з праграмы 1988 году...


***
1988ГОД У БЕЛАРУСІ

• Выйшлі ў сьвет першыя нумары часапісаў «Роднае слова» і «Крыніца». У Гомлі нарадзіўся 500-тысячны жыхар.
• У Курапатах пад Менскам адбыўся мітынг памяці ахвяраў незаконных рэпрэсіяў у СССР.
• У Мазыры пачаўся рэгулярны трамвайны рух.
• Створаны аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту Адраджэньне і таварыства памяці ахвяраў масавых рэпрэсіяў Мартыралёг Беларусі.
• На Ўсходніх могілках у Менску адбыўся несанкцыянаваны ўладамі мітынг-рэквіем Дзяды, разагнаны міліцыяй і войскамі Міністэрства Ўнутраных Справаў.

А зараз — менскі эфір 1988 году. Паэт Уладзімер Паўлаў чытае верш, прысьвечаны 70-годзьдзю Пятра Машэрава, якое адзначалася ў лютым таго году.


***

Госьць нашай сёньняшняй перадачы — Рымантас Пляйкіс, спэцыяліст у галіне гісторыі і практыкі радыёцэнзуры. Ён распавядае далей пра спыненьне глушэньня ў 1988 годзе і пра радыёцэнзуру ў сёньняшнім сьвеце.
Дзяды, 1988

Дзяды, 1988

«Вось жа, я думаю, што рашэньне спыніць глушэньне ў Савецкім Саюзе было нялёгкім, гэта быў не кароткі працэс — ён адбываўся некалькі гадоў. Я думаю, што яго асноўным ініцыятарам быў кіраўнік КПСС Міхаіл Гарбачоў, і шмат што дазваляе меркаваць, што быў немалы супраціў, як у найвышэйшым партыйным кіраўніцтве, гэтак і ав ўрадзе ды іншых інстытуцыях. Але ў рэшце рэшт тыя рашэньні былі прынятыя, і вось, у канцы лістапада 1988 году былі ўрэшце выключаныя ўсе глушылкі. Радыёглушэньне працягваецца ў міжнародным эфіры і дагэтуль. Найбольш інтэнсіўна радыёцэнзуру дагэтуль практыкуе Кітайская Народная Рэспубліка, а таксама Куба, Віетнам і Іран. Найбольш вось гэтыя чатыры краіны. У асобных выпадках фіксуецца радыёглушэньне і ў іншых краінах, аднак там маштабы глушэньня значна меншыя. Так што наперадзе тут Кітай, Куба, Віетнам і Іран. Ну і яшчэ можа тут можна было б дадаць і Паўночную Карэю, хоць там наагул забараняецца мець прыймачы — бо слухаць заходняе радыё — гэта ледзь не злачынства. Так што радыёцэнзура нікуды ня зьнікла і дагэтуль гучыць у эфіры, і тыя ўлады, што яе практыкуюць, думаюць, што маюць права ізаляваць жыхароў ад нейкай інфармацыі».

I на заканчэньне — зноў наш архіў. З эфіру 1988 году аслухайце фрагмэнт перадачы, пра беларускую культуру ў эміграцыі.
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
XS
SM
MD
LG