Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 красавіка на плошчы імя Якуба Коласа ў Менску адчыніцца праект «Мастак і горад».

Гэта будзе адна з трох частак маштабнай мастацкай акцыі, якая заклікана, паводле слоў дырэктара фонду «Идея» Дзьмітрыя Гмызы, «даць магчымасьць жыхарам гораду самаадукавацца ў галіне сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва».

Выставы пад адкрытым небам на плошчы імя клясыка беларускай літаратуры ладзяцца згаданым фондам сумесна з Менгарвыканкамам і Музэем сучаснага выяўленчага мастацтва трэці год запар. Сёлета экспазыцыю на плошчы складуць 32 працы 16 беларускіх майстроў графікі й жывапісу, сярод якіх Юры Якавенка, Ганна Сілівончык, Руслан Вашкевіч, Уладзімер Басалыга, Сяргей Рымашэўскі, Раман Сустаў, Сяргей Балянок. Як сказаў на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай адкрыцьцю выставы, намесьнік начальніка Ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму Сяргей Мядзьведзеў, галоўнай мэтай гэтай выставы зьяўляецца жаданьне вывесьці творы мастацтва з музэяў на вуліцу і паказаць іх кожнаму ахвочаму.
Юра Якавенка "Кандацьер"

Юра Якавенка "Кандацьер"



Зразумела, на гэтай выставе будуць прадстаўлены не арыгіналы твораў, а іх адмыслова аддрукаваныя копіі фармату плякату. Рабіліся гэтыя копіі з тым, каб яны максымальна адпавядалі па каляровай гаме арыгіналам. Кожны твор будзе суправаджацца подпісамі на беларускай, расейскай і ангельскай мовах. І гэта невыпадкова: арганізатары выставы, якую сёлета падтрымаў банк ВТБ, падкрэсьлілі, што яна прымеркаваная да чэмпіянату сьвету па хакеі.

Выстава «Мастак і горад» афіцыйна адчыніцца 23 красавіка і будзе працаваць да 1 жніўня. Яна будзе суправаджацца дзіцячым плэнэрам, арт-пэрформансамі менскіх street-art мастакоў, а падчас адкрыцьця сваё майстэрства ў стылі lindy-hop прадэманструе прысутным вядомая танцавальная школа «Kvartal» Юлі Шостак; таксама адбудзецца сэт ад ды-джэю Nick Kazantsev.
Сяргей Рымашэўскі “Пад сталом”

Сяргей Рымашэўскі “Пад сталом”



Экспазыцыі «Мастак і горад» будуць папярэднічаць і іншыя акцыі. Так, 21 красавіка ў будынку па праспэкце Пераможцаў 14 адчыніцца выстава «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екту», якая ў рамках адзінай экспазыцыі «Сто гадоў беларускага авангарду» пакажа творы беларускіх прадстаўнікоў авангарду, андэграўнду, нонканфармізму ад 1910-х па 1990-я гады ў жанрах жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, арт-аб’ектаў, дызайну і фатаграфіі.
Ганна Сілівончык “Мой капітан”

Ганна Сілівончык “Мой капітан”



22 красавіка у Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва а 18.00 адчыніцца выстава «Сто гадоў беларускага авангарду», складзеная на аснове дзяржаўных і прыватных калекцый. Мэта выставы — паспрабаваць выбудаваць храналёгію і прадставіць авангардныя аб’яднаньні Беларусі ХХ стагодзьдзя, інтэрпрэтаваць панятак авангарду як неад’емнай часткі беларускага мастацтва.

Паводле Белстату, кожны другі беларус наведвае музэі. Пры гэтым летась у розных музэях краіны былі 5,7 млн. чалавек, што на 44% больш, чым у 2005 годзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG