Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Харкава не адчуваюць сябе ўкраінцамі. Але яны не адчуваюць сябе і рускімі, — блогер


Зьміцер Галко
Зьміцер Галко

Беларускі журналіст газэты «Новы час» і блогер Зьміцер Галко знаходзіцца цяпер у Харкаве. Да гэтага ён наведаў шмат украінскіх гарадоў і напісаў багата артыкулаў

Карэспандэнтка Радыё Свабода Іна Студзінская пацікавілася яго ўражаньнямі ад апошніх падзеяў у Харкаве.

Карэспандэнтка: «Якая наагул зараз сытуацыя ў Харкаве?»

Галко: «Сытуацыя дагэтуль застаецца вельмі няпэўная. Тут у суботу і ў нядзелю прайшлі два мітынгі. У суботу — мітынг фанатаў і праварадыкалаў, якога ўсе вельмі баяліся. Баяліся і абывацелі, і міліцыя, і Эўрамайдан мясцовы, і міністар Арсэн Авакаў. Але гэты мітынг прайшоў абсалютна мірна, без адзінага інцыдэнту.

Наступным днём, у нядзелю Эўрамайдан — гэта „Народнае веча“ называецца, яно адбываецца традыцыйна па нядзелях. І адначасова прайшло шэсьце Антымайдану, які Эўрамайдан проста зьмяў. Іх там страшэнна зьбілі, усіх проста пагналі, хаця там былі звычайныя людзі — жанчыны, дзеці, пэнсіянэры...

У чым няпэўнасьць, уласна кажучы? Міліцыя дзейнічала вельмі дзіўна. Калі быў праўкраінскі мітынг у суботу, іх было вельмі багата, і там былі добрыя кардоны. Але ў нядзелю Антымайдану далі проста „зялёную вуліцу“ для таго, каб ён зьдзейсьніў тое, што ён зьдзейсьніў. Вось у гэтым няпэўнасьць.

Сёньня, вось літаральна толькі што, тут накрылі офіс арганізацыі „Барацьба“. Гэта адны з арганізатараў так званых сэпаратысцкіх мітынгаў. Там знойдзеныя кактэйлі Молатава, нешта яшчэ, стаяць такія вялізныя сумкі. Офіс іх зачынены, тэлефон іх не адказвае. І гэта праходзіць у межах антытэрарыстычнай апэрацыі. Таму, магчыма, улада, нарэшце, ачомалася.

Тут, у Харкаве ўлада, безумоўна, вядзе падвойную гульню. Пра гэта гавораць усе. Але гульню, мабыць, не за тое, каб трапіць у Расею ў рэшце рэшт. Тут вельмі амбітны мэр — даволі вядомы Генадзь Кернес. Ён быў князем, ён хоча заставацца князем. А ў Расеі ён князем ня будзе, натуральна. Але ён вядзе гандаль з цэнтральнай уладай. Міліцыя паводзіць сябе так, што гэта можна назваць сабатажам — напэўна, зь ягонага загаду, і ўсё гэта, каб паказаць сваю моц, і што яго нельга чапаць. Вось такое ўражаньне ў мяне склалася».

Карэспандэнтка: «Зьміцер, у якіх украінскіх гарадах Вы былі да гэтага?»

Галко: «У Харкаве я ўжо другі раз, але першы раз я быў тут нядоўга. Данецк, Днепрапятроўск, Адэса, Хэрсон, Жытомір, Наваград-Валынскі, Кіеў».

Карэспандэнтка: «А чым адрозьніваюцца жыхары Харкава ад іншых? Тут ёсьць свае адметнасьці?»

Галко:
«Хм, тут можна цэлы антрапалягічны нарыс напісаць, канечне... Але сапраўды — аднаго Паўднёвага Ўсходу няма. Гэта ілюзія. Чым адрозьніваецца Харкаў? Сапраўды, ён зрусіфікаваны так, як не зрусіфікаваны ніводзін ўкраінскі горад. Тут, карыстаючыся (наколькі я разумею) законам пра рэгіянальныя мовы, амаль усе шыльды крамаў і гэтак далей — па-расейску зробленыя. Украінскай мовы тут, у Харкаве, амаль нідзе не чуваць. А што да людзей — яны мне падаліся вельмі падобнымі да менчукоў. Яны такія павольныя, разважныя, і шмат у чым „пафігісты“ А „пафігізм“ гэты — з чаго ён вынікае? Яны проста, мабыць, не адчуваюць сябе ўкраінцамі. Я б не сказаў, што яны адчуваюць сябе рускімі. Яны адчуваюць сябе неяк... нікім. Вось так».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG