Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнку наўмысна ўвялі ў зман, — былы кіраўнік Гомеля Піліпец


Віктар Піліпец

Віктар Піліпец

15 красавіка ў Магілёўскім абласным судзе выступілі з апошнім словам абвінавачаныя па гэтак званай справе Піліпца.

Галоўнага фігуранта —былога старшыню Гомельскага гарвыканкаму Віктара Піліпца і чатырох супрацоўнікаў Упраўленьня капітальнага будаўніцтва вінавацяць у незаконным разьмеркаваньні кватэраў, што меліся быць выдзеленыя людзям, якія мелі ў іх патрэбу. Сваёй віны абвінавачаныя не прызналі. У заявах прагучала, што падчас папярэдняга сьледзтва на іх аказваўся ўціск. Некаторыя кажуць, што вымушаныя былі агаварыць сябе і сваіх калегаў.

Пра мэтады вядзеньня папярэдняга сьледзтва ў сваім апошнім слове згадаў Віктар Піліпец. Адказнасьць за маральна-псыхалягічны ўціск і нават, як было сказана, магчымае фізычнае ўзьдзеяньне на фігурантаў справы ён усклаў на «асобных чальцоў сьледчай групы». Іхныя імёны былы кіраўнік гомельскай вэртыкалі не назваў.

«Асобна хачу зьвярнуць увагу, — казаў суду Віктар Піліпец, — на жудасныя, а часам і забароненыя законам мэтады, якія выкарыстоўваліся пры расьсьледаваньні гэтай крымінальнай справы для дасягненьня тых мэтаў, якія гэтыя асобы для сябе вызначылі».

«Колькі было затрымана невінаватых людзей!», — працягваў выкрываць у судзе мэтады вядзеньня сьледзтва Віктар Піліпец:

«Дзясяткі чалавек прайшлі праз казематы. І хворыя, і дужа хворыя — толькі для
Асобна хачу зьвярнуць увагу на жудасныя, а часам і забароненыя законам мэтады, якія выкарыстоўваліся пры расьсьледаваньні гэтай крымінальнай справы для дасягненьня мэтаў
таго, каб дасягнуць таго, чаго яны хацелі дасягнуць. Акрамя таго, адхіляліся ад працы тыя сьведкі, паказаньні якіх ім не падабаліся. Арыштоўвалася маёмасьць сьведак. (На слове „сьведак“ былы чыноўнік зрабіў націск). І шмат што іншае рабілася, што ў нашым грамадзтве даўно не ўжывалася».

Віктар Піліпец заявіў, што кіраўніцтва краіны і Аляксандра Лукашэнку наўмысна ўвялі ў зман, утаіўшы сапраўдныя абставіны справы з продажам кватэраў. Паводле яго, кватэры прадаваліся без парушэньня закону. Сабе і сваёй дачцэ былы чыноўнік прыдбаў жылплошчу, бо, як сьцьвярджае, меў патрэбу ў паляпшэньні ўмоваў жыцьця. Усе абвінавачваньні, на думку Піліпца, надуманыя і грунтуюцца на здагадках і меркаваньнях. Доказаў віны няма. Тых хто ініцыяваў, як выказаўся Піліпец, прававое свавольства, чакае расплата:

«Я лічу, што гэта ў вышэйшай ступені прававое свавольства з боку асобных чальцоў сьледчай групы. Я ўпэўнены: за гэта таксама давядзецца адказваць тым, хто гэтае беззаконьне чыніў. Гэта не пагроза — гэта, відаць, крык душы. І, паверце, празь пяць ці дзесяць гадоў да гэтай справы нехта вернецца», —даводзіў суду Віктар Піліпец, знаходзячыся на закратаванай лаве падсудных.

Абвінавачаныя па справе супрацоўнікі Ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Ігар Адарчанка, Валеры Барысевіч ды Антаніна Зелянок, якія падчас працэсу знаходзіліся ў судовай залі, таксама заяўлялі ў сваім апошнім слове пра невінаватасьць. Адсутнасьць віны даводзілі спасылкамі на службовыя інструкцыі, міністэрскія распараджэньні ды загады. Яны не пагадзіліся з абвінавачваньнямі, што мелі маёмасную карысьць ад разьмеркаваньня незапатрабаваных у выніку скасаваньня льготнага крэдытаваньня кватэраў.

Яшчэ адна фігурантка справы Ала Нізкоўская, як і Піліпец, утрымлівалася на закратаванай лаве падсудных. Яна таксама, які і былы кіраўнік Гомеля, заявіла пра неаб’ектыўнае папярэдняе сьледзтва. Нізкоўская паведаміла, што спрабавала высьветліць некаторыя абставіны па справе, але яе зьвінавацілі ў тым, што яна перашкаджае сьледзтву. У зьняволеньні яна прабыла 22 месяцы, шэсьць зь якіх, паводле яе, утрымлівалася бяз допыту і ў самоце. «Я была ў Рэспубліцы Беларусь адзінай жанчынай з рэпутацыяй «такой крутой карупцыянэркі», — з гумарам заявіла Ала Нізкоўская. Яна адзначыла:

«Сьледзтва наўмысна адхіліла мяне ад разьбіральніцтва па справе. Стварыла няроўныя ўмовы ў параўнаньні зь іншымі абвінавачанымі. Для пагаршэньня маёй сытуацыі маю дачку адхілілі ад працы на дзесяць месяцаў. Яна — вядучы эканаміст упраўленьня. Яе адну адхілілі. Нават абвінавачаных не адхілялі», — даводзіла суду Ала Нізкоўская.

Абвінавачаная згадала, што адзін зь фігурантаў справы Барысевіч адмовіўся, даючы паказаньні ў судзе, ад свайго «чыстасардэчнага прызнаньня», дадзенага падчас папярэдняга сьледзтва. Паводле Нізкоўскай і іншых фігурантаў справы, сродкі масавай інфармацыі стварылі ў грамадзтве з абвінавачаных вобраз карупцыянэраў, якія, змовіўшыся, падрывалі аўтарытэт дзяржаўнай улады.

Крымінальную справу супраць старшыні гарвыканкаму Віктара Піліпца і чатырох супрацоўнікаў Гомельскага ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва распачалі пасьля выкрыцьця, як заяўляецца ў абвінавачваньні, злачыннага мэханізму разьмеркаваньня кватэраў у шматпавярховых дамах. Паводле сьледзтва, абвінавачаныя, пазьбягаючы нарматыўных перашкодаў, разьмяркоўвалі кватэры між сваякамі і знаёмымі па заніжаных цэнах, а таксама афармлялі ўгоды па набыцьці кватэраў на падстаўных асобаў. Кватэры прадаваліся падчас фінансавага крызісу 2011 году.

У матэрыялах справы згадваюцца каля трох дзясяткаў кватэраў, якія Ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва прадало праз заключэньне дамоваў на долевае будаўніцтва. У той час спынілі льготнае крэдытаваньне, і, як сьцьвярджалі службоўцы, кватэры засталіся незапатрабаванымі. Каб прыцягнуць дадатковыя інвэстыцыі, было вырашана іх прадаваць.

Дзяржаўнае абвінавачваньне просіць суд пакараць фігурантаў справы на розныя тэрміны пазбаўленьня волі — ад трох да пяці гадоў турмы. Таксама канфіскаваць маёмасьць і пазбавіць права займаць кіроўныя пасады на працягу пяці гадоў. Віктару Піліпцу пагражае да пяці гадоў турмы ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 22 красавіка судзьдзя Сяргей Конеў вынесе вырак па справе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG