Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агітацыя-1994: Пазьняк у нацыянальным гальштуку і чырванатвары Лукашэнка


20 год таму, неўзабаве пасьля прыняцьця сакавіцкай Канстытуцыі 1994 году, якая ўводзіла пасаду прэзыдэнта, у Беларусі разгарнулася агітацыйная кампанія прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду ў дзяржаве.

Празь якія вобразы два дзясяткі гадоў таму кандыдаты ўзьдзейнічалі на публіку?

Культуроляг Ягор Сурскі дэманструе агітацыйныя матэрыялы з калекцыі Беларускага саюзу дызайнэраў, якія наўпрост тычацца першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. З каляровага плякату са слоганам «З народам!» пазірае на выбарцаў чырванатвары, з зачосам, у танным касьцюмчыку Аляксандар Лукашэнка — экспрэсіўны дэпутат Вярхоўнага Савету, у нядаўнім мінулым — дырэктар саўгасу на Магілёўшчыне.
Зянон Пазьняк перадвыбарчы плякат 1994. З калекцыі Беларускага саюза дызайнераў

Зянон Пазьняк перадвыбарчы плякат 1994. З калекцыі Беларускага саюза дызайнераў



Поўная супрацьлегласьць яму — лідэр Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк. Інтэлігентны, вытрыманы; на тле дзяржаўнага бел-чырвона-белага сьцягу, у плеценым нацыянальным гальштуку, пад лёзунгам справядлівасьці, незалежнасьці і эўраінтэграцыі. Як заўважае спадар Сурскі, менавіта БНФ намагаўся найбольш шырока ахапіць усе пласты беларускага грамадзтва, прапануючы разнастайную ў паліграфічным выкананьні гаму прадукцыі:

«Канечне, на тыя часы было беспрэцэдэнтна, калі ствараўся адмысловы агітацыйны перадвыбарчы матэрыял, калі яшчэ так шырока не выкарыстоўваліся ні плякаты, ні паліттэхналёгіі. То бок, нягледзячы на тое, што піяр, крэатыў практычна ня быў задзейнічаны ў падобных кампаніях, тым ня меней, гэты матэрыял ужо сапраўды гістарычны. Гэта сапраўдныя артэфакты, якія адлюстроўваюць, як людзі ў той час падыходзілі да фактычна першай і апошняй дэмакратычнай прэзыдэнцкай кампаніі. Узяць, да прыкладу, плякат „Беларускі Народны Фронт — гэта вяртаньне ў Эўропу“. На ім выкарыстаны фатаздымак пэўнага эўрапейскага гораду з акрэсьленым гатычным стылем. Зноў жа, напісаньне „Эўропа“ — тое, што пазьней стала ярлыком, прапагандысцкім клішэ зь менавіта такім вось вымаўленьнем — „Эўропа“ — і ўжо выкарыстоўвалася новымі ўладамі супраць самога Фронту. Але сапраўды, на гэты плякат цяпер глядзіш — і разумееш, што гэта практычна першы такога кшталту матэрыял, цікавы нават з гледзішча сёньняшняга дня».
Аляксандар Лукашэнка. Перадвыбарчы плякат 1994 год. З калекцыі Беларускага саюза дызайнераў

Аляксандар Лукашэнка. Перадвыбарчы плякат 1994 год. З калекцыі Беларускага саюза дызайнераў



І калі Лукашэнка ў перадвыбарчых матэрыялах націскаў на барацьбу зь існымі і ўяўнымі карупцыянэрамі, то Пазьняк рабіў стаўку на жаданьне прывесьці краіну да эўрапейскай цывілізацыі. Іншая справа, як кажа Ягор Сурскі, ці сасьпелі нават праз 20 гадоў да такога выбару самі беларусы?

«Паколькі сам лідэр БНФ Зянон Пазьняк паходзіў з колаў культурніцкіх, натуральна, у яго ў гэтым сэнсе рэсурсы былі значна большыя. Бо відаць, наколькі якасна, па-мастацку зробленыя і плякаты, і фатаздымак кандыдата ў прэзыдэнты. Хоць гэта і адрозьніваецца ад клясычнага перадвыбарчага плякату, таму што тут чалавек адпаведным чынам апрануты, і нацыянальная сымболіка прысутнічае ня толькі фонам, але і ў вопратцы. Зноў жа, цікава, на каго былі разьлічаныя гэтыя матэрыялы. На які кантынгент ці электарат гэтыя плякаты арыентаваліся, як на тыя часы гэта мог успрыняць шараговы беларус. Нават цікава, наколькі калегіяльна ў той час прымаліся такія рашэньні ў БНФ — што выкарыстоўваць у якасьці агітацыйнага матэрыялу? Зразумела, чаму „Эўропа“, але зразумела збольшага для тых, хто ведае гістарычную абумоўленасьць і тарашкевіцы, і беларускага правапісу. Але агітацыйны, перадвыбарчы плякат усё ж разьлічаны на шырокую колькасьць людзей, на электарат, і не зразумела, на колькі гэта было блізка, дасяжна простым людзям, якія гэты плякат маглі пабачыць на вуліцы».

Зусім у іншым ключы выкананы постэр Аляксандра Лукашэнкі. Калі выява Зянона Пазьняка была надрукаваная на паперы, якую сёньня можна ўжываць хіба што для абгортваньня, то каманда змагара з карупцыяй арганізавала яму прэстыжны «крэйдаваны» варыянт. Праўда, у чэрвені 1994-га значная частка агітацыйных матэрыялаў (65 тысяч каляровых плякатаў і 250 тысяч буклетаў) была затрыманая мытняй па дарозе зь Літвы, паколькі высьветлілася, што Лукашэнка ў разы перавысіў выдаткі на прэзыдэнцкую кампанію. Да таго ж, суправаджальныя дакумэнты сьведчылі, што прадукцыя надрукаваная ў Нямеччыне за валюту, што забаранялася заканадаўствам. Скандальны плякат і яго героя ацэньвае Ягор Сурскі:
Ягор Сурскі

Ягор Сурскі

«Калі параўноўваць партрэт Лукашэнкі з плякатам асноўнага палітычнага апанэнта ў тых прэзыдэнцкіх выбарах, можна заўважыць, што гэты плякат, у адрозьненьне ад пазьнякоўскага, выкананы як бы „на хуткую руку“. Відаць, што не было магчымасьці нават загрыміравацца; відавочна, што і фаташопу тады не было, — напэўна, проста не выкарыстоўваліся яшчэ такога кшталту тэхналёгіі. Але калі разглядаць у адпаведнасьці з такім папулісцкім лёзунгам — „З народам!“, дык сам па сабе плякат нібыта і адпавядае герою. Можа сапраўды падацца, што гэты чалавек блізкі да народа, ён — з народам. А як параўноўваць тэхнічна, то лукашэнкаўскі плякат выкананы на значна лепшай паперы: ён хоць і меншага фармату, але папера тут выкарыстаная больш якасная».

Карэспандэнт: «Затое адчуваецца, што прынамсі цяпер на Лукашэнку працуе цэлая каманда іміджмэйкераў, стылістаў, — наўрад ці ён цяпер зьявіўся б на публіцы ў такім гальштуку, кашулі, нават з такой „народнай“ усьмешкай».

«Сапраўды, гледзячы на выяву і параўноўваючы тагачасны імідж палітыка на гэтым фотаздымку і тое, што ёсьць сёньня, дык розьніца відавочная. Пэўна, што прэзыдэнту дасяжныя зусім іншыя рэсурсы, чым проста кандыдату на вышэйшую пасаду. Але мне падаецца нават лягічным, што той шлях улады і яе рэпрэзэнтацыі для маладой на той час рэспублікі быў цалкам натуральным. І на ўсіх іншых узроўнях лідэры, чыноўнікі, прадстаўнікі Беларусі выглядалі ня значна лепш. Вельмі часта згадваюць тое ж паліто, у якім Шушкевіч сустракаў Клінтана. І іншыя атрыбуты таксама. Гэта быў такі час, што сапраўды палітыкі павінны былі набрацца досьведу, каб адпавядаць статусу новай, незалежнай краіны, краіны ў цэнтры Эўропы».
БНФ перадвыбарчы плякат 1994. З калекцыі Беларускага саюза дызайнераў

БНФ перадвыбарчы плякат 1994. З калекцыі Беларускага саюза дызайнераў



Адметнай рысай тагачаснай паліграфіі можна назваць адсутнасьць выходных дадзеных, ня толькі што да адраснага паходжаньня прадукцыі, але і аўтарства саміх твораў. У якасьці нагляднага прыкладу спадар Сурскі прыводзіць тэматычныя плякаты Беларускага Народнага Фронту:

«Напрыклад, выява горада. Напэўна, гэта цяжка суаднесьці зь Беларусьсю ці знайсьці тут нейкі адпаведнік, хоць стылістычныя адпаведнікі готыкі, канечне, ёсьць у беларускай архітэктуры, і іх даволі багата. Але вось на тыя часы, мне падаецца, гэта не зусім адназначна магло ўспрымацца людзьмі, якія пайшлі на выбары. Тое ж самае тычыцца і плякату „Беларускі Народны Фронт — гэта МІР“. Безумоўна, плякат выкананы на даволі высокім мастацкім узроўні: з аднаго боку — выява мірнага жыцьця, гэткая ідылія, вясёлка ў небе, а з другога боку — рыцарскі рыштунак, гатовасьць абараняць гэтую ідылію. Пры гэтым мяне зацікавіла, што на гэтых плякатах няма ініцыялаў мастакоў: хто гэта ствараў, да чыйго аўтарства яны належаць, хоць вядома, што ў БНФ былі даволі моцныя на той час сілы мастакоў, мастакоў нацыянальна арыентаваных. Тым ня меней, неяк цяжка аўтарства высьветліць дагэтуль, а хацелася б, каб людзі такіх творцаў ведалі».

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году шляхі Лукашэнкі і Пазьняка кардынальна разышліся — занадта мала было паміж імі агульнага. Сёлета Лукашэнка адзначыць адразу два юбілеі — 60 гадоў з дня нараджэньня, 20 зь якіх былі праведзеныя на прэзыдэнцкай пасадзе. Хуткае 70-годзьдзе Пазьняка дае падставу нагадаць пра 18 апошніх гадоў, пражытых на чужыне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG