Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне журналісты робяцца мішэнямі


Ва Ўкраіне ў 2013 годзе зафіксавана больш як 200 фактаў гвалту над журналістамі. Пра гэта паведаміла прадстаўнік АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч падчас сэмінару ў Кіеве па пытаньнях бясьпекі журналістаў.

«Гэтыя падзеі ва Ўкраіне, якія пачаліся ў мінулым годзе і працягваюцца дагэтуль, — гэта, па сутнасьці, дэманстрацыя таго, у якіх умовах могуць працаваць журналісты і якая цяжкая ў іх праца, і якая важная гэтая праца для грамадзтва», — цытуе прадстаўніцу АБСЭ агенцтва УНІАН.

«Неабходна сказаць, што ў мінулым годзе адбылося больш за 200 выпадкаў гвалту супраць журналістаў, двое з вашых калегаў загінулі і вельмі многія былі параненыя. Падатковая інспэкцыя ўрываецца ў журналісцкія офісы, забіраюць камэры, кампутары, праводзяцца рэйды людзьмі, якія называюць сябе пратэстоўцамі, і гэта адбываецца штодня. Я атрымліваю інфармацыю пра тое, што на журналістаў нападаюць, асабліва ва ўсходняй частцы Ўкраіны», — заявіла прадстаўнік АБСЭ.

Таксама яна дадала, што наведала Харкаў і выявіла факты гвалту міліцыі супраць журналістаў.

«Учора вечарам вярнулася з Харкава, дзе міліцыя альбо ігнаруе журналістаў, альбо наадварот, нападае на іх, іх запалохваюць, яны робяцца мішэнямі, незалежна ад таго, маюць яны зьнешнія прыкметы — надпісы „прэса“ або „журналіст“ — ці не. Пасьля сэмінара па пытаньнях бясьпекі журналістаў я паеду ў Адэсу, і там таксама буду сустракацца з калегамі», — сказала Міятавіч.
XS
SM
MD
LG