Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы прэм’ераў Мытнага зьвязу: барацьба за нафтавае мыта


Міхаіл Мясьніковіч і Дзьмітрый Мядзьведзеў
Міхаіл Мясьніковіч і Дзьмітрый Мядзьведзеў

Кіраўнікі ўрадаў Беларусі, Казахстана і Расеі сустрэнуцца 15 красавіка ў Маскве для падрыхтоўкі дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе.

Бакі разгледзяць палажэньні праекту, якія застаюцца спрэчнымі. Пераважна яны закранаюць сфэру выключэньняў і абмежаваньняў на шляху свабоднага перамяшчэньня тавараў, паслуг, капіталаў і працоўнай сілы, перадае РИА «Новости».

Беларускі бок намагаецца ўнесьці ў праект дамовы норму аб ліквідацыі выключэньняў у пытаньнях гандлю нафтай і нафтапрадуктамі. Паводле беларускага кіраўніцтва, практыка пералічэньня Беларусьсю ў расейскі бюджэт вывазных мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты павінна быць адменена, паведамляе БелаПАН.

Заплянаваныя двухбаковыя перамовы Дзьмітрыя Мядзьведзева і Міхаіла Мясьніковіча.

Зьмест перамоваў прэм’ераў мытнага зьвязу мы папрасілі пракамэнтаваць эканамічнага аглядальніка газэты «Беларусы і рынак» Тацяну Манёнак:

«Супярэчнасьцяў вельмі шмат, — кажа Тацяна. — Прынцыповая пазыцыя беларускага боку — без усялякіх выключэньняў зь бязмытнага рэжыму пабудаваць Эўразійскі эканамічны зьвяз. Пакуль што гэтых выключэньняў даволі шмат, і самая вялікая небясьпека — што „тройка“ пачынае будаваць гэты зьвяз, не дабудаваўшы паўнацэннага мытнага зьвязу і сапраўднай адзінай эканамічнай прасторы. Летась выключэньняў з гэтых правілаў адзінай эканамічнай прасторы было каля 600. Расейскія чыноўнікі ўжо заяўлялі, што некаторыя з гэтых выключэньняў застануцца назаўжды.
Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак
Для Беларусі самае галоўнае — гэта мыта на нафтапрадукты. Кошт пытаньня для краіны — 3-4 мільярды даляраў у год. Менск спадзяваўся, што гэтае мыта будзе скасаванае яшчэ напрыканцы 2013 году. Гэтага не адбылося. Цяпер спадзяваньне на тое, што іх скасуюць ад пачатку 2015 году. РФ сёньня субсыдуе беларускую эканоміку празь бязмытную пастаўку нафты, аб’ем гэтай субсыдыі — каля 5-8% беларускага ВУП. Гэта даволі істотна для расейскага бюджэту, асабліва сёньня, на фоне крызісу з Украінай. Будзе складана дамагчыся ад Расеі дадатковых саступак.

Наўрад ці прэм’еры вырашаць гэтае пытаньне. Хутчэй за ўсё, гэтае пытаньне будзе перанесенае на ўзровень прэзыдэнтаў, якія сустрэнуцца ў Менску 29 красавіка.

Расейскі бок прапаноўвае ў якасьці кампэнсацыі для РФ саступак у гэтым пытаньні набыцьцё беларускіх вытворчых актываў. Размова ідзе перш за ўсё пра прыватызацыю Мазырскага НПЗ. Умовы абвешчаныя, нядаўна яны былі падкарэктаваныя. Калі раней беларуская дзяржава была гатовая прадаць увесь пакет сваіх акцыяў НПЗ, зараз абвешчана, што блякуючы пакет застаецца ва ўласнасьці Беларусі.

Калі Расея не пагодзіцца на тое, каб мыта ад нафтапрадуктаў пералічвалася ў беларускі, а не ў расейскі бюджэт, то вельмі імаверна, што Беларусь не падпіша дамову аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу, што плянуецца ў канцы траўня.»

Дамова пра стварэньне Эўразійскага эканамічнага саюзу павінна набыць моц на прасторы Мытнага саюзу 1 студзеня 2015 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG