Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баевікі на Ўсходзе дзейнічаюць супраць народа Ўкраіны — пасол ЗША


Джэфры Пайэт (Jeffrey Payette)

Джэфры Пайэт (Jeffrey Payette)

Пра гэта амбасадар ЗША ва Ўкраіне Джэфры Пайэт заявіў у інтэрвію «Голасу Амэрыкі».

«Тыя, хто дзейнічае па-за прававым полем, у тым ліку баевікі і сэпаратысты, якія захапілі каля 8-10 адміністратыўных будынкаў ва ўсходняй Украіне, зьяўляюцца тымі, хто займае пазыцыю канкрэтнага боку і супрацьстаіць волі ўкраінскага народа», — заявіў амбасадар ЗША.

«Для мяне гэта выглядае, як тэрарызм, калі мы бачым паведамленьне аб тым, што будынак СБУ ў Луганску замінаваны. У нас няма вялікай колькасьці падрабязнасьцяў, але нават на падставе інфармацыі ў сацыяльных сетках, ад назіральнікаў АБСЭ — няма сумневу, што ў некалькіх гарадах усходняй Украіны гаворка ідзе пра ўзброеных да зубоў людзей, якія выкарыстоўваюць ваенную тактыку для захопу адміністратыўных будынкаў».

Амбасадар ЗША адзначыў, што ЗША ня вераць у вырашэньне крызісу з дапамогай ваенных інструмэнтаў.

«Ён павінен быць вырашаны шляхам дыпляматыі», — адзначыў амбасадар.

«Расея справакавала гэты крызіс уварваньнем ў Крым і цяпер — эскаляцыяй напружанасьці ва ўсходніх рэгіёнах Украіны. І менавіта Расея павінна прыняць рашэньне аб дээскаляцыі канфлікту».

Камэнтуючы санкцыі з боку ЭЗ і ЗША супраць Расеі, Джэфры Пайэт адзначыў, што казаць пра іх уплыў рана.

«Яны былі распрацаваныя ў шчыльным супрацоўніцтве з нашымі эўрапейскімі партнэрамі, і іх наступствы рэальныя. Цана, якую заплацілі асобы, якія нясуць адказнасьць за парушэньне сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, прадстаўнікі ўраду Януковіча, адказныя за самыя абуральныя парушэньні правоў грамадзянаў, адказныя за ўварваньне ў Крым і цяпер ва ўсходнюю Ўкраіну з дапамогай гэтай асымэтрычнай тактыкі... Расея страціла за апошнія месяцы мільярды даляраў.

Калі глядзець на эфэкт, на біржавыя рынкі Расеі — зразумела, што рынкам не падабаюцца крокі, якія робіць Расея. Мы спадзяемся, што гэтыя санкцыі будуць адмененыя, калі Расея зробіць выбар у бок стабілізацыі адносінаў з Украінай, дасьць задні ход у сваёй незаконнай акупацыі Крыму і будзе будаваць свае адносіны з Украінай і іншымі суседзямі на больш здаровай аснове», — адзначыў амбасадар ЗША ва Ўкраіне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG