Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абодва кандыдаты ў прэзыдэнты Ўкраіны выступалі 14 красавіка ў эфіры тэлеканала ICTV. Яны вядомыя сваімі прарасейскімі пазыцыямі.

Кандыдата ў прэзыдэнты, рэгіянала Алега Царова зьбілі пасьля прамога эфіру на тэлеканале ICTV, і цяпер ён у цяжкім стане, як паведаміла яго прэс-служба.

Ля будынку тэлеканала сабраліся прадстаўнікі Аўтамайдану і вэтэраны Аўганістану, якія не пускалі ў студыю Добкіна і чакалі выхаду Царова, перадае УНІАН.

Каля 2:30 Цароў выйшаў да людзей, якія стварылі так званы калідор ганьбы, крычалі яму наўздагон «Ганьба» і спрабавалі закідаць яйкамі.

Царову ўдалося прабрацца да хуткай дапамогі. Калі машына трохі праехала, яе спынілі, некаторыя мітынгоўцы спрабавалі разьбіць шыбы ў аўтамабіля.

У 02:48 актывісты дамовіліся зь міліцыяй, што Царова перасадзяць з «хуткай» у аўтазак і даставяць у СБУ. Акрамя таго, мітынгоўцы напішуць калектыўную заяву, каб палітыка прыцягнулі да адказнасьці за замах на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

У 02:53 Царова вывезьлі ў белым мікрааўтобусе ў невядомым кірунку, не дачакаўшыся аўтазаку, паведамляе УНІАН.

Царова пасьля падзей ля будынка тэлеканала ICTV адвезьлі ў Генпракуратуру для падачы афіцыйнай заявы па падзеях. Распрануты да пояса палітык выйшаў да прэсы і паведаміў, што ад рук агрэсіўна настроеных актывістаў яго выратаваў «Правы сэктар».

Актывісты знайшлі ў салёне аўтамабіля, які чакаў Царова каля будынку тэлеканалу, халодную і агнястрэльную зброю, ваенную ўніформу. Ахоўнік Царова адмовіўся паказваць пасьведчаньне супрацоўніка ахоўнай фірмы і заявіў, што яны ня мелі плянаў выкарыстоўваць зброю ў нядобрых мэтах.

Актывісты прабілі шыны ў аўтамабілі і выклікалі супрацоўнікаў МУС.

Раней каля будынку тэлеканала ICTV яшчэ аднаго кандыдата- рэгіянала Міхаіла Добкіна актывісты аблілі зялёнкай і абсыпалі мукой.

Добкін зьбег ад іх бяз гальштука, паведамляе «Громадське ТВ».

Добкін па тэлефоне ў эфіры ICTV сказаў, што мітынгоўцы прабілі колы яго машыны, а некалькі яго памочнікаў «атрымалі фізычныя траўмы».

У мінулым годзе ў Харкаве, на вотчыне Добкіна, невядомыя аблілі зялёнкай некалькіх апазыцыйных палітыкаў, сярод якіх Яцанюк, Луцэнка, Уласенка і іншыя.

Добкін таксама заяўляў, што палітыкі абліваюцца зялёнкай для павышэньня свайго рэйтынгу. «Цяпер абліваньне зялёнкай зьяўляецца спосабам павышэньня ўласнага рэйтынгу», — заявіў ён у верасьні 2012 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG