Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама заклікаў Пуціна спыніць прарасейскіх баевікоў ва Ўкраіне


Барак Абама, архіўнае фота

Барак Абама, архіўнае фота

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным у панядзелак, якая адбылася на просьбу Масквы, выказаў глыбокую занепакоенасьць падтрымкай з боку расейскіх уладаў дзеяньняў узброеных прарасейскіх сэпаратыстаў, якія пагражаюць падарваць і дэстабілізаваць уладу Ўкраіны, паведаміў Белы дом.

Абама заклікаў Пуціна выкарыстаць яго ўплыў на гэтыя ўзброеныя прарасейскія групоўкі і пераканаць іх вызваліць захопленыя імі будынкі.

Сярод іншага, амэрыканскі кіраўнік зьвярнуў увагу, што, насуперак рыторыцы расейскіх чыноўнікаў, улада Ўкраіны паводзіць сябе надзвычай стрымана, і высока ацаніў намаганьні ўкраінскага ўраду захаваць адзінства краіны, правесьці свабодныя і сумленныя прэзыдэнцкія выбары 25 траўня, а таксама зрабіць канкрэтныя крокі ў бок дэцэнтралізацыі ўлады.

Пры гэтым Абама таксама канстатаваў, што палітычная і эканамічная ізаляцыя Расеі будзе павялічацца з прычыны яе дзеяньняў ва Ўкраіне. Кіраўнік ЗША даў выразна зразумець, што цана, якую Расея ўжо заплаціла за свае ранейшыя дзеяньні супраць Украіны, узрасьце, калі гэтыя дзеяньні будуць працягвацца.

Амэрыканскі прэзыдэнт асабліва зьвярнуў увагу на тое, што, хоць ён усё яшчэ лічыць магчымым дыпляматычнае рашэньне канфлікту, заплянаваная сустрэча кантактнай групы ў Жэнэве ня можа дасягнуць посьпеху ва ўмовах, калі Расея працягвае запалохваньне ваеннай сілай на ўкраінскіх межах, узброеныя правакацыі ўнутры Ўкраіны і рыторыку эскаляцыі з боку расейскіх чыноўнікаў.

Тым часам цалкам адрозную вэрсію гэтай жа размовы апублікавалі ў Расеі. Паводле паведамленьня Крамля, гэта Пуцін заклікаў Абаму паўплываць на ўлады Ўкраіны, каб «не дапусьціць выкарыстаньня сілы і кровапраліцьця». Таксама ён заяўляў, што «пратэстныя выступы» ў шэрагу гарадоў усходу Ўкраіны — гэта «вынік нежаданьня і няздольнасьці кіраўніцтва ў Кіеве ўлічваць інтарэсы расейскага і расейскамоўнага насельніцтва». Расейскі прэзыдэнт таксама зноў сьцьвярджаў пра неабходнасьць «фэдэратыўнага дзяржуладкаваньня» Ўкраіны і яе «пазаблёкавага статусу», паведамілі ў Маскве. Пуцін таксама запярэчыў выказваньням пра заклапочанасьць з боку амэрыканскага кіраўніка з нагоды расейскага ўмяшаньня на паўднёвым усходзе Ўкраіны і запэўніў, што гэтыя «спэкуляцыі» грунтуюцца на «недакладнай інфармацыі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG