Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: на ўсходзе пачалася «антытэрарыстычная апэрацыя»


Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандар Турчынаў падпісаў указ аб пачатку спэцапэрацыі на ўсходзе краіны.

Указ называецца «Аб неадкладных мерах для пераадоленьня тэрарыстычнай пагрозы і захаваньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны». Кантроль за выкананьнем гэтага рашэньня ўскладзены на сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны краіны Андрэя Парубія. Турчынаў узначаліў штаб спэцапэрацыі, камандаваньне апэрацыяй даручана першаму намесьніку кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны Васілю Крутаву. Напярэдадні Турчынаў заявіў, што ў правядзеньні антытэрарыстычнай апэрацыі будуць удзельнічаць узброеныя сілы Ўкраіны.

Да вечара панядзелка агенцтва УНІАН разьмясьціла на сваім сайце запіс перамоваў паміж камандзірамі ўзброеных груп, адзін зь якіх, у прыватнасьці, дакладвае аб зьнішчэньні некалькіх аўтамабіляў, у якіх знаходзіліся высокапастаўленыя вайскоўцы. У размове паведамляецца аб раненьні камандзіра ўкраінскага антытэрарыстычнага падразьдзяленьня, аднак афіцыйнага пацьверджаньня або абвяржэньня гэтай інфармацыі не было. Расійскі бок неўзабаве абверг дакладнасьць запісу радыёперахопу.

Ва ўсходніх абласьцях Украіны ў панядзелак працягнуліся прарасейскія маніфэстацыі. У Данецкай вобласьці хваляваньнямі ахопленыя гарады Краматорск, Славянск, Марыюпаль і Горлаўка. Некалькі дзён раней выступы прыхільнікаў фэдэралізацыі або аддзяленьня ад Украіны пачаліся ў Данецку, Луганску і Харкаве. Захопленая сэпаратыстамі Макееўская гарадзкая рада ў панядзелак прыняла рашэньне аб рэфэрэндуме наконт адміністрацыйна-тэрытарыяльнага статусу гораду.

У Харкаве па факце нападу актывістаў Антымайдану на ўдзельнікаў мітынгу Эўрамайдану міліцыя пачала крымінальнае дасьледаваньне.

Мітрапаліт Данецкі і Марыупальскі Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату Іларыён (Шукала) і архіяпіскап Горлаўскі і Славянскі Мітрафан (Нікіцін) зьвярнуліся да жыхароў рэгіёну з заклікам да спакою і разважлівасьці, уменьня знайсьці кампраміс у дні грамадзкага супрацьстаяньня ў рэгіёне.
XS
SM
MD
LG