Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турчынаў кліча міратворцаў ААН


Пан Гі Мун і Аляксандар Турчынаў

Пан Гі Мун і Аляксандар Турчынаў

Украіна ня будзе супраць таго, каб правесьці супольную антытэрарыстычную апэрацыю з міратворчымі сіламі ААН на Ўсходзе дзяржавы.

Як паведамілі Еспресо.TV у прэсавай службе Вярхоўнай Рады, пра гэта падчас тэлефоннай размовы з генэральным сакратаром ААН Пан Гі Мунам заявіў выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандар Турчынаў.

Па словах Турчынава, сытуацыя на Ўсходзе Ўкраіны, акрамя Данецкай і Луганскай абласьцей, цалкам паўтарае сцэнар, які разыгрываўся Масквой у Крыме:

«Расейская Фэдэрацыя дасылае на ўсход нашай краіны спэцыяльныя падразьдзяленьні, якія захопліваюць са зброяй адміністратыўныя будынкі ды сваімі захадамі ставяць пад пагрозы жыцьці сотняў тысяч нашых грамадзянаў».

Турчынаў таксама паведаміў, што зараз распачалася вялікамаштабная антытэрарыстычная апэрацыя, каб абараніць цывільнае насельніцтва:

«Украінскія грамадзяне просяць уладу абараніць іх ад тэрарызму ды ўзброеных злачынцаў. Мы ня можам пакінуць нашых грамадзянаў сам-насам з узброенымі тэрарыстамі, якія пагражаюць іх жыцьцю і здароўю ды намагаюцца разарваць краіну на шматкі», — сказаў ён.

Аляксандар Турчынаў запрапанаваў Пан Гі Муну правесьці сумесную антытэрарыстычную апэрацыю з міратворчымі сіламі ААН. У сваю чаргу, Пан Гі Мун заўважыў, што ўлада зрабіла ўсе неабходныя крокі, якія былі неабходныя дзеля ўрэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне і выказаў асабістую падтрымку Турчынаву і ўсяму народу Ўкраіны, паведамляе УНІАН.
XS
SM
MD
LG