Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не жадаю быць датычным да краіны, якая зьдзяйсьняе супраць Украіны агрэсію, мне сорамна быць расейскім грамадзянінам», – заявіў днямі тэлежурналіст Яўген Кісялёў, камэнтуючы падзеі ў Крыме.

Сёньня былы гендырэктар тэлекампаніі НТВ і галоўны рэдактар «Московских новостей» Яўген Кісялёў наведаў штаб-кватэру радыё Свабода ў Празе. Ён падзяліўся сваімі ацэнкамі сытуацыі вакол падзеяў ва Ўкраіне.

– Пуцін мае спэцыфічны погляд на рэчы, гэта погляд, уласьцівы супрацоўнікам спэцслужбаў, прычым – расейскіх спэцслужбаў, – лічыць Яўген Кісялёў. – Гэтыя людзі вераць у канспіралёгію, у рознага кшталту імпэрскія, можа быць, эўразійскія тэорыі. Мне расказвалі людзі, якія яго ведаюць лепш за мяне, што Пуцін насамрэч лічыць, што няма ніякага ўкраінскага народу, што ёсьць адзіны народ – рускі, і ягонае адгалінаваньне – «маларосы». Ён ня верыць у існаваньне асобнага ўкраінскага народу.

Навумчык: Спадар Кісялёў, калі для Пуціна ўкраінцы – усяго толькі «маларосы», дык няцяжка ўявіць, што і беларусы для яго – не асобны народ. А як Вы ўвогуле лічыце, на чым у Пуціна «сэрца супакоіцца»? Куды ён пойдзе далей? У Беларусь, у паўночныя рэгіёны Казахстану? У Літву, Латвію, Эстонію? На на чым ён спыніцца, дзе мяжа імпэрскіх абміцыяў Пуціна?

Кісялёў: Складанае пытаньне, каб адказаць на яго, трэба ўскрыць чарапную каробку Пуціна і паглядзець, што ў ёй робіцца.

Лукашэнка – хітры і дасьведчаны палітык, як бы адмоўна да яго некаторыя з нас ня ставіліся. Вось і цяпер ён узяў і заявіў, што ўспрымае Турчынава як легітымнага кіраўніка. Я думаю, Лукашэнка цяпер вельмі занепакоены. Яму ня хочацца пераўтварыцца ў губэрнатара Беларусі як часткі Расеі. Якога, між іншым, паводле расейскага заканадаўства, Крэмль можа лёгка ад улады адхіліць – прыгадайце, як Мядзьведзеў адхіліў ад улады Лужкова за «страту даверу».

Што датычна таго, ці ўваходзяць у пляны Пуціна Латвія, Літва, Эстонія, дык у пляне дыстабілізацыі тут сытуацыі – так, безумоўна. Ужо цяпер мы чуем пра нейкіх рускамоўных актывістаў, якія ў некаторых раёнах Эстоніі хочуць правесьці рэфэрэндум. Думаю, да «зялёных чалавечкаў» справа ня дойдзе, але да дэстабілізацыі сытуацыі (так, як было ў Таліне з «бронзавым салдатам») – гэта зусім магчыма.

Мне цяжка сказаць адносна Казахстану, я не зусім валодаю сытуацыяй у гэтым рэгіёне. Але мы бачым, што ўжо і прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў заклапочаны.

Словам, у ролі «зьбіральніка рускіх земляў» Пуцін можа і не спыніцца.

Таксама Яўген Кісялёў выказаўся пра некаторыя іншыя аспэкты палітыкі Крамля.

Пуцін і санкцыі

Пуцін дзейнічае паводле прынцыпу «чым горш, тым лепей». У тым сэнсе, што чым большая ізаляцыя санкцый у дачыненьні да Расеі – тым лепш. Адсюль і ігнараваньне базавых міжнародных нормаў.

Што будзе Масква рабіць з Крымам

Цяпер у Крыме чакаюць восем мільёнаў турыстаў. Калі ўявіць, што іх будуць дастаўляць туды паветраным транспартам (а іншага шляху не праз Украіну няма), і зрабіць падлікі, дык дзеля гэтага ня хопіць усіх шырокафюзеляжных самалётаў, якія ёсьць у Расейскай Фэдэрацыі. Будаўніцтва ж мосту каля Керчы – гэта нерэальна. Крым як праект Крамля будзе працаваць толькі тады, калі альбо Расея нейкім чынам дамовіцца з Украінай, альбо заваюе некалькі вобласьцяў на паўднёвым усходзе Ўкраіны, якія дазволяць чыгуначнае злучэньне з паўвыспай.

Хто пераможа ў бітве за Ўкраіну

Я шмат гадоў таму казаў прадстаўнікам заходняга істэблішмэнту, што актыўнасьць Захаду недастатковая. Цяпер зразумела: хто выйдзе пераможцам у змаганьні за Ўкраіну – той і будзе задаваць танальнасьць у сусьветнай палітыцы ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі. І наадварот: параза ў бітве за Ўкраіне тоесная геапалітычнай паразе.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG