Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.



1982 год. Радыё Свабода набліжаецца да свайго трыццацігадовага юбілею. Вяшчаньне вядзецца на 16 мовах народаў Савецкага Саюзу. У 70-х гадох у сьпісе моваў адбыліся зьмены: было спыненае вяшчаньне на карачаева-балкарскай і уйгурскай мовах, затое ў 1975-м да сям’і Радыё Свабода далучыліся літоўская, латыская і эстонская рэдакцыі. За сем гадоў — паміж 1975 і 1982 годам — істотна зьменшыўся агульны аб’ём вяшчаньня на мовах народаў СССР — эстонскай і латыскай на 25 працэнтаў, украінскай, азэрбайджанскай на 30 працэнтаў, літоўскай — на 43, татарскай і башкірскай, армянскай, грузінскай — на 50. Найбольшыя страты зазнала беларуская рэдакцыя — 57 працэнтаў, ад 7 да 3 гадзінаў на дзень. Захавалі свае пазыцыі сярэднеазіяцкія рэдакцыі. Па-расейску Свабода надалей вяшчала 24 гадзіны, часам ужываючы адначасна да 20 частотаў.

*****

У 1982 годзе Аддзел дасьледаваньня аўдыторыі і грамадзкай думкі Радыё Свабода распачаў выданьне штогадовых справаздачаў аб слуханьні радыё, складзеных на падставе гутарак з савецкімі грамадзянамі, якія бывалі на Захадзе. Вось некаторыя водгукі тагачасных слухачоў беларускіх праграмаў нашага радыё:


«Чутнасьць Радыё Свабода такая кепская, што адбівае ахвоту нават у самых заўзятых слухачоў. Аднак часам можна разабраць адзін-два сказы, і тады я яго слухаю, бо там надзвычай добра абазнаныя ў савецкіх справах» (настаўнік, 30 гадоў).

«Радыё Свабода — вельмі важная станцыя для вялікай колькасьці людзей у Горадні. Мы рэдка бачым замежнікаў, таму ў няс няма іншай магчымасьці даведацца — што іншыя людзі думаюць пра сьвет і падзеі ў СССР. А да таго ж Свабода перадае па-беларуску, што вельмі важна» (дантыст, 35 гадоў)

«Я слухаю Радыё Свабода, бо гэта адзіная станцыя, якая перадае па-беларуску, але я думаю, што яна зашмат надае ўвагі падзеям у Польшчы» (лекар, 42 гады)

«Радыё Свабода мае добрыя і разнастайныя палітычныя і літаратурныя перадачы. Яно ведае, чым можна зацікавіць маё пакаленьне» (студэнт, 21 год)

«Радыё Свабода — гэта адзіная станцыя, якую савецкія людзі будуць слухаць заўсёды. Задаволеныя яны праграмамі або не — гэта ўжо ня так важна. Галоўнае, што гэтая станцыя цалкам нелегальная» (інжынэр, член КПСС, 45 гадоў)

«Радыё Свабода — адна з найлепшых заходніх станцыяў. Яно добра ведае клопаты і страхі савецкіх слухачоў. Яго мова простая і лёгкая для разуменьня. У афіцыйных колах яно лічыцца самай антысавецкай станцыяй» (рэдактар, 46 гадоў)

***

Сёньня мы працягваем распачатую мінулым разам гутарку з адным са старых слухачоў нашага радыё, пісьменьнікам Валянцінам Тарасам.

Наколькі небясьпечным у тыя далёкія часы было слуханьне заходніх радыёгаласоў? Ці было чаго баяцца?


Валянцін Тарас

Валянцін Тарас

«Перш за ўсё баяліся стукачоў. Баяліся, што нехта з суседзяў, нехта зь людзей, якіх можна было па твары пазнаць, што гэта людзі гадкія, даведаюцца, што ты слухаеш, і данясуць на службу, а можа і КГБ зацікавіцца. Баяліся, што тут хавацца, канешне баяліся. Ведаеце, баяліся нават саміх сябе, таму што ўвесь час чалавека апрацоўвала гэтая магутная машына савецкай прапаганды, і калі чалавек чуў, слухаў нешта абсалютна адваротнае, яму рабілася міжволі крышачку ніякавата. Гэта псыхалягічна таксама можна зразумець. Тут быў і нейкі свой страх, што слухаеш нешта абсалютна неверагоднае, нешта дыямэтральна супрацьлеглае таму, што табе кожны дзень уводзяць у вушы. І праз гэтую псыхалягічную ніякаватасьць таксама трэба было прабіцца. Ну я тут кажу ня столькі пра сябе, колькі пра іншых людзей, якіх я добра ведаў. Я такіх выпадкаў ня ведаю, я толькі ведаю, як на мяне накінуліся — некалі я працаваў у „Зьвязьдзе“, і была нейкая спрэчка наконт нейкіх падзей, здаецца, калі душылі Венгерскае паўстаньне. Ну але гэта быў 1956 год , гэта былі больш-менш вольныя часы хрушчоўскай адлігі, і здавалася, што яшчэ можна гаварыць пра многае, і гаварылі. І нейкая зайшла размова на лятучцы пра тое, што гэта суцэльная контрарэвалюцыя, а я ўзяў выступіў і сказаў, што я ня бачу там суцэльнай контрарэвалюцыі, што тут трэба разьбірацца, перш за ўсё трэба разабрацца ў прычынах. І пачаў выкладаць нейкія рэчы, якія паслухаў у тым ліку і па заходнім радыё. І тут на мяне абрынуліся некаторыя старыя зьвяздоўцы, што я „наслухаўся варожых галасоў“. Прычым адзін зь іх, як кажуць, „у прастаце душэўнай“ сказаў: „Я ўчора слухаў перадачу пра венгерскія падзеі, дык Тарас слова ў слова паўтарае, што яны гавораць“. Бачыце — сам слухаў, а мяне ўпікнуў».

Эфір 1982 году. Гучыць фрагмэнт літаратурнай перадачы:


***
Год 1982 у сьвеце

Палітыка

Брытанія перамагла Аргентыну ў Фалклэндзкай вайне. — Ізраіль уводзіць войска ў Лібан. — Лібанскія хрысьціянскія фалянгісты забіваюць сотні палестынскіх уцекачоў у лягерох Сабра і Шатыла. — У веку 75 гадоў памірае савецкі лідэр Леанід Брэжнеў, ягонае месца займае былы кіраўнік КГБ Юры Андропаў.

Навука i тэхналёгія

Упершыню чалавеку імплянтаванае сталае штучнае сэрца. — Адбываецца першы палёт касьмічнага чаўнака «Калюмбія». — Уведзеная тэхналёгія магнітна-рэзананснай тамаграфіі. — Унівэрсытэт імя Вашынгтона ў Сэнт-Луісе распрацоўвае памідор Флавр Савр — першы генэрычна мадыфікаваны прадукт, дазволены для продажу. — Савецкі спадарожнік садзіцца на Вэнэры. — Насельніцтва Кітаю дасягае 1 мільярду чалавек.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная калюмбійскаму пісьменьніку Габрыэлю Гарсію Маркесу.

Папулярная культура і музыка

На экраны выходзяць фільмы «Іншаплянэтнік», «Тутсі», «Пінк Флойд-Сьцяна». Майкл Джэксан выпускае альбом «Трылер», які разыходзіцца рэкордным тыражом — больш за 25 мільёнаў асобнікаў.

Песьня году — Michael Jackson / Billie Jane

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Валянцін Тарас распавядае пра тое, што значыла для яго і для ягонага пакаленьня слуханьне радыё на кароткіх хвалях...

«Гэта было дадатковае акно ў навакольны закрыты, зачынены для мяне сьвет. Гэта быў канал, які ў многім пацьвярджаў мае ўласныя думкі, і гэта было для мяне вельмі важна. Я быў далёкі ад таго, каб думаць, што там усе паклёпнікі, дурні і гэтак далей. Таму, я паўтараю, было вельмі важна знайсьці пацьвярджэньне па тых каналах уласным думкам, уласным супастаўленьням, фактам, якія бачыў на свае вочы, таму, як яны трактаваліся тут, як яны альбо замоўчваліся альбо перакручваліся, і так як больш-менш аб’ектыўна яны трактаваліся заходнім радыё».

Наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру 1982 году - фрагмэнт карэспандэнцыі Язэпа Барэйкі...


Гэта была карэспандэнцыя Язэпа Барэйкі. Пад гэтым імем у 70-90-х гадох на нашых хвалях выступаў Віктар Сянкевіч. Віктару Сянкевічу — Язэпу Барэйку — будзе прысьвечаная наша наступная перадача.

***
1982 ГОД У БЕЛАРУСІ

• Закончанае будаўніцтва газаправоду Ворша-Магілеў — адгалінаваньня ад магістральнай трасы Таржок-Івацэвічы.
• У Раўбічах адбыўся чэмпіянат сьвету ў біятлёне.
• Закончанае будаўніцтва Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу.
• У Менску адкрыты тэатар-студыя кінаактора.
• Адзначаецца стагодзьдзе Якуба Коласа і Янкі Купалы.

Менскі эфір 1982 году. Уладзімер Караткевіч разважае над асаблівасьцямі беларускай гісторыі...


***

Госьць нашай сёньняшняй перадачы — пісьменьнік Валянцін Тарас, які слухае заходнія радыёгаласы ўжо больш за 50 гадоў. Што найбольш запомнілася зь беларускіх праграмаў Радыё Свабода? Чым яны зьдзівілі або ўразілі?

«Запомніліся нейкія культурныя тэмы. Ну, па-першае, запомніліся тыя перадачы — ня памятаю дакладна, гэта ўжо даўно было — якія тычыліся тых беларускіх літаратараў, паэтаў, празаікаў, якіх я ня ведаў абсалютна і ўпершыню чуў іхныя імёны. Альбо некаторыя дапаўненьні да біяграфіяў і да творчасьці тых пісьменьнікаў, якіх я ведаў. Скажам, я помню, як расказвалася пра Купалу пэрыяду 20-х гадоў, што было для мяне велізарным адкрыцьцём. Я, напрыклад, тады ня ведаў, што Купала быў адным з тых, хто паслаў ці то нейкі верш, ці то пасланьне да Пілсудзкага. Тады я даведаўся пра зьмест п’есы „Тутэйшыя“. Я наогул меў вельмі цьмянае ўяўленьне аб гэтым у той час. Вельмі ўразіла мова беларускай „Свабоды“, хоць я зь дзяцінства вельмі добра ведаў беларускую мову — я рос у трохмоўным асяродку. У мяне дома ў сям’і размаўлялі па-руску, па-беларуску і па-польску — бабця Гэля размаўляла па-польску, бацькі паміж сабой па-руску, мама з бабцяй па-польску, а цётка мая родная і ейны брат, мой дзядзька Іван, вучыліся ў беларускай школе, там была беларуская мова. Але тую мову, якую я пачуў — яна мяне ўразіла. Хоць яна мяне ўразіла яшчэ і ў часе акупацыі: я нейкі час наведваў БНСаўскую беларускую школу на вуліцы Беламорскай, і там выкладчыкі — відаць, яны былі з эмігрантаў — размаўлялі з вучнямі на той беларускай мове, якой мы з вамі сёньня карыстаемся або спрабуем карыстацца. Гэта мяне яшчэ ў дзяцінстве ўразіла, і тады, ня буду хлусіць, тая мова паказалася мне нейкай такой чужаватай, у чымсьці нават і незразумелай. А потым я яе пачуў ужо й у беларускай рэдакцыі Радыё Свабода».

I на заканчэньне — зноў наш архіў. Эфір 1982 году...
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
XS
SM
MD
LG