Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра ЗША аб’явяць новыя санкцыі супраць Расеі — Daily Beast


Спадзеючыся спыніць ўварваньне расейскіх войскаў паводле крымскага сцэнару ў шэраг гарадоў усходняй Украіны, адміністрацыя Абамы хутка пасоўваецца да ўвядзеньня новых санкцый супраць Расеі.

Аднак, на дадзены момант ЗША і іх эўрапейскія хаўрусьнікі ня могуць прыйсьці да пагадненьня, як менавіта пакараць рэжым Пуціна за яго апошні дэмарш на тэрыторыі Ўкраіны, паведамілі The Daily Beast высокапастаўленыя чыноўнікі адміністрацыі.

«Дзярждэп ЗША зрабіў у суботу заяву аб тым, што захопы ўрадавых будынкаў на ўсходзе Ўкраіны прарасейскімі пратэстоўцамі былі арганізаваныя і скаардынаваныя расейскім урадам. Дзярждэп дадаў, што ў байцоў ёсьць спэцыялізаваная расейская зброя, і яны апранутыя ў тую ж уніформу, што і расейскія сілы, якія ўварваліся у Крым», — піша выданьне.

Высокапастаўлены чыноўнік адміністрацыі паведаміў выданьню ў нядзелю, што Белы дом плянаваў пачакаць да чацьвярга, перш чым дзейнічаць далей адносна якіх-небудзь новых санкцый, але з улікам новых выпадкаў гвалту вырашана падрыхтаваць санкцыі не пазьней за аўторак. «У мінулыя выходныя чыноўнікі зь Дзярждэпу, Белага дома і міністэрства фінансаў зьвярнуліся да сваіх эўрапейскіх калегаў, пераконваючы іх далучыцца да новага рэжыму санкцый. У панядзелак міністры замежных спраў краін ЭЗ правядуць сустрэчу ў Брусэлі», — гаворыцца ў артыкуле.

«Урад ЗША гатовы пачаць дзейнічаць, у нас распрацаваны ўсе магчымыя варыянты, — адзначыў чыноўнік. — Эўрапейскі пункт гледжаньня заключаецца ў тым, што санкцыі супраць пэўных сэктараў эканомікі павінны быць ужытыя толькі як адказ на адкрытае расейскае ваеннае ўварваньне ва ўсходнюю Ўкраіну».

У артыкуле таксама гаворыцца, што аналіз, праведзены незалежнымі кампаніямі ўнутры Расеі, утрымлівае засьцярогі аб тым, што любыя санкцыі, якія абмяжоўваюць доступ Расеі да глябальных фінансавых рынкаў або накіраваныя супраць дзейнасьці Расеі ў сфэры гандлю або інвэстыцый палітыкі, будуць дэструктыўнымі ня толькі для расейскай, але таксама і для эўрапейскай эканомікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG