Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Народная грамада патрабуе выключыць «Справядлівую Расею» з Сацінтэрну


Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная грамада) зьвярнулася да кіраўніцтва Сацінтэрну з прапановай выключыць партыю «Справядлівая Расея» са складу Сацінтэрну.

Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміў сакратар БСДП (Народная грамада) Сяргей Скрабец:

«Мы напісалі афіцыйны ліст прэзыдэнту Сацінтэрну Георгісу Папандрэу (George Papandreou) і генэральнаму сакратару Сацінтэрну Луісу Айала (Luis Ayala). У ім падкрэсьліваецца, што БСДП (Народная грамада) асуджае дзеяньні Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіне. Мы лічым акупацыю Крыма незаконная і адзначаем, што для нас Крым астаецца неад’емнай часткай Украіны.

Нас абурае пазыцыя нашых таварышаў па Сацінтэрну — партыі „Справядлівая Расея“, якая ў СМІ адкрыта падтрымала акупацыю Крыма.

Сергей Миронов: „Крым — это Россия“

Александр Терентьев: „На базе Крымской автономии сегодня необходимо заложить начало новой России“

Мы лічым, што такія дзеяньні супярэчаць стакгольмскай Дэклярацыі прынцыпаў сацыялістычнага інтэрнацыяналу, прынятай у 1989 годзе. На нашу думку, дзейнасьць партыі „Справядлівая Расея“ накіраваная сёньня на падрыў іміджу ўсясьветнай сацыял-дэмакратыі».

Беларускія сацыял-дэмакраты просяць кіраўніцтва Сацінтэрну даць публічную ацэнку дзейнасьці партыі «Справядлівая Расея», якая займаецца дэзаінфармацыяй партнэрскіх арганізацыяў, а таксама разгледзіць пытаньне аб выключэньні расейскай партыі са складу Сацінтэрну.

Сацыялістычны інтэрнацыянал (Сацінтэрн) — міжнародная сацыял-дэмакратычная арганізацыя. Першапачаткова створаная ў 1864 годзе яна ўзнавіла сваю працу ў 1951 годзе. Цяпер у склад Сацінтэрну ўваходзіць болей за 150 партыяў.
XS
SM
MD
LG