Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя ў Данецкай вобласьці па-ранейшаму трывожная


У Славянску адмянілі заняткі ў школах і дзіцячых садках. У Краматорску не будзе працаваць толькі адна школа.

14 красавіка ў Славянску Данецкай вобласьці адмененыя заняткі ў школах, дзіцячых садках і іншых дзіцячых установах.

Гэта зроблена ў сувязі з неспрыяльнай сытуацыяй у горадзе, — паведамляе Славянск деловой.

У той жа час, школы і дзіцячыя сады Краматорска, які знаходзіцца ад Славянска ў 20 км, будуць працаваць у звычайным рэжыме, акрамя школы, якая разьмешчана насупраць гарадзкога адзьдзела міліцыі, дзе ў суботу стралялі.
У нядзелю ў Славянску ўзброены ў камуфляжы ва ўпор расстраляў аўтамабіль.
Раней у Славянску МУС праводзіў антытэрарыстычную апэрацыю, у выніку якой 9 чалавек былі параненыя, а адзін забіты.

У суботу ў Славянску узброеныя людзі ў камуфляжы захапілі гарадзьдзел міліцыі. У нядзелю раніцай праваахоўнікі разблякавалі 2 блок-пасты сэпаратыстаў перад Славянскім. Зьвестак пра актыўныя дзеяньні сілавікоў у межах горада пакуль не паступала.

У Краматорску будынак гарсавета і гарадзкой міліцыі захопленыя сэпаратыстамі.
Паводзіны штурмавікоў, якія ў Краматорску штурмам захапілі райадзьдзел міліцыі і ўзялі пад кантроль выканкам, паказвае на іх спэцпадрыхтоўку і не мясцовае паходжаньне.

Тут дагэтуль пэрыядычна страляюць, паведамляе ТСН.

Пакуль жыхары Краматорску выходзяць на вуліцу толькі пры крайняй неабходнасьці. Пад’езды да міліцыі заблякаваныя барыкадамі з шын і мэблі. Каля іх дзяжураць два дзесяткі людзей у масках. Невядома, колькі чалавек знаходзіцца ўсярэдзіне захопленага будынка.

На відэа штурму відаць, што цывільныя прыйшлі пасьля групы добра ўзброеных штурмавікоў. Першымі ішлі каля 15 чалавек, у камуфляванай форме і са зброяй. Узброеныя штурмавікі паводзілі сябе ўпэўнена і арганізавана. Бачна, што яны маюць спэцпадрыхтоўку і добра валодаюць зброяй. Цяпер сытуацыя ў Краматорску застаецца напружанай.

Толькі нязначная частка супрацоўнікаў МУС у Данецкай вобласьці ляяльная Кіеву. Пра гэта заяўляе кіраўнік групы «Інфармацыйны супраціў», журналіст Зьміцер Тымчук. Паводле Тымчука, мясцовыя сілавікі сабатуюць супраціў сэпаратыстам.

Украінскія спэцслужбы затрымалі на тэрыторыі краіны супрацоўнікаў расейскага ГРУ, якія маюць дачыненьне да распальваньня супрацьстаяньня на Усходзе.

Пра гэта Громадському ТБ паведаміў старшыня РНБА Андрэй Парубій.

Ён адзначыў, што сярод іх ёсьць і грамадзяне Ўкраіны, то бок агенты, якія былі «закансэрваванымі».

«Тое, што мы бачылі ў Славянску — гэта тэрарысты, якія прыбылі з-за мяжы», — адзначыў ён, выказаўшы абурэньне тым, што баевікі прыкрываюцца насельніцтвам. «Мы для іх гарматнае мяса», — робіць выснову Парубій. Ён заявіў, што ўкраінская выведка мае дастаткова доказаў датычнасьці расейскіх спэцслужбаў да беспарадкаў ва ўсходніх абласьцях.
XS
SM
MD
LG