Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея займаецца тэрарызмам, а не змагаецца зь ім, — прадстаўнік Украіны ў ААН


Рада бясьпекі ААН увечары ў нядзелю сабралася на экстраную сустрэчу па пытаньні сытуацыі ва Ўкраіне. Паседжаньне адбывалася на патрабаваньне Расеі.

Пазыцыя Ўкраіны: Расея займаецца тэрарызмам

Супрацьстаяньне на ўсходзе Ўкраіны, якое расейцы спрабуюць прадставіць грамадскасці як грамадзянскую вайну, зьяўляецца сьледзтвам дзеяньняў арганізаваных тэрарыстычных груп. Такой пазыцыі прытрымліваўся прадстаўнік Украіны ў Рады бясьпекі ААН Юрый Сяргееў падчас свайго выступу на пасяджэньні Рады бясьпекі па сытуацыі на Ўсходзе Украіны, ініцыяванага Расіяй, перадае Еспресо.TV .

«Тэрарысты пад кіраўніцтвам агентаў з Расейскай Фэдэрацыі ўсталявалі кантроль у некалькіх адміністрацыйных будынках Данецкай вобласьці. Паводле дадзеных выведкі, за апошні месяц агенты спэцслужбаў Расеі пачалі маштабную апэрацыю. Расея павялічыла ваенны кантынгент ля мяжы, адпраўляюцца падрыўныя групы ў складзе 10-20 агентаў спэцслужбаў і ГРУ. Украіна мае доказы датычнасьці спэцслужбаў Расеі да сытуацыі, якая цяпер склалася на ўсходзе краіны. Расейскіх грамадзян штодня затрымлівае СБУ. Ёсьць дзесяткі фактаў. Яны ўсе арыштаваныя, а іх паказаньні даказваюць існаваньне сеткі дывэрсантаў. Таксама датычнасьць Расеі даказваюць і радыёперахопы перамоваў сэпаратыстаў. Яны выкарыстоўваюць зброю, якая знаходзіцца на ўзбраеньні выключна расейскай арміі. Тая ж тактыка, што і ў Крыме», — заявіў прадстаўнік Украіны ў Радзе Бясьпекі ААН.

«Яны спрабуюць узброіць як мага больш цывільных. Ёсьць відэа ўзброеных нападаў на аддзяленьні міліцыі ў Славянску і Краматорску. Яны не пакідаюць сумненьня, што гэта тэрарысты, а ня мірныя пратэстоўцы», — адзначыў Сяргееў.

Як адзначыў прадстаўнік Украіны, гэтыя людзі ўжываюць зброю супраць украінскіх спэцназаўцаў. Былі параненыя супрацоўнікі міліцыі. І таму, згодна з законам аб барацьбе з тэрарызмам, было прынятае рашэньне пачаць антытэрарыстычную апэрацыю.

«Мы хочам правесьці спэцапэрацыю супраць тэрарыстаў, а ня супраць мірных людзей», — падкрэсьліў ён і працытаваў заяву Турчынава, у якой гаворыцца, што ўсе, хто ня ўдзельнічаў у нападах на міліцыянтаў і добраахвотна здасьць зброю, ня будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці.

«Расія пазыцыянуе сябе як змагар з тэрарызмам, а ў той жа час накіроўвае спэцназаўцаў, якія тут займаюцца тэрарызмам ва Ўкраіне. Яны захопліваюць арсэналы зброі ўкраінскіх сілавікоў, а расейскія тэлеканалы даюць інтэрвію з былым прэзыдэнтам Януковічам, былымі генпракурорам і міністрам унутраных спраў, якіх падазраюць у масавых забойствах. Мы патрабуем іх выдаць, аднак атрымліваем адмову. Гэта пагроза ня толькі для Украіны, а для міру і стабільнасьці ва ўсім сьвеце», — сказаў Сяргееў, якога цытуе УНІАН.

«Мы заклікаем расійскіх партнэраў пакласьці канец дзеяньням, якія накіраваны на падрыў тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Просім пакінуць нас у спакоі. Гэта апошні крык аб дапамозе», — падсумаваў свой выступ прадстаўнік Украіны.

Пазыцыя ЗША: Сытуацыю абвастрыла Расея

«Жыцьцё нявінных грамадзян падвяргаецца рызыцы, а мы атакаваныя расейскай дэзінфармацыяй і прапагандай, у той час як украінцаў атакуюць правакацыямі і гвалтам. Расейская прэса і прадстаўнікі ўраду распаўсюджваюць выдумкі, таму мы сёньня павінны зфакусавацца на фактах», — адзначыла сталы прадстаўнік ЗША ў ААН Саманта Паўэр ў ходзе пасяджэньня.

Пратэсты ва ўсходніх рэгіёнах Украіны носяць характар «ваеннай апэрацыі», заявіла Саманта Паўэр, якую цытуе «Голас Амэрыкі».
«Цяжка прымірыцца з паводзінамі Расейскай Фэдэрацыі, зь яе прапагандай», — сказала яна.

Паўэр выказала здагадку, што акцыі пратэсту, якія праходзяць на ўсходзе Ўкраіны — «гэта не дэманстрацыі». Паводле яе слоў, «у іх удзельнічаюць прафэсійныя сілы, гэта ваенная апэрацыя».

«Не ЗША абвастрылі сытуацыю. Гэта зрабіла Расея», — дадала яна.


Пазыцыя Расеі: Хопіць шукаць руку Масквы

Прадстаўнік Расеі ў ААН Віталь Чуркін адзначыў, што Масква «вельмі занепакоеная тым, што дзейны прэзыдэнт Украіны Турчынаў абвясьціў намер выкарыстоўваць ваенную сілу для падаўленьня пратэстаў на паўднёвым усходзе Ўкраіны».

Паводле яго слоў, сустрэча Расеі, ЗША, Эзразьвязу і Ўкраіны 17 красавіка можа быць сарваная, калі Кіеў выкарыстае сілу на ўсходзе краіны:

«Што ж вы думаеце, што заўтра ўкраінскія ўзброеныя сілы пачнуць баявыя дзеяньні на паўднёвым усходзе краіны, а мы будзем паперы пісаць да гэтай сустрэчы?»,— заявіў Чуркін.

Міжнародная супольнасьць павінна тэрмінова дээскаляваць сытуацыю ва Ўкраіне, заявіў Віталь Чуркін.

Разам з тым Віталь Чуркін запатрабаваў перастаць шукаць у падзеях на паўднёвым усходзе Ўкраіны «руку Масквы».

«Хопіць гэта рабіць. Хапіць распаўсюджваць небыліцы пра тое, што мы назапасілі армады вайскоўцаў на мяжы з гэтай краінай, гатовых вось-вось, за некалькі гадзін дайсьці ледзь не да Ля-Манша. Час зразумець, што на паўднёвым усходзе Ўкраіны народ глыбока ўстрывожаныя за сваю будучыню, ня хоча, каб нехта, а тым больш ашалелыя нацыянал-радыкалы, навязваў яму сваю волю», — падкрэсьліў расейскі дыплямат.

Францыя: Расеі ўжо ніхто ня верыць

Прадстаўнік Францыі ў Радзе бясьпекі ААН заклікаў Расею не адмаўляць відавочнай датычнасьці расейскіх войскаў да падзеяў на ўсходзе Ўкраіны.

Пра гэта ён заявіў падчас свайго выступу на пасяджэньні Радзе Бясьпекі ААН, ініцыяваным расейскім бокам, перадае Еспресо.TV:

«Мы бачым , што выбух гвалту на ўсходзе Ўкраіны — не спантанны. Мы бачым, што рэалізуецца крымскі сцэнар — спачатку дзейнічаюць агрэсіўныя прарасейску настроеныя людзі, а тады за імі прыходзяць дысцыплінаваныя узброеныя людзі ў масках і камуфляжы. Усё гэта распаўсюджваецца інтэрнэтам. Нягледзячы на пярэчаньні Расіі, ёй ужо ніхто ня верыць. Расея не разумее, што інтэрнэт існуе і адмаўляе відавочнае»,— сказаў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG