Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: У нас уся краіна рускамоўная


Сытуацыя ў эканоміцы — галоўны фактар, які ўплывае на нацыянальную бясьпеку і стабільнасьць у дзяржаве. Такую думку выказаў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію праграме «Сегодня. Итоговая программа» расейскай тэлекампаніі НТВ, якая выйдзе ў эфір вечарам 13 красавіка.

Паводле яго слоў, у Беларусі зробяць высновы з падзей, што адбываюцца ў сьвеце і, тым больш, у суседняй Украіне. «Да прыкладу, была вайна ў Іраку, потым пачалася ў Сырыі. І я недзе заяўляў, што мы ўжо некалькі разоў прэпаруем, груба кажучы, сваю армію. Гэтаксама і тут, гэта ж каля нашых межаў здарылася. Гэта ж ня там недзе, далёка, хаця сьвет вельмі цесны сёньня і ўсё спрасавана. Сырыя — гэта таксама ня так далёка. Ірак, Афганістан — гэта таксама блізка. Мы абмяркоўваем гэтыя пытаньні пастаянна і ў АДКБ, і ў СНД, нават ня кажучы ўжо пра межы трох дзяржаваў — Казахстан, Расея і Беларусь», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

«Таму я сказаў, што мы пэўныя высновы будзем рабіць. А эканоміка — аснова ўсяго, яе трэба берагчы як зрэнку вока. Для нас гэта самы галоўны выклік, — падкрэсьліў Лукашэнка. — Ні расейская агрэсія, як нас палохаюць, ні натаўская агрэсія... Што да Расеі, то гэта наагул глупства поўнае, нейкіх рускамоўных тут абараняць, калі ў нас уся краіна рускамоўная».

Калі дапусьціць развал эканомікі і яшчэ ўзмацніць гэта разгулам карупцыі, то ў Беларусі могуць здарыцца падзеі як ва Украіне, мяркуе Лукашэнка. «Усё астатняе ня мае ніякага значэньня. У нас гэтых няма прычын і быць ня можа: ні нацыянальных, ні міжрэлігійных, ні іншых нейкіх сутычак. У нас няма ніякай дзяльбы: рускі, беларус, габрэй, паляк, украінец. Яны ўсе ў нас жылі, на нашай тэрыторыі, і мы іх па крыві ніколі не разьбіралі», — падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG