Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны: ёсьць доказы датычнасьці Расеі да дывэрсій сэпаратыстаў


Міністэрства замежных спраў Украіны мае ўсе неабходныя доказы датычнасьці спэцслужбаў Расеі да сэпаратысцкага бунту і захопу дзяржаўных устаноў на ўсходзе Украіны.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве МЗС Украіны.

У ведамстве паабяцалі даць гэтыя доказы міжнароднай супольнасьці на сустрэчы 17 красавіка ў Жэнэве:

«Ва ўсходніх абласьцях Украіны расейскія спэцслужбы і дывэрсанты пачалі пераход да шырокамаштабнай сэпаратысцкай апэрацыі з мэтай захопу ўлады, дэстабілізацыі становішча з пагрозай для жыцьця грамадзян Украіны, а таксама аддзяленьня гэтых рэгіёнаў ад нашай дзяржавы», — гаворыцца ў заяве.

У ведамстве нагадалі, што «абараняючы жыцьцё людзей, тэрытарыяльную цэласнасьць і бясьпеку дзяржавы, Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны ўхваліла рашэньне ажыцьцявіць антытэрарыстычную апэрацыю супраць разгорнутага замаху на нашу дзяржаву».

У суботу сэпаратысты захапілі ў Славянску Данецкай адміністрацыйныя будынкі, у нядзелю яны працягнулі свае дзеяньні ў некалькіх іншых гарадах вобласьці. Беспарадкі адбываюцца таксама ў Харкаве.

Ад мінулых выходных у руках сэпаратыстаў застаюцца абласная ўправа СБУ ў Луганску і аблдзяржадміністрацыі ў Данецку.

На 17 красавіка ў Жэнэве заплянаваныя чатырохбаковыя перамовы па крызісе з удзелам кіраўнікоў дыпляматычных ведамстваў Украіны, Расеі, ЗША і ЭЗ. Расея пагражае адмовіцца ад удзелу ў гэтай сустрэчы ў выпадку актыўных дзеяньняў украінскай ўлады супраць сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны
XS
SM
MD
LG