Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызнае легітымнасьць Турчынава і Вярхоўнай Рады Ўкраіны


Аляксандар Турчынаў і Аляксандар Лукашэнка, 29 сакавіка 2014

Аляксандар Турчынаў і Аляксандар Лукашэнка, 29 сакавіка 2014

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Ўкраіна засталася без прэзыдэнта, калі Януковіч зьехаў з краіны, і прызнае легітымнасьць Аляксандра Турчынава як кіраўніка дзяржавы.
«У гэтым пляне ўсё лагічна. Калі няма прэзыдэнта краіны, то яго абавязкі, паводле Канстытуцыі, выконвае кіраўнік Вярхоўнай Рады. Я лічу, што ў іх у краіне прэзыдэнта няма з 20 сакавіка, калі Януковіч зьехаў. І натуральна, паводле Канстытуцыі прэзыдэнт павінен быць, і там прапісана, хто павінен выконваць гэтыя абавязкі. Таму для мяне Турчынаў легітымны і Вярхоўная Рада легітымная», — заявіў Лукашэнка ў інтэрвію тэлеканалу «НТВ».

Пры гэтым ён адзначыў, што прызначаны Вярхоўнай радай Турчынаў разумее — зьмена ўлады ва Ўкраіне адбылася «не паводле Канстытуцыі».

Лукашэнка расказаў пра сваю сустрэчу з Турчынавым:

«Я яму сказаў пра гэта, спытаў пра тое, што зараз ва Ўкраіне адбываецца. Пачаў задаваць пытаньні, канкрэтна: „Правы сектар“, хто такія, колькі іх, чаму так адбываецца. І ён шчыра сказаў, што гэта недапушчальна ў краіне».

Лукашэнка лічыць, што віна за ўкраінскія падзеі ляжыць на ранейшым кіраўніцтве краіны:
«У іх практычна няма чым рэагаваць на падобныя сытуацыі. Нават калі і ёсьць, то тыя людзі, якія бачылі той развал, той бардак у краіне, тую дзікую карупцыю і зьнішчэньне эканомікі, яны дэзарыентаваныя цалкам. Гэта ж кашмар — усюды ва ўладзе сядзелі людзі, якія глядзяць, якія ад падачак частку адшпільвалі, і ўсё гэта паступала наверх. Сям’я пачала смачныя кавалкі падбіраць пад сябе».

Лукашэнка лічыць, што Віктару Януковічу неабходна было выкарыстаць уладу, а ня бегчы ў складаны пэрыяд:
«Паўнамоцтвы свае трэба было згодна з Канстытуцыяй і законаў ажыцьцяўляць. Трэба было дамаўляцца ці разганяць, або развозіць, або грошы ім даваць, але трэба было вырашаць гэтую праблему. А яна назапашвалася. Сто зь лішнім чалавек загінулі, а потым у бальніцах колькі памерла! Вось такі чысценькі і пушысьценькі, ён не хацеў праліваць кроў... А колькі пасьля гэтага загінула людзей і гіне зараз, марадзёрства, колькі спалена дамоў, колькі сем’яў і дзяцей пацярпела і да гэтага часу пакутуе? Ён пра гэта падумаў?».

Лукашэнка заявіў, што запэўніў Турчынава ў адсутнасьці якой-небудзь ваеннай пагрозы зь беларускага боку і, у прыватнасьці, абверг чуткі аб канцэнтрацыі войскаў на беларуска-ўкраінскай мяжы.

(Паводле interfax.by)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG