Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлях Беларусі ў Расею, вяртаньне да савецкіх нораваў у іх амалоджаным выглядзе, гераізацыя НКВД у тэлесэрыялах, – усё гэта нагадала мне адну паказальную гісторыю, вычытаную некалі ў архівах КДБ.

У Беларусі, як ні дзіўна, толькі адна вёска з назваю Лукашэнкі. На Ўшаччыне. І жылі там людзі з прозьвішчам Крывапушчанкі. Звычайныя простыя вяскоўцы. Як усе.

1930-ты год перажылі ў статусе сялян-аднаасобнікаў. А ў 1933-м пайшлі такі ў калгас. Гэта значыць, аддалі ўсю маёмасьць і сталі працаваць на дзяржаўным фактычна полі і дзяржаўнай фактычна фэрме. Усіх іхных суседзяў, хто ў калгас не пайшоў, выслалі ў Сібір, пры гэтым маёмасьць усё адно адабраўшы.

У тыя часы ворагам народа называлі кулака – таго самага селяніна-аднаасобніка, які адмаўляўся здаваць нажытае майно ў агульны кацёл. Каралася гэта, як правіла, ссылкай на пасяленьне ці ў канцлягер за тысячы кілямэтраў, і давалі кулакам энкавэдысты, а гэта яны ажыцьцяўлялі справядлівасьць, ад году да трох.

Прыглядаліся чэкісты і да Крывапушчанкаў з Лукашэнак. Але чапаць ня сталі.

Трэба сказаць пра адну важную дэталь, каб было зразумела, куды справа коціцца. Чэкісты тагачасныя, як правіла ўчорашнія сяляне з расейскіх глыбінак, 2 класы адукацыі. Такія сабе дзікаватыя крыху людзі. А ўлада ў іх руках апынулася неабмежаваная – адказнасьці ніякай. І вось, судзячы ды высылаючы кулакоў, увайшла ўся гэтая энкавэдысцкая брація ў смак. І ўжо ў 1937 годзе нікога на тры гады на пасяленьне не адпраўляла, давалі мінімум 10 гадоў канцлягера, але з найбольшай ахвотай давалі (і «приводили в исполнение») расстрэл.

Але, згадзіцеся, расстрэльваць кулакоў неяк несалідна. І тады масава ўводзіцца новае абвінавачаньне – шпіянаж, «пятая калона». У 1937-38 гады многія тысячы людзей былі расстраляныя ў Беларусі як шпіёны. Абсалютная большасьць – сяляне, тыя самыя раскулачаныя кулакі або і добраахвотныя калгасьнікі.

Выбраць, каго страляць, сярод сялян было проста. Запісаны латышом – латыскі шпіён, запісаны немцам – нямецкі. Абсалютная ж большасьць шпіёнаў шпіёнілі на Польшчу. Расстрэльны канвэер у беларускіх турмах забіраў парою за дзень да 600 жыцьцяў.

І вот табе на! Собіла ж нашым Крывапушчанкам з Лукашэнак – зь іх чыста ўкраінскім прозьвішчам – запісацца палякамі!

Ну, а што было далей, вы ўжо ведаеце. У сьнежні 1937 году Антон Фёдаравіч, Варвара Іванаўна, Іван Казіміравіч і Язэп Фёдаравіч былі расстраляныя ў Віцебскай турме.

Вы скажаце, сёньня ня 37-мы год і такога ня можа быць. Вядома ж, усё будзе па-іншаму...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG