Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У суботу раніцай у 120-тысячным горадзе Славянску Данецкай вобласьці невядомыя са зброяй захапілі гарадзкі аддзел міліцыі. Адразу збудавалі барыкады, неабходнае для гэтага ім прывезьлі грузавымі машынамі, а на ўезьдзе ў горад створаныя блёкпосты зь «зялёнымі чалавечкамі», якія нагадваюць крымскіх.

Як распавёў Радыё Свабода жыхар Славянска Мікалай Лілаў, захоп аддзелу МУС выглядаў як сплянаваная апэрацыя, людзі са зброяй працавалі зладжана, таму міліцыя здалася. Відавочца распавёў, што камуфляж на людзях, якія захоплівалі памяшканьне, не выглядаў такім, што яго можна купіць у ваеннай крамы — яны былі прафэсійна падрыхтаваныя.
Адразу сабраліся купкі прыхільнікаў «рускага сьвету», зьявілася расейскае тэлебачаньне... А Нэля Штэпа, мэр горада, гаварыла так, што стварылася ўражаньне, што яна ведала таксама пра гэта і цалкам падтрымлівае:

«Раніцай зьявіліся гэтыя людзі з аўтаматамі ля гарадзкога аддзелу міліцыі. Унутры былі хлопцы з асабовага складу міліцыі, спрабавалі адбівацца, але як вырвалі краты і зайшлі ўнутр, іх проста збольшага распусьцілі. Камандзіры сказалі: ідзіце дадому, проста разыходзьцеся. Міліцыя разышлася па дамах.
Потым людзі захапілі СБУ, я там праходзіў міма, таксама людзі з аўтаматамі і формай, падобнай на прафэсійную. Пасьля актывісты КПУ езьдзілі па горадзе, зьбіралі людзей на мітынг. Баяліся, што будзе штурм і зрабілі сабе такі „шчыт“ зь людзей», — распавёў Мікалай Лілаў.

Ён таксама дадаў, што цяпер узброеныя людзі перасоўваюцца па горадзе. Акрамя таго, паводле яго слоў, у захопленых будынках будуюць барыкады, усё неабходнае прывозяць грузавікамі:
«На самазвалах падвозілі пясок, мяшкі для барыкад. Гэта таксама не выглядае стыхійна, нібы да гэтага ўжо рыхтаваліся», — распавёў Радыё Свабода Мікалай.

Паводле інфармацыі жыхароў горада, дакладна ёсьць блёк-пост з узброенымі людзьмі на ўезьдзе ў горад па трасе Славянск-Данецк, таксама з боку Сьвятагорска. Людзі распавядаюць, што блёк-пасты нагадваюць тыя, што яны бачылі ў рэпартажах аб Крыме. Там правяраюць ўсе машыны, якія выклікаюць падазрэньне, таму рух марудны. Зараз, як распавялі Радыё Свабода жыхары Славянска, людзі там разгубленыя і не разумеюць, што адбываецца.

У Чырвоным Лімане адбыліся аналягічныя падзеі, праўда, на абарону свайго горада сталі жыхары і гарадзкі галава. Мясцовы жыхар распавёў Радыё Свабода, як разгортваліся падзеі:
«Спачатку прыехалі 20 узброеных мужчын, але нашы хутка зарыентаваліся — падышлі мясцовыя жыхары, міліцыянты зачыніліся ў раённым аддзеле. Потым прыйшоў гарадзкі галава і сабраліся яшчэ людзі. У невядомых сталі пытацца, навошта яны прыйшлі, яны адказалі, што прыйшлі іх абараняць. Але ліманцы сказалі, што самі сябе ахоўваць, таму людзям прыйшлося зьехаць. Хвілін за 20 яны вярнуліся з трохі большай колькасьцю мясцовых прыхільнікаў Расеі, але людзі і мэр ўсё ж такі не дазволілі ім нічога зрабіць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG