Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў лічыць нармальным, што ва Ўкраіну едуць «турысты Пуціна»


Сяргей Лаўроў

Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў не бачыць нічога дзіўнага ў тым, што расейскія грамадзяне бяруць актыўны ўдзел ў сэпаратысцкіх акцыях на паўднёвым усходзе Ўкраіны.

Пра гэта ён сказаў у інтэрвію тэлевядучаму Ўладзімеру Салаўёву на канале «Россия-1».

Па словах Лаўрова, там няма расейскіх ваеннаслужачых і расейскіх агентаў, а ёсьць звычайныя расейскія грамадзяне, якія прыехалі з розных гарадоў Расеі, каб падтрымаць аднадумцаў. Дыплямат лічыць, што ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо «на Майдане каго толькі не было, уключна нават са швэдзкімі экстрэмістамі», — выказаў абазнанасьць кіраўнік расейскага зьнешнепалітычнага ведамства.

Далей Лаўроў заявіў: «Нас абвінавачваюць, што там нейкія агенты расейскіх спэцлужбаў. Але іх там няма, войскаў нашых таксама няма. Тое, што людзі былі даведзеныя да адчаю, калі яны вывешвалі расейскія сьцягі, крычалі: „Пуцін, дапамажы, уратуй нас ад фашыстаў“, — гэта, перш за ўсё, віна тых, хто абвясьціў сябе ўладай у Кіеве».

Дарэчы, у асе пачатковай фазы акупацыі Крыму расейскі бок гэтаксама катэгарычна абвяргаў абвінавачаньні ў тым, што «новы парадак» на паўвостраве забясьпечваюць расейскія ваенныя. Але потым факты давялося прызнаць.

Сяргей Лаўроў выказаў спадзяваньне, што ва Ўкраіне будзе прыняты закон аб мясцовым рэфэрэндуме, калі людзі самі змогуць вызначыць статус тэрыторыі — як гэта ўжо зрабілі жыхары Крыму. Пры гэтым абурыўся, што за 2,5 месяцы пасьля зьмены ўлады кіраўніцтва Ўкраіны так і не дадумалася паехаць на паўднёвы ўсход, каб пагаварыць зь людзьмі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG