Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні частавалі лікворам паводле рэцэпту апошняга караля


Здымак з царыцай
Здымак з царыцай

Сёньня дзясяткі гарадзенцаў мелі магчымасьць пакаштаваць ліквор паводле рэцэпту апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Частавалі ў авальнай залі Новага замка, апошнім гаспадаром-манархам якога ён быў. У замку цяпер гісторыка-архэалягічны музэй. Яго супрацоўнікі ажывілі на час каралеўскую эпоху, яе дзейных асобаў, падрыхтаваўшы для турыстаў анімацыйную праграму Dominis umbra, «цень імя».

Ліквор меў сьвежы смак і быў даволі моцным. Пасьля дэгустацыі гледачы фатаграфаваліся з царыцай Кацярынай і прыдворнымі дамамі. Тэкст прадстаўленьня напісала загадчыца аддзелу гісторыі Марына Сяліцкая. Яна патлумачыла, што гледачам сёньня прадстаўляюць расейскамоўную вэрсію, паколькі яна першай створана і лепш адпрацавана. А ўвогуле сама Марына Сяліцкая і маладыя навуковыя супрацоўнікі свабодна карыстаюцца беларускай мовай.

Прадстаўленьне пачынае Станіслаў Трэмбецкі (Васіль Герасімчык), прыдворны паэт апошняга караля і ягоны сакратар. Ён кажа «аб шчасьлівых і трагічных момантах, што мелі месца ў гэтым палацы, каторы называюць Новым замкам. Богам і людзьмі было наканавана Горадні стаць горадам каралёў і соймаў. У ХVІ стагодзьдзі ён стаў каралеўскай рэзыдэнцыяй, а ў наступным у ім сталі праводзіцца дзяржаўныя соймы».

Але гэта быў толькі пачатак. Пасьля заканчэньня Паўночнай вайны кароль Аўгуст ІІ вырашыў пабудаваць у Горадні сучасны каралеўскі палац менавіта для сэймаў. Упершыню ў Новым замку сэйм адбыўся ў 1752 годзе. Пабудаваны ў стылі ракако з элемэнтамі клясіцызму, ён стаў адной з найпрыгожых рэзыдэнцый ува ўсёй дзяржаве.
Казанова і кароль
Казанова і кароль


У 1764 годзе на каралеўскі пасад уступіў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, ён удыхнуў жыцьцё ў Новы замак, гаворыць паэт і сакратар. Мы ўжо на другім паверсе, дзе за сталом кароль (Яўген Махнач), які распавядае, што лічыў сябе літвінам, бо нарадзіўся і прыняў хрост у Воўчыне, на «літоўскіх землях».

Зноў Станіслаў Трэмбіцкі распавядае пра свайго гаспадара: што перапісваўся з Вальтэрам, па крыві і духу быў не манархам, а інтэлектуалам эпохі Асьветніцтва. Пры ім адкрыўся першы нацыянальны, агульнадаступны тэатар. Узьнікла першае літаратурнае таварыства. Хуткае разьвіцьцё атрымалі кнігадрук і прэса. Сам кароль спрыяў адкрыцьцю кніжных лавак, літаратурных кавярняў, бібліятэк.

А далей — гісторыя каханьня Станіслава Аўгуста і Кацярыны Вялікай. Зьяўляецца яна сама (загадчыца навукова-асьветніцкага аддзелу Вольга Макарчук), прыдворныя дамы (Вераніка Кацічава і Ганна Грыцкевіч). Пачынаюцца палацавыя танцы. Танчаць паэт і кароль.


А вось славуты любоўнік Казанова (Аляксандар Хацько). Таксама пры двара Панятоўскага пакватэраваў! Трапіў да яго на абед спачатку. Пахваліў манарха: ведаў той італьянскіх клясыкаў лепш за каго іншага, завёў размову аб рымскіх паэтах і празаікаў, цытаваў іх. Каралю італьянец таксама спадабаўся, даў яму дзьвесьце дукатаў і дазволіў прысутнічаць пры сваім ранішнім адзяваньні.

Зноў танцы, прычым касьцмаваныя асобы запрашаюць удзельнікаў зь ліку гледачоў. Ёсьць яшчэ адна ўдзельніца — Апалёнія Дарэўская (Ганна Кізюк),
прыгонная танцаўшчыца гарадзенскай балетнай трупы Антонія Тызэнгаўза, якая вельмі палюбілася каралю.

Станіслаў Аўгуст ня быў ідэальным. Мог пабіць прыслугу, але затым узнагароджваў і прасіў прабачэньня. Быў шчодрым але і марнатраўным:
пакінуў даўгоў на трыццаць чатыры мільёны польскіх флярынаў. Задаўжаў нават сваім камэргерам і кухару!
Здымак з Казановай
Здымак з Казановай


Але навіна: звыклыя папойкі часоў саксонскіх каралёў сталі зьнікаць пры двары Станіслава Аўгуста. Вылучаўся ён цьвярозасьцю, а вытанчаную кухню любіў, меў кухараў немца і француза. Цікавая размова за сталом стала пераважваць. Кароль за абедам выпіваў ня больш за келіх віна. Якраз надышла заходняя мода на салодкія лікворы. Адзін прыдумаў сам кароль... І вось тут усіх запрашаюць на дэгустацыю...

Завяршаецца анімацыя: па лесьвіцы гледачы спускаюцца на першы паверх у сэнатарскую залю, дзе адбываліся пасяджэньні верхняй палаты сэйму. Там каралю належыць падпісаць акт адрачэньня ад пасаду... Ён сядзіць на больш-менш звычайным крэсьле, але тлумачыць, што сапраўднае каралеўскае не захавалася.

Станіслаў Аўгуст меў старасьвецкае — пасад з часоў дынастыі Пястаў, які вазіў за сабою. Забрала яго да сябе ў Пецярбург і загадала зрабіць зь яго сабе туалет. Калі сядзела на ім, яе хапіў удар, не мінула нават году пасьля адрачэньня караля. Такія ўрокі гісторыі... А зараз усіх гледачоў запрашаюць фатаграфавацца з удзельнікамі прадстаўленьня, і многія ахвотна пагаджаюцца.
Удзельнікі спэктаклю
Удзельнікі спэктаклю


Трэба сказаць, што прадстаўленьне трымаюць Герасімчык і Хацько. Іншыя таксама добра спраўляюцца са сваёй роляй. Прычым: вывучыць вялікія маналёгі напэўна ж няпроста, калі вы не прафэсійны актор. Відно, што калі анімацыю будуць паказваць, то ўсе ўдзельнікі зь цягам часу стануць больш артыстычнымі. Разьняволенымі.

Таксама неабходна адзначыць: танцы ХVІІІ стагодзьдзя пастаўленыя вельмі нядрэнна. Марына Сяліцкая прызнаецца, што ўсё рабілі самі, ня сталі зьвяртацца да прафэсійных актораў і танцораў. Шмат матэрыялу прагледзелі: паставілі, вывучылі танцы. Ніхто не дапамагаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG