Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салідарныя з Украінай рыхтуюцца назіраць за выбарамі


Беларускі камітэт салідарнасьці з Украінай пачаў рыхтаваць назіральнікаў за прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне, якія прызначаныя на 25 траўня. У бліжэйшых плянах беларускіх актывістаў таксама — некалькі акцыяў салідарнасьці з украінскім народам.

Актывісты Камітэту салідарнасьці дамаўляюцца пра назіраньне непасрэдна з рэгіянальнымі структурамі парлямэнцкіх палітычных партыяў — «Батьковщина», «УДАР», «Свобода», — кажа адзін з кіраўнікоў камітэту Павал Севярынец:

«Мы плянуем праз тыдзень накіраваць зварот ва ўкраінскі Цэнтравыбаркам, дзеля таго каб гэтая праграма была не лякальнай, а нацыянальнай. Ведаем, што беларускіх назіральнікаў ва Ўкраіне чакаюць. І спадзяемся, што ва ўкраінцаў будзе час, нягледзячы на такія бурлівыя падзеі, якія там адбываюцца, гэтую праграму падтрымаць.

Па праграме-мінімум, так ці інакш, некалькі дзясяткаў беларусаў паедуць у розныя рэгіёны — Чарнігаў, Кіеў, Кіраваград. Пра гэта ўжо ёсьць дамова. Але нам хацелася, каб гэта была шырокая праграма. Таму што яна дае ўяўленьне самім беларусам на ўкраінскім прыкладзе пра дэмакратыю ў пераходны пэрыяд. І таму, што наш досьвед запатрабаваны там. Бо тое, як можа адбывацца фальшаваньне выбараў на постсавецкай прасторы, беларусы цудоўна ведаюць. Думаем, што па праграме-максымум гэта будзе нават да двухсот чалавек».

Сябра Камітэту, паэт Сяргей Законьнікаў лічыць, што «прыход незалежнасьці ні ва Ўкраіне, ні тым больш у Беларусі ня быў асэнсаваны да канца»:
Сяргей Законьнікаў

Сяргей Законьнікаў

«Многія гавораць: „Мова, мова... Кіньце вы з гэтай мовай. Мова — гэта не галоўнае“. Не, гэта якраз галоўнае. Паглядзіце, што з Украінай атрымліваецца, як гэтую мову ўзялі на ідэалягічнае ўзбраеньне мясцовыя сэпаратысты. І як гэта ўсё канчаецца вельмі кепска.

Моўныя аспэкты, з аднаго боку, трэба не выпячваць. А з другога боку, паціху, паступова, мэтадычна рабіць усё на карысьць роднай мовы».

Павал Севярынец кажа, што цяпер Камітэт салідарнасьці спрабуе высьветліць заблытаныя абставіны ўдзелу асобаў зь беларускімі пашпартамі ў сэпаратысцкім руху на паўднёвым усходзе Ўкраіны:
Павал Севярынец

Павал Севярынец

«Нам трэба высьветліць — хто гэта? Ці гэта сапраўды беларусы? Ці грамадзяне Расеі, якія атрымалі беларускія пашпарты і якія як агенты дэстабілізацыі ва Ўкраіне рыхтаваліся на тэрыторыі Беларусі? Гэта патрэбна для таго, каб і Беларусь, і Ўкраіна ведалі сваіх „герояў“. Бо з тэрыторыі Беларусі ва Ўкраіну, карыстаючыся бязьвізавым рэжымам, пранікаюць, скажам наўпрост, дывэрсійныя групы. Пасьля яны ўдзельнічаюць у забурэньнях, кшталту данецкіх ці луганскіх».

Сябры Камітэту таксама працягваюць збор сродкаў для сям’і беларуса Міхася Жызнеўскага, забітага на Майдане.

Беларусі камітэт салідарнасьці з Украінай быў створаны месяц таму, калі пачаліся падзеі,зьвязаныя з анэксіяй Расеяй Крыму. На дадзены момант у яго ўваходзяць больш за 50 чалавек. Гэта прадстаўнікі грамадзкіх, палітычных, культурніцкіх арганізацыяў і партыяў, а таксама прыватныя асобы. Напачатку каардынаваў працу Георгі Зьмітрук. Але ў выніку рэпрэсіяў у дачыненьні да яго вырашана, што далей кіраваць Камітэтам будуць адначасова некалькі чалавек.
XS
SM
MD
LG