Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Я не хачу жыць па-руску, — Алесь Наркевіч


Сваю Вялейшчыну ён лічыць найпрыгажэйшым краем сьвету, а родную мову наймілейшай. Прадпрымальнік, бард, краязнавец Алесь Наркевіч — герой новага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».

«Беларускамоўных, нават не беларускамоўных, а беларускаслоўных, у нас называлі «красты».

Дзякуй Богу, што трапіў на тры гады служыць на Сахалін. Там мне давялося пажыць зь іншымі людзьмі. Там я і ўбачыў, што мы роўныя, але мы розныя. Былі там пераважна расейцы і ўкраінцы. Вось жа там я і зразумеў, што я, адназначна, да іх непадобны. Яны мне самі казалі: «Адкуль ты гэткі?»

Там я зразумеў, што я не хачу жыць па-руску і не хачу быць такі самы, як рускія. Я проста — ня рускі.

Маленства маё праходзіла ў вёсках на Вялейшчыне — Вольшыне, адкуль бацька, і Мішутах, матуля адкуль. Мне вельмі падабалася там слухаць дзядоў і ўсіх мясцовых жыхароў. Пераехалі бульдозэрамі фактычна жыцьцё тысячаў і тысячаў гэтых людзей.

Вёска маіх продкаў Вольшына была зьнішчаная ў выніку пабудовы Вілейскага вадасховішча ў 1972 годзе. Могілкі там выкопвала і перавозіла радня, у каго заставалася, а ў каго не заставалася, тыя магілы зруйнавалі. Уяўляеце сабе, колькі тады зруйнавана гісторыі нашай!

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»
Мне і няёмка, і дыскамфортна, і камплексую нават, што я пакуль што вельмі мала раблю дзеля краіны. Мала ведаў, сьмеласьці бракуе. Шмат што хацелася б зрабіць пры наяўнасьці той самай рашучасьці і сьмеласьці. Хацелася б удзельнічаць у нейкіх палітычных працэсах нават на мясцовым узроўні.

Непачаты край працы. Тут кожны дзень можна нешта рабіць дзеля Беларусі. Кожны дзень, кожную хвіліну. Мы ня робім, і таму мы ў такім стане. Зважаць на нейкія рэчы, маўляў, некаму нехта перашкаджае, — я лічу, што гэта няправільна. Мы самі сабе перашкаджаем. Лянота перашкаджае.

А пэсымізм мне, дарэчы, дапамагае нешта рабіць, хаця б нешта. Каб я быў аптымістам, я б увогуле нічога не рабіў, жыў бы як мага лягчэй, як мага прасьцей, рабіў бы толькі тое, што мне прыемна.

Пры гэтай уладзе нейкага паляпшэньня становішча беларушчыны, адраджэньня нацыянальнага я б не чакаў. Наша краіна мне падаецца сьпячай прыгажуняй, знаходзіцца ў стане нібы комы нейкай. Спадзяюся, некалі ўрэшце мы ўсё ж абудзімся, будзем жыць па-людзку, насамрэч прыгожа, насамрэч будзем жыць".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG