Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Беларусі праходзіць рэспубліканскі суботнік. Як падае афіцыйная статыстыка, амаль 3 мільёны беларусаў ахвяравалі выходным і працавалі бясплатна.

Традыцыйна цікавасьць прыкаваная да таго, у якой кампаніі і на якім аб’екце аб’явіцца Аляксандар Лукашэнка. У ранейшыя гады ён мясіў бэтон на ўзьвядзеньні будынкаў Нацыянальнай бібліятэкі, Нацыянальнага алімпійскага камітэту, «Менск Арэны» і «Чыжоўка Арэны», аквапарку. Сёлета Лукашэнка павярнуўся тварам да жанчын — прыехаў на будоўлю новага акушэрска-гінекалягічнага корпусу 5-га менскага гарадзкога шпіталю.

Дарэчы, акурат шэсьць гадоў таму, менавіта падчас суботніка, краіна ўпершыню даведалася пра існаваньне Мікалая Аляксандравіча: на «Менск Арэне» Лукашэнка раўняў цэмент разам з маленькім хлопчыкам-бландынам. Некаторы час прэзыдэнцкаму атачэньню нават удавалася рабіць выгляд, што яны паняцьця ня маюць, што гэта за «сваяк».

Ад таго часу Мікалай — пастаянны ўдзельнік усіх суботнікаў.
Сёньня яму ў памагатыя была прыстаўленая біятляністка, трохразовая алімпійская чэмпіёнка, гераіня Беларусі Дар’я Домрачава. Лукашэнкі займаліся цэмэнтнымі сьцяжкамі, Домрачава будаўнічым міксерам даводзіла «заліўку» да кандыцыі. Пасьля плённай працы на балкончыку будучай палаты ў Лукашэнкі адбылася размова з «выхаванкай» — падчас Алімпіяды ў Сочы ён расказаў, што асабіста настройвае біятляністку на самыя важныя старты.

Паводле зьвестак, сёньняшні адрас для суботніка Лукашэнка выбраў не выпадкова — менавіта ў гэтай сталічнай радзільні зьявіліся на сьвет бальшыня ягоных унукаў.



Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG