Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рахманы памяркоўны беларус, мне здавалася, нічым зьдзівіць больш ня можа. Я памыляўся. Апошняя мая вулічная размова зь мінакамі датычыла пытаньня: што рабіць беларускаму начальству, каб не паўтарыўся крымскі сцэнар у Беларусі, каб Расея яе не далучыла, як Крым? Аказалася, што народ зусім ня супраць далучэньня, а большасьць нават шчыра «за». А «крымскі сцэнар» гучыць для іх нясмачна, ледзьве не абразьліва.

Чаму так? Таму што вельмі правільна зрабіла Расея, што ўзяла ды «аджала Крым», разумееце? Гэта мне ўталкоўваў мужчынка, які назваўся доктарам, што ня спаў шэсьць начэй (апэндыцыты рэзаў?) і яму адзінае, што цяжкавата гаварыць. Выглядала, што чалавек зьлёгку пад чаркай. Але ён узяў сябе ў рукі, удакладніў мне, што яшчэ ён чалавек ваенны, падпалкоўнік, і вельмі ўсьцешаны расейскім «аджацьцем» кавалка Ўкраіны. Ну проста шампанскае павінны беларусы адкаркоўваць з гонарам за старшую сястрыцу ў сарафане і з какошнікам на галаве.

Мы ня супраць, каб Расея нас далучыла, каб мы сталі аўтаномнай рэспублікай, гаварылі мне гарадзенцы. Якія яшчэ варыянты адказу? Сталы мужчына не задаволены сваім заробкам чатырыста даляраў, а ў Расею зьезьдзіў – семсот зарабіў. Працуе на заводзе, дзе тры тысячы чалавек і амаль усе пагалоўна думаюць так, як ён – у Расею, бо там лепш жывуць! А чалавеку больш нічога ня трэба – катэгарычна адрэзаў ён мае пытаньні пра беларускі сувэрэнітэт. Мужчына, які праходзіў міма, непрыемна зьдзівіўся «высокім матэрыям» накшталт крымскага сцэнару: нам не да таго, нам са
сьнежня месяца заробак не плацілі – кінуў незадаволена на хаду.

Наступны здаўся мне напачатку яшчэ больш крытычным: «Напэўна хутка будзе і тут – што ва Ўкраіне. Давядзе нас Лукашэнка да вясёлага жыцьця. Калі цэны будзе падымаць», бо «ўсё даражэе, жыцьцё даражэе!». Але што датычыць «крымскіх спраў», то ён тут некампэтэнтны. А далей – сачыце за лёгікай! – «я што, я беларус, і гэтым усё сказана, я ня супраць, каб уключылі ў Расею Беларусь».

Яшчэ больш падкаваў мяне адносна народных настрояў малады спадар у дымчатых акулярах, якія хавалі ягоныя вочы. Ён патлумачыў: стаць аўтаномнай рэспублікай Расейскай Фэдэрацыі для Беларусі – райская магчымасьць. Трэба за яе абавязкова хапацца будзе, калі Лукашэнка з Пуціным палюбоўна дамовяцца. Чаму? Таму што будуць значныя зьніжкі на газ! Канечне, у галаве ў яго была ў гэтую хвіліну Ўкраіна, Беларусі Пуцін і так зьнізіў да мінімальнай мяжы, ніхто так мала больш ня плаціць!

Канечне, газ – гэта важна. Але настроі-то ў народзе беларускім якія, адчуваеце? Здацца таму, хто таньней прапануе табе кавалак хлеба. Тое, што гэта будзе чужы кавалак, з чужога стала, у чужой хаце – мазгоў у беларуса на гэта не хапае. Мазгі адпачываюць, працуе толькі страўнік. Беларускія мазгі – гэта тэлевізар, першая праграма з адвечным Лукашэнкам, якога штодня нудна паказваюць у кабінэтах з пазалочанымі крэсламі.

Народ, якому сьніцца, як ён з радасьцю падымае рукі ўверх – гэта і ёсьць тыя пятая і дваццаць пятая калёны, якімі нас страшыць рэгулярна наш начальнік. Гэтая калёна – яго гадаванцы, яго «палітычны твор». У яго падыход, можна сказаць, прыватны: «пятая калёна» – тое, што пагражае яму. А зусім не існаваньню краіны, як асобнай, незалежнай, самацэннай, беларускай. Так бывае, калі дзяржава разглядаецца, як бастыён неабмежаванай асабістай улады. А такая падмена паняцьцяў абарочваецца тым, што грамадзяне цяпер прагна глядзяць у рот Пуціну, мараць пра абдымкі Масквы.

У тых, хто Масквы пабойваецца, хто квола спадзяецца па-ранейшаму жыць у недэмакратычнай, але адносна незалежнай Беларусі, адна надзея – на самога Лукашэнку. Як мне сказала сталая жанчына, якая сядзела на лаўцы: Лукашэнка не дапусьціць, «каб яго далучылі да Расеі»! Не Беларусь, а яго, бо дзяржава – гэта ён. Хаця сама гэтая жанчына зусім не была б супраць такога далучэньня, сказала яна мне.

Толькі адзін спадар не крывіўся ад «крымскага сцэнару», сказаў, што небясьпека яго існуе сапраўды. А што рабіць рэспубліканскаму начальству? Нічога. Пуцін цяпер «весьма сілён» і дзёргацца няма сэнсу, Пуцін зробіць як захоча, а што ў яго ў галаве – нікому невядома.

І ўсё гэта я пачуў у заходнім горадзе Беларусі, дзе ніякіх незалежніцкіх ці, скажам, праэўрапейскіх настрояў мне не сустрэлася. Сьпяць і бачаць сябе ў Расеі, дзе Пуцін, дзяшовы газ, дзе шчасьце. А што ж тады будзе з Лукашэнкам, кім ён будзе? – пацікавіўся я. Ды ўсё роўна, я пра сябе думаю, запярэчыў чалавек з думкамі ў Расеі: няхай губэрнатарам, няхай кім хоча.

Кожны ў гэтай краіне думае толькі пра сябе. І пра Расею. Хто са страхам, але большасьць зь любоўю, якая, як наракаюць, працьверазеўшы, самі расейцы – «зла». Але гэта будзе потым. А спачатку любоў, папросту замілаванае каханьне. «Мы за ўваход у Расею», тлумачылі мне гарадзенцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG