Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данецкія гімнасты ў Магілёве: Украіна мае быць непадзельнай, але дзьвюхмоўнай


Невялікая каманда з украінскага Данецку — трое дзяўчатак-спартовак і трэнэрка
Невялікая каманда з украінскага Данецку — трое дзяўчатак-спартовак і трэнэрка
У Магілёве завяршыўся традыцыйны турнір па спартовай гімнастыцы на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Сьвятланы Баітавай. У ім ўдзельнічалі юныя гімнасты з Данецку.

Да ўкраінскай каманды было асаблівае стаўленьне. Трэнэрцы Натальлі Воўчанцы даводзіла тлумачыць, што ва Ўкраіне няма вайны, а самі ўкраінцы хочуць, каб іхная краіна заставалася незалежнай і непадзельнай. Пра тое, чым жыве ўсход Украіны, пра страхі і чаканьні, пра спорт і палітыку Натальля Воўчанка апавяла Свабодзе.

З Натальляй Воўчанкай гутарым у магілёўскім палацы гімнастыкі пасьля ўрачыстага закрыцьця турніру. Сярод камандаў-удзельніц украінская колькасна найменшая — толькі трое дзяўчатак-гімнастак ды сама трэнэрка. Усе юныя спартоўкі з Данецку заваявалі на турніры мэдалі. Трэнерка сваімі гадаванцамі задаволеная і гэтага не хавае. На пытаньне, ці цяжка было сабрацца на спаборніцтва ў Беларусь у няпросты для Ўкраіны час, адказвае, што не:

«Сродкі, кажа, было знайсьці нескладана. Нам дапамагаюць бацькі дзяцей. Пражываньне нам аплацілі арганізатары. Бацькі ж аплацілі дарогу і харчаваньне, тлумачыць Натальля Воўчанка і дадае: «Ва Ўкраіне ўсё адно мала спорту. Трэнэры на энтузіязьме працуюць. Заробкі малыя. Усе імкнуцца зьехаць некуды, каб заробіць болей. Спорт ва Ўкраіне гіне. Мы ж хочам, каб ён квітнеў».

Госьця з Украіны адзначае, што за ўсе дні турніру да ейнай каманды стаўленьне было асаблівым.
Трэнэрка з Украіны Натальля Воўчанка (у цэнтры)
Трэнэрка з Украіны Натальля Воўчанка (у цэнтры)


Пра «вайну»


«Усе хацелі даведацца, што ў нас і як у нас. Казалі, што ў нас вайна», — адзначае спадарыня Натальля і тут жа заяўляе:

«Няма ў нас вайны. Людзі толькі на пачатку гэтага тыдня пачалі бунтаваць, а жыцьцё ў Данецку ідзе спакойна. Усе людзі, як хадзілі на працу, гэтак і ходзяць. Школы працуюць, садкі працуюць. Людзям заробкі выплачваюць. Данецк, як некаторыя сьцьвярджаюць, нібыта зьбіраецца ў Расею, але гэта няпраўда. Данецк хоча застацца ў складзе Ўкраіны, але быць крыху незалежным ад нашай кіеўскай улады», — тлумачыць трэнэрка.

Пра эканамічны крызіс


Суразмоўніца адзначае, што шмат жыхароў Данбасу цяпер занепакоеныя, як будзе працаваць мясцовая прамысловасьць у новых рэаліях. Баяцца, што ўсё паспыняецца. Не давяраюць Эўразьвязу. Адсюль, кажа спадарыня Натальля, і людзкая незадаволенасьць. Прадстаўнікі новай улады пакуль не патлумачылі, як зьбіраюцца ратаваць эканоміку: «У нас прамысловы горад. Шахты. І калі мы будзем уступаць у Эўразьвяз, то гэта ўсё, гавораць, закрыецца. Шахтары незадаволеныя такой сытуацыяй».

Пра дзьвюхмоўе


Натальля Воўчанка даводзіць, што ў Данецку няма варожасьці да ўкраінскай мовы, але пераважная большасьць жыхароў Данбасу, не хавае яна, усё ж гаворыць па-расейску. І такое становішча, на ейную думку, застанецца яшчэ на доўгі час.

«Мова тут наагул ні прычым, — лічыць трэнэрка, — Калі пачаўся канфлікт ва Ўкраіне пачалася кампанія, калі захад краіны адзін дзень размаўляў па расейску, а Ўсход — па-ўкраінску. У нас ёсьць украінскія садкі, украінскія школы. Ніхто нікога не прымушае — хто на якой мове хоча гаварыць, той і гаворыць. Але ж ў нас, у Данецку, працягвае спадарыня Натальля, гавораць амаль усе толькі па-расейску. У школах, згаджаецца яна, павінны выкладаць украінскую мову, бо яна дзяржаўная і мы жывём ва Ўкраіне, але людзі маюць выбіраць самі мову», лічыць Натальля Воўчанка.
Дзяржаўныя сьцягі краін-удзельніц спаборніцтваў: Украіны, Латвіі, Беларусі.
Дзяржаўныя сьцягі краін-удзельніц спаборніцтваў: Украіны, Латвіі, Беларусі.

Пра падзел Украіны на Ўсход і Захад


Суразмоўніца аднак не хавае, што ва Ўкраіне застаецца падзел на Ўсход і Захад. «Усё роўна, кажа яна, Захад трымаецца свайго, а Ўсход — свайго. Відаць, ураду трэба было, каб у адзінай Украін заставалася пакуль дзьве мовы і людзі выбіралі, на якой ім гаварыць».

Пра стасункі з расейскімі спартоўцамі


Расейска-ўкраінскае супрацьстаяньне, пагаджаецца Натальля Воўчанка, наклала нэгатыўны адбітак на адносіны між украінскімі і расейскімі спартоўцамі. Атлеты з заходніх рэгіёнаў Украіны, кажа яна, найбольш выразна дэманструюць сваю пазыцыю адносна Расеі.

«Патрыёты-ўкраінцы настолькі балюча ўспрынялі трагічныя падзеі, што байкатавалі алімпіяду ў Сочы. Але ўсё роўна спартоўцы за адзіную Ўкраіну. Мы хочам, каб у нас заставалася адзіная дзяржава і неістотна, на якой мове. Я мяркую, што з часам усё ўляжацца, бо спорт павінен заставацца спортам», цьвердзіць Натальля Воўчанка.

Пра станоўчыя эмоцыі

На пытаньне, у чым украінцы найбольш цяпер маюць патрэбу, суразмоўніца адказала:

«Калі ўвесь сьвет будзе пасылаць ва Ўкраіну станоўчыя эмоцыі, то тады, напэўна, ва Ўкраіне ўсё супакоіцца і ўсё будзе ў парадку. Упэўненая, што ня будзе вайны. Усё вырашыцца мірным шляхам».


У магілёўскім турніры сёлета ня ўдзельнічалі гімнасты з Расеі. Іх адсутнасьць на спаборніцтвах тлумачылася цяжкасьцямі, выкліканымі эканамічным крызісам. Акрамя беларускіх ды ўкраінскіх спартоўцаў на турніры, выступілі гімнасты з Латвіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG