Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навумчык: зьбіцьцё дэпутатаў дэлегітымізавала рэфэрэндум


Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ. На першым пляне - Зянон Пазьняк, Лявонцій Зданевіч, Ігар Гермянчук, Сяргей Папкоў. 1995 год.

Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ. На першым пляне - Зянон Пазьняк, Лявонцій Зданевіч, Ігар Гермянчук, Сяргей Папкоў. 1995 год.

Уначы 12 красавіка 1995 году ў Авальнай залі былі зьбітыя дзевятнаццаць дэпутатаў Апазыцыі БНФ, якія абвясьцілі галадоўку супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму.

Соўсь: На рэфэрэндум выносіліся пытаньні аб зьмене дзяржаўнай сымболікі, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт і эканамічнай інтэграцыяй з Расеяй. Са мной у студыі – мой калега, удзельнік тых падзеяў і былы дэпутат Сяргей Навумчык. Сяргей, як тады былі ўспрынятыя тыя начныя падзеі?

Навумчык: Галоўны палітычны вынік быў відавочны адразу: раніцай 12 красавіка 1995 года беларусы прачнуліся ў іншай краіне. Дзесяцігодзьдзямі ў Эўропе не было нічога падобнага. Была спроба вайсковага перавароту ў Гішпаніі ў 1981-ым, калі ў будынак картэсаў уварваліся афіцэры – але дэпутатаў не зьбівалі. А тут – брутальнае зьбіцьцё недатыкальных, паводле закону, асобаў на прамы загад кіраўніка дзяржрвы. “Краінай кіруе хунта” – так у той дзень вызначыў сытуацыю Васіль Быкаў. “Ці Вам не падаецца, што гэта вельмі нагадвае фашыстоўскі пераварот?” – запытаўся ў мяне тады журналіст Віталь Тарас. Але трэба прызнаць, што тады ні нашае грамадзтва, ні міжнародная супольнасьць не ўсьвядомілі ў поўнай стуені, што адбылося. А адбылося тое, што з гэтага моманту Лукашэнка зразумеў: можна беспакарана рабіць усё. Адміністрацыя прэзыдэнта пачала не выконваць нормы законаў, што выявілася і ў расьледваньні гэтай гісторыі. Напрыклад, сьледчы генэральнай пракуратуры запатрабаваў ад кіраўніка адміністрацыі Леаніда Сініцына відэазапіс начных падзеяў у Авальнай залі (з балкону ўсё фіксавалі два апэратары, і Лукашэнка абяцаў паказаць запіс па тэлебачаньні) а Сніцын проста праігнараваў гэтае патрабаваньне.

Соўсь: А калі б запіс паказалі па тэлебаваньні?

Навумчык: Ніколі б не паказалі, бо Лукашэнка разумеў, што ў гэтым выпадку вынікі выбараў у Вярхоўны Савет 13-га скліканьня (выбары сумяшчаліся з рэфэрэндумам), ды і вынікі галасаваньня па рэфэрэндуму могуць быць іншымі.
Ну і калі казаць пра непасрэдных выканаўцаў загаду – міністар унутраных спраў генэрал Юры Захаранка сказаў мне тады, што ягоныя падразьдзяленьні не прымалі ўдзел у нашым зьбіцьці (хаця спэцназу і міліцыі ў Авальную залю і ў сам будынак Дома ўраду нагналі некалькі сотняў чалавек, што і пацьвердзіла пракуратура). А пазьней першы намесьнік старшыні КДБ Валер Кез, калі ўжо быў у адстаўцы, прызнаўся, што людзьмі ў “чорных масках”, якія нас зьбівалі, былі афіцэры групы КДБ “Альфа”. Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ. Алег Трусаў, Сяргей Навумчык, Барыс Гюнтэр, Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі, Аляксандар Шут, Уладзімер Заблоцкі. За прэзыдэнцкай трыбунай Аляксандар Лукашэнка, у прэзыдыюме старшыня ВС Мечыслаў Грыб і намесьнік старшыні ВС Іван Бамбіза, на трыбуне старшыня камісіі ВС Уладзімер Лаўчык. Авальная заля Дома ўраду, 11 красавіка 1995 г.Фота Сяргея Грыца.

Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ. Алег Трусаў, Сяргей Навумчык, Барыс Гюнтэр, Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі, Аляксандар Шут, Уладзімер Заблоцкі. За прэзыдэнцкай трыбунай Аляксандар Лукашэнка, у прэзыдыюме старшыня ВС Мечыслаў Грыб і намесьнік старшыні ВС Іван Бамбіза, на трыбуне старшыня камісіі ВС Уладзімер Лаўчык. Авальная заля Дома ўраду, 11 красавіка 1995 г.Фота Сяргея Грыца.


Соўсь: Сяргей а якія прававыя наступствы вашай галадоўкі?

Навумчык: Ужо адразу пасля яе пачатку, калі мы селі ля трыбуны і глядзелі ў вочы калегам-дэпутатам, зацьвярджэньне вынесеных Лукашэнкам на рэфэрэндум пытаньняў пачало правальвацца, не набіраць нележнай колькасьці галасоў. З гэтага пункту гледжаньня наша акцыя была надзвычай эфэктыўнай – бо ў папярэднія дні мы шмат выступалі з аргумэнтамі, але гэта не пераконвала значную частку дэпутатаў. А цяпер яны нешта пачалі разумець. Ну а нашае зьбіцьцё на наступны дзень іх напалохала, яны былі падаўленыя і вымушаныя прагаласаваць за прапановы Лукашэнкі.

І вось тут вельмі важны момант, які ў свой час адзначыў доктар юрыдычных навук, прафэсар Міхаіл Пастухоў. Сам факт зьбіцьця дэпутатаў парлямэнту ў час, калі ішла працэдура прызначэньня імі рэфэрэндуму, робіць вынікі гэтага рэфэрэндуму юрыдычна нулявымі. Гэта як у судовай практыцы: калі справа ўзбуджаная незаконна альбо доказы здабытыя незаконым шляхам – суд гэтую справу ці гэтыя доказы не прымае пад увагу. На тым рэфэрэндуме хапала парушэньняў Канстытуцыі і законаў, але для яго прызнаньня неканстытуцыйным дастаткова адных толькі начных падзеяў 12 красавіка 1995 года. Папросту, зьбіцьцё дэпутатаў Апазыцыі БНФ дэлегітымізавала рэфэрэндум.

З гэтай прычыны будучаму дэмакратычнаму кіраўніцтву краіны спатрэбіцца зусім няшмат часу, літаральна хвіліны, каб прыняць рашэньні аб аднаўленьні ў правах і бел-чырвона-белага сьцяга, і “Пагоні”, і беларускай мовы.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG