Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чацьвер Лукашэнка правёў нараду пра стан і пэрспэктывы разьвіцьця піваварнай галіны. І абурыўся, што дзяржаўнае прадпрыемства «Крыніца» дрэнна працуе і просіць у дзяржавы льготаў.

У пятніцу кіраўнік Беларусі паехаў у Слуцак, наведаў ільнокамбінат і мясакамбінат. І зноў абурыўся. Апошнімі месяцамі Лукашэнка толькі і робіць, што абураецца станам эканомікі і дзяржпрадпрыемстваў. Прычым абурэньне нарастае ў арытмэтычнай, калі не геамэтрычнай прагрэсіі.

«Поўны бардак, гаспадара няма, нікому гэта, адчуваю, ня трэба... Гэта што такое? У нас пасьля вайны такога не было!», — зрабіў выснову кіраўнік дзяржавы падчас наведваньня льнокамбінату. Ён, мусіць, не здагадваецца, што паставіў дыягназ усёй эканоміцы краіны, існай сацыяльнай мадэлі, абвешчанай кампаніі мадэрнізацыі.

Дарэчы, пра апошнюю Лукашэнка ўзгадаў на льнозаводзе. «Далажыце, калі павінна быць скончана мадэрнізацыя, дзе новае абсталяваньне. Можа, яно валяецца, як гэтыя трактары і сыравіна», — даручыў Лукашэнка старшыні КДК. Ён ня ведае, але здагадваецца. Дзе ж яшчэ можа быць новае абсталяваньне, як не валяцца!

Наведваньне мясакамбінату ўвогуле скончылася тым, што ён загадаў прыпыніць яго працу, бо высьветлілася, што тут перапрацоўваюць гнілое мяса. «Неадкладна ўдакладніце па краіне, ці ёсьць такі бардак на нейкіх прадпрыемствах», — даручыў Аляксандар Лукашэнка. Пытаньне рытарычнае. Думаю, адказ на яго ведае і сам беларускі лідэр. Калі падыходзіць з такім крытэрам, то трэба прыпыняць працу паловы прадпрыемстваў краіны.

Такім чынам, дыягназ пастаўлены. І зь ім цяжка не пагадзіцца. З тым, што ў беларускай эканоміцы «поўны бардак», згодныя ўсе: улада і апазыцыя, беларускія і замежныя экспэрты. Дый звычайныя абывацелі адчуваюць, што ў краіне «нешта ня так».

Але што ж рабіць? Рэцэпты выздараўленьня, выпісаныя Лукашэнкам, добра вядомыя.

Па-першае, загад навесьці парадак:

«Да 1 верасьня тут усё павінна быць вылізана. Зрабіце нармальны льнозавод... За месяц навесьці парадак!.. Да 1 жніўня павінен быць наведзены парадак на ўсіх прадпрыемствах... Улетку я на такія прадпрыемствы езьдзіць ня буду. Але калі з 1 жніўня я, ня дай бог, зайду і мне нешта не спадабаецца — ведаеш, што будзе», — сказаў ён.

Тут, як звычайна, Лукашэнка пярэчыць сам сабе, дае супярэчлівыя загады. Дык парадак навесьці за месяц, да 1 жніўня ці да 1 верасьня? Як можна за 1–4 месяцы навесьці парадак, калі гэтага ня здолелі зрабіць за 20 гадоў?

Па-другое, дырэктарат перасадзіць у турму:

«Распачынайце крымінальную справу і мне дакладвайце... Разьбярыцеся ў рамках крымінальнай справы па ўсіх пытаньнях... Усіх вінаватых — у камэру, няхай кампэнсуюць шкоду».

Хоць мэтода ня новая, але апошнім часам яна выкарыстоўваецца ўсё часьцей. У дрэваапрацоўчай галіне ўжо некалькі начальнікаў сядзяць. Дапамагае ня вельмі.

Але турма — гэта ня самае страшнае. На Слуцкім мясакамбінаце Лукашэнка прыдумаў новую, больш вытанчаную кару: закарміць начальнікаў гнілым мясам. «Усё, што сапсавана, хай ядуць. Калі пакінуць іх тут, нікога не выпускаць — няхай ядуць!» — загадаў ён.

Па-трэцяе, зьявіўся новы спосаб дэманстратыўнага прыніжэньня намэнклятуры — накіраваць высокага начальніка на даведзенае да ручкі прадпрыемства. Гэта было апрабавана яшчэ ў 2012 годзе падчас разборак у дрэваапрацоўчай галіне. І вось зноў. «З заўтрашняга дня накіраваць на прадпрыемства (Слуцкі льнозавод. — Аўт.) дырэктарам старшыню камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаваньні Менскага аблвыканкаму», — загадаў Лукашэнка. «Не наведзяце — пойдзеце сюды працаваць (на Слуцкі мясакамбінат. — Аўт.), — сказаў ён, зьвяртаючыся да кіраўніка Менскай вобласьці Сямёна Шапіры. І дадаў, што гэта тычыцца і прэм’ер-міністра зь ягонымі падначаленымі.

Чарговы спэктакль для народу атрымаўся. Ягоны электарат можа быць задаволены, бо любіць, калі прэзыдэнт ганяе мясцовых начальнікаў. Але эканамічнага сэнсу ўсё гэта ня мае. «Поўны бардак» — гэта дыягназ, ганаровая грамата да 20-гадовага юбілею.

11.04.2014 г.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG