Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як у людзей» — беларускі стандарт прыстойнага жыцьця, наш адпаведнік аанаўскага індэксу і ханаанскага боства. Хто гэтыя сакрэтныя людзі, звычайна не ўдакладняецца. Магчыма, пра іх расказваюць па тэлевізары, у перадачы «Зона Х», але ціха так расказваюць, праз суседзкую сьценку не чуваць. Напэўна, іхныя імёны проста лепш не вымаўляць уголас, бо яны працуюць на нас, як агенты пад прыкрыцьцём. У іх няма твараў, радзімых плямаў і праязных на трамвай, яны не смаркаюцца і не бяруць крэдытаў, гэта пра іх сказаў паэт: «...у іх нават мовы няма!». І нацыянальнасьці. Ніхто іх ніколі ня бачыў. Можа, іх і саміх няма зусім. Але акурат гэта для беларусаў ніколі не было праблемай.

«Як у людзей» — гучыць дзіўнавата на любой мове, апрача мовы беларускіх цудаў. У нас усё, як у людзей! — значыць, самі мы ўсё ж ня людзі, а так: раўняемся, бярэм прыклад з гэтых чароўных істотаў; стоячы ў зарасьніках на чатырох лапах, спрабуем устаць на заднія, узіраемся зьвярынымі вачыма ў цемру і прагна ўдыхаем дым іхнай часовай стаянкі. Падвываем захоплена: там л-ю-ю-ю-дзі... Так хочацца быць да іх падобнымі. У іх там добра: гарэліца, шашлычок, касьцярок, мацярок... У людзей заслужаны выхадны. А ў нас — час паляваньня.

Не, як кажуць адмарозкі, нешта ня так у гэтай карціне д’ампэца: вядома ж, «як у людзей» — ня значыць добра або кепска. «Як у людзей» — значыць найперш: ня горш, чым у іншых. Такая сабе сярэдняя прыступка лесьвіцы ў неба. Наступная ўжо называецца «па-багатаму». Але на яе не ступае нага «чалавека». «Людзі» там не жывуць. Што там рабіць? Зрабіць гэты крок на сярэднюю прыступку — ужо шчасьце, дастатковае, каб спыніцца і з гордасьцю паглядзець долу.

Сярэднюю клясу называюць хрыбтом нацыі і дзяржавы. Безь сярэдняе клясы ім няма на чым трымацца, дзяржава хоча горда ўскінуць галаву, а падбародзьдзе ўсё падае і падае ажно да калена — даводзіцца замаўляць пратэзы. У Беларусі тая кляса складвалася доўга і пакутліва, дый цяпер яшчэ, здаецца, знаходзіцца ў стадыі свайго фармаваньня — калі клясы ўжо аджываюць сваё. «Як у людзей» магло б зрабіцца яе дэвізам — але застаецца пагалоўна нормай для ўсіх, каму не дастаюцца падзеленыя вяршкі. У паўнавартаснай сярэдняй клясы ёсьць час і грошы на культуру, на тое, каб спакойна пасьля працоўнага дня спажыць прыгатаваны для яе культурны прадукт — тыя, у каго ўсё, як у людзей, на такія «ізьлішаствы» сродкаў ня маюць.

Дый жаданьня такога ў іх неяк не ўзьнікае. Якая культура? Ім хапае сваёй, уласнага хатняга марынаду. Як у людзей — гэта набор дабротаў і рытуалаў, ды яшчэ няхітры кодэкс маральных паводзінаў. Як у людзей — гэта нарадзіцца-адвучыцца, адслужыць-ажаніцца, нарадзіць-даць вышэйшую, пастарэць-памерці. І зьезьдзіць між справаю ў Турцыю-Эгіпэт. Машына-хата-дача, патрыярхат, востраў Сьлёз, правільныя танцы, правільны гвалт, правільная палавая арыентацыя і «не ўкрадзі» (у дзяржавы часам можна, але не ў асабліва буйных памерах). Як у людзей — гэта каб суседзі коса не глядзелі. Яны тут акурат ня людзі, але рэвізоры. Аднак і ты ў іх — рэвізор. Ня гогалеўскі, а самы сапраўдны, усяведны, як гугл. І ўсеўладны — да пэўнай мяжы: маеш права са сьвечкай стаяць, рабіць аналізы і замеры. Як у людзей — гэта справядлівасьць, якую ўстаўляеш сабе ў вушы і якой заляпляеш вочы і рот.

«Як у людзей» — беларуская мера, бязьмен, на якім вісіць грамадзтва. І калі ён цябе не вытрымлівае, калі дзяленьняў не хапае, каб назваць тваю вагу — людзі ня прымуць цябе ў сваё цеснае кола. Не таму, што злыя і замкнёныя: проста іхныя «як» вызначаныя дакладна да грама, і змайстраваныя так, каб упакоўваць іх было лёгка і прыемна.

Выганяць, вытураць, прыдумаюць прычыну.

Што зьдзіўляе ў Беларусі, дык гэта паталягічная любоў мясцовых жыхароў да калектыўных дзеяньняў, у тым ліку — да калектыўнага мыцьця. Напэўна, жаданьне, каб усё было як у людзей — адна з прычынаў папулярнасьці тут грамадзкіх лазьняў: такое адчуваньне, што яны ўвесь час зачыняюцца, няма ўжо тых, у якія хадзілі некалі ўсёй сям’ёй... а меней іх неяк ня робіцца. Некалі гэта можна было патлумачыць камунальным убоствам. Убоства зьнікла, але звычка засталася. Лазьня — добрае месца для праверкі на маральную і грамадзкую вашывасьць. Тыя, у каго ня ўсё, як у людзей, у лазьню звычайна ня ходзяць. З таго, што людзі называюць Нармальным Жыцьцём, іх мігам папросяць — там ужо дакладна відаць, як у людзей у цябе ўсё ці не. І чуваць таксама.

Трэба рабіць усё, як людзі, каб да нас ставіліся, як да людзей — на першы погляд гэта вельмі лягічнае сьцьверджаньне. Жалезнае! Але не ў Беларусі, поўнай цудаў, дзівосаў і лесьвіц з трыма прыступкамі. Зь першым, «рабіць як людзі», тут нібыта ўсё ў парадку ў абсалютнай большасьці насельніцтва. Ды чым больш у іх усё як у людзей, тым менш чалавечага (людзкага, на народнавольскім жаргоне) у стаўленьні да іх: улады, сьвету, сабе падобных... Рабі з намі, рабі, як мы — гэта нашае, гэдээраўскае. А вось «рабі лепш за нас» — лішняе, праўда?

Яны патрабуюць, каб мы жылі, як людзі — а просіш паказаць узоры, прыводзяць нейкіх сіняватых хімэраў і пакідаюць нас сам-насам. Маўляў, пагаварыце з народам — ён ведае, як і што. Здароў, хімэры. Як маецеся? Хімэры маўчаць, гледзячы некуды ў бок. Ты таксама выцягваеш шыю, але нічога не адбываецца.
Малюнак: П. Tатарнiкаў (c) 2014

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG