Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малалетнія вязьні Азарычаў: успаміны


Канцэнтрацыйны лягер Аўшвіц

Канцэнтрацыйны лягер Аўшвіц

11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызваленьня вязьняў фашыстоўскіх канцлягераў.

Разам з Бухэнвальдам, Дахаў ды іншымі фабрыкамі сьмерці сёньня згадваюць і пра тры Азарыцкія лягеры сьмерці, якія былі створаны захопнікамі ў Даманавіцкім раёне Палескай вобласьці (цяпер — Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласьці). Яны павінны былі стаць жывой заслонай на шляху наступу савецкіх войскаў перад поўным вызваленьнем Беларусі.

Сёньня ўспамінамі дзеляцца былыя малалетнія вязьні Азарыцкіх лягераў, якіх наступ уратаваў ад немінучай пагібелі.

Уладзімеру Мышаку зь невялічкага паселішча Заверхлесьсе Акцябрскага раёну ў 1944 годзе было толькі дзесяць гадоў. З роднай хаты фашысты выгналі яго разам з маці, трыма сёстрамі, дзядулем і бабуляй напрадвесьні.
Уладзімер Мышак

Уладзімер Мышак



Хлапчуку запомнілася найперш тое, што акупанты дзейнічалі падманам:

«У нашым сямействе ў дзяцінстве, калі мы ўсе жылі дома, страшна ненавідзелі падман. На жаль, цяпер я сустракаю шмат падману, асабліва ў Беларусі на выбарах. Мяне гэта проста рэжа, калі падманваюць.

Дык вось я хачу сказаць, што немцы свае гнюсныя справы рабілі, прыбягаючы да падману».

Уладзімер згадвае, як у вёску першы раз прыйшоў немец — высокі, статны. Адзін, бяз зброі. Празь мясцовага перакладчыка Юзіка — той быў у нямецкім палоне ў Першую ўсясьветную вайну і няблага ведаў мову — нязваны госьць распавядаў, што прыйшоў вызваліць іх ад саветаў, даць лепшае жыцьцё. Пазьней ужо вяскоўцы дазналіся, што захопнікі спэцыяльна затаіліся на ўзьлеску, а ў вёску выправілі «парлямэнцёра».

Праз колькі часу Заверхлесьсе зазнала выгнаньне:

«Нас усіх з аўтаматамі, кулямётамі выгналі і пагналі за два кілямэтры ў суседнюю вёску Ляскавічы. Акупанты казалі: „Гэта мы вас ратуем ад партызанаў. Тут лес, партызаны. Мы вас ратуем“.

Пагналі. Там ужо хаты гараць, ужо людзі крычаць — у хатах ужо людзей паляць. Калі гналі нас з паселішча ў вёску, то былі людзі і старыя, і хворыя. Дык захопнікі казалі: „Калі ласка, заставайцеся, зайдзіце во на гэты панадворак — і мы вас хутка падвязем“. Яны заходзілі, а мы далей ішлі. Празь некалькі хвілін — аўтаматныя чэргі. Падвезьлі. То бок усё будавалася на падмане».

Напачатку вяскоўцам казалі, што павядуць іх у Глуск. Але пасьля зборнага лягера ў Рудабелцы (цяпер райцэнтар Акцябрскі) людзей урэшце загналі ў Азарычы:

«Нас загналі — там ужо шмат народу было. Прывозілі хворых на тыфус. Кашмар. Потым сьнег, мароз. Там пад сасонкамі людзі сядзяць, хтосьці стаіць. Але ў асноўным сем’ямі пад сасонкамі сядзелі. Там мая мама была, дзядуля, бабуля, тры маладзейшыя за мяне сястрычкі. Нельга па тэрыторыі было прайсьці свабодна. Трэба было пераступаць, пераскокваць праз сумёты, пад якімі ляжалі мёртвыя людзі».

Прыгадвае былы малалетні вязень, як іншым разам захопнікі прывозілі хлеб:

«Немцы чаргу шыхтавалі і хлеб давалі. Людзі шыхтаваліся ў калёны. Я з таварышам таксама стаяў. Дасталася нам на дваіх паўбулкі хлеба. Мы зь ім падзялілі гэта напалову і прынесьлі да сваіх, на ўсю нашу вялікую сям’ю. Нам не дазволілі нават цяпельца распаліць пад пагрозай расстрэлу. Мерзьлі, сьнегам прысыпала. Мама, дзядуля з бабуляй накрыюць нас саматканай дзяружкай, што ўзялі з сабою. А ноччу прысыпле сьнегам — і ўжо цяпло было. Мама ўставала ноччу і мацала: жывыя, не жывыя?»

Калі савецкія салдаты вызвалілі лягер, усе Ўладзевы родныя былі яшчэ жывыя. Але пасьля амаль адразу ад тыфусу памерлі маці, дзядуля з бабуляй і дзьве сястрычкі. Уладзімер пасьля вайны скончыў школу, тэхнікум і інстытут сувязі. Працаваў загадчыкам лябараторыі. Ён — сябра партыі «Справядлівы сьвет», дзядуля дваіх унукаў. У жыцьці больш за ўсё не цярпіць падману.

Аўчарак не люблю


Ураджэнцы Жлобіна Надзеі Кабзаровай, калі яе з роднымі прыгналі ў Азарыцкі лягер, было блізу трынаццаці гадоў. З райцэнтру іх прывезьлі ў Рудабелку таварняком. Адтуль гналі ў Азарычы пешшу:

«Бабулю згубілі з усіх. Мама з намі ідзе апошняя. За намі — немцы з аўчаркамі. Мы ўжо зь сястрой ісьці ня можам. Мы ў сьнег — і седзімо. Мама браціка нясе і нам: „Ідзіце!“ Мы не ідзем, згодныя замерзнуць. У нас няма сіл ісьці, мы мокрыя. Мама спыніцца, плача, кліча нас. Потым мэтраў пяць адышла і паказвае: „Абярніцеся“. Мы зь сястрой аглядваемся. А ў гэты час бягуць на нас аўчаркі з салдатамі. А ў мяне такая думка: вось аўчарка скочыць на мяне і будзе рваць твар. І з таго часу я ненавіджу аўчарак. Гэтыя клыкі перада мною бачу». Надзея Кабзарава

Надзея Кабзарава



Надзея Аляксандраўна згадвае, што па дарозе ў лягер захопнікі накідалі паабапал сухароў, заражаных тыфусам. І яны іх падымалі, грызьлі, ня ведаючы пра хваробу.

Першым у лягеры памер трохгадовы брацік. Ён гаварыў слаба і, зьвяртаючыся да аховы, прасіў: «Дзядзька, ка» — малака, значыць. Немец, як згадвае Надзея, прынёс невялічкую белую булачку. Але хлапчуку яна ўжо не спатрэбілася — сканаў.

Надзея: «Пару разоў на тыдзень прывезьлі хлеба. Нямецкага. Белы такі, маленькія боханчыкі. Адзін стаіць з фотаапаратам на машыне, а іншы — кідае. Людзі, хто яшчэ можа хадзіць, лезуць. Галодныя ж усе. Немцы ззаду стаяць і кіямі б’юць. А той усё фатаграфуе».

Пасьля лячэньня ў шпіталі ў Рэчыцы Надзея 42 гады працавала станочніцай на «Гомельдрэве». Цяпер на пэнсіі.

«Мне 83 гады, а ў мяне нават групы інваліднасьці няма. Я ўся хворая. Пытаюся ў лекараў: „Мне група павінна быць?“ Яны: „Так“. Але ж кажуць: „Бачыце, колькі разьбіваецца машынаў, колькі інвалідаў“. І мне 9 ліпеня будзе 83 гады, а ў мяне групы ніякай няма».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG