Лінкі ўнівэрсальнага доступу

— Сяргей, ну ты бачыш сытуацыю і можаш пралічыць наступствы. Таму вызначайся і далучайся. — Гэтыя словы Віктар Ганчар сказаў мне ў лютым 94-га ў калідоры Дому ўраду.

Ён ішоў з кабінэту старшыні «антыкарупцыйнай камісіі» Аляксандра Лукашэнкі ў фае перад Авальнай заляй, дзе стаялі ўрны для галасаваньня па ўвядзеньню ў Канстытуцыю «прэзыдэнцкіх» разьдзелаў. Ганчар быў з тых, хто падтрымаў такі нязвыклы для Вярхоўнага Савету спосаб галасаваньня (Апазыцыя БНФ назвала яго незаконным), і менавіта ён ўзначаліў падліковую камісію.

Вызначацца мне Віктар прапанаваў з галасаваньнем за ўвядзеньне ў Канстытуцыю пасады прэзыдэнта. А далучацца — ясна, да групы, якая ўжо атрымала назоў «маладыя ваўкі» і дзе правадыром быў Лукашэнка.
У той момант прапанова Ганчара мяне як апякла: значыць, нейкімі сваімі паводзінамі я даў зразумець, што я патэнцыйна магу быць «іхнім». Што магу ўзяць бюлетэнь пайменнага галасаваньня і пазначыць ў ім «так» насупраць прэзыдэнцтва, увядзеньне якога Апазыцыя БНФ лічыла прадвесьцем дыктатуры. Што магу прыйсьці ў былы кабінэт старшыні Вярхоўнага Савету (дзе цяпер сядзеў кіраўнік «антыкарупцыйнай камісіі» Лукашэнка ) і сказаць: «Саша... Аляксандар Рыгоравіч... Я вырашыў, быць з табой. Прабачце, з Вамі, у вашай камандзе», — і так зьвярнуцца да таго, да каго зь першага дня знаёмства меў антыпатыю, і які тры месяцы перад гэтым у сваім выступе хлусіў пра мяне на ўсю краіну.

Я адмовіўся, Ганчар і не ўгаворваў. Значыць, ня меў адносна мяне асаблівай надзеі — гэта супакоіла: тое былі дзяжурныя словы, якія ён казаў не аднаму мне. Магчыма, шмат каму. Але ніхто з Апазыцыі БНФ да Лукашэнкі не пайшоў.

Кар’ера, вывераная матэматычна


Раней я казаў, што ў 90-ых найбольш высокай кар’ернай прыступкі дасягнуў Лукашэнка, а найбольш імклівую кар’еру зрабіў Булахаў. Ганчар доўга не займаў прыкметных пасадаў, але ў яго іншы рэкорд — імгненнага здабыцьця вядомасьці.

За адзін дзень. Нават — за пару гадзінаў, як у Гагарына.

Сонечнай раніцай 15 траўня 1990 года 314 абраных дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР 12-га скліканьня сабраліся ў Авальную залю на сваю першую сэсію. Тады грамадзтва было на ўздыме, людзі верылі дэпутатам, абраным ў напружанай барацьбе, спадзяваліся, што з абраньнем новага Вярхоўнага Савета іх жыцьцё палепшыцца. Бо іначай і быць не магло — кожны дзень пашыраў тэрыторыю свабоды. Першае пасяджэньне сэсіі ішло ў прамой тэлевізійнай і радыё трансьляцыі, і сказаць, што сачыла за ім ня менш як палова насельніцтва рэспублікі, мільёнаў пяць — ня будзе ніякім перабольшваньнем.

Наступным разам такая аўдыторыя зьбярэцца перад «радыёкропкамі» толькі праз тры з паловай гады, у сьнежні 93-га, калі Лукашэнка будзе рабіць свой «антыкарупцыйны» даклад.

Сэсію распачаў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Міхаіл Лагір Паводле Канстытуцыі, да абраньня старшыні Вярхоўнага Савета менавіта старшыня ЦВК мусіў весьці сэсію. Колішні вяршыцель лёсаў (яшчэ ў часы Машэрава, як старшыня Камітэту народнага кантролю, ён быў член бюро ЦК КПБ), Лагір ва ўмовах адсутнасьці аднадумства і парадку блытаўся і ня ведаў, што рабіць. У Авальнай залі і сьмяяліся, і абураліся.

Адзін за другім дэпутаты падыходзілі да мікрафонаў і выкаваліся пра тое, што лічылі неабходным абмеркаваць ужо цяпер, на першай сэсіі.

Сяргей Папкоў — пра перасяленьне людзей з забруджаных радыяцыяй тэрыторый, Лявон Баршчэўскі — аб стварэньні парлямэнцкай камісіі камісіі па ацэнцы дзейнасьці кіраўніцтва рэспублікі па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і аб поўным адмаўленьні ад вытворчасьці сельгаспрадукцыі на забруджаных землях, Іван Смоляр — пра справаздачы ўраду па ліквідацыі вынікаў чарнобыльскай катастрофы, Уладзімер Кавалёнак — аб справаздачы Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета папярэдняга скліканьня па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі, Генадзь Карпенка — пра кваліфікацыю будучых прэтэндэнтаў на пасаду сьпікера (у адным месцы ён агаварыўся і замест «прэтэндэнт» сказаў «прэзыдэнт»), Анатоль Вярцінскі — аб стварэньні камісіі па радыяцыйнай ахове насельніцтва. Як няцяжка заўважыць, большасьць дэпутатаў казалі пра Чарнобыль — у 1990 годзе гэта праблема ўспрымалася як адна з найбольш важных.

І вось да мікрафону падышоў Віктар Ганчар.

«Спачатку ў мяне прапанова па працэдуры. Калі ставіце пытаньне аб унясеньні дапаўненьняў у парадак для, я прапаную даць кожнаму дэпутату абгрунтаваць гэтую прапанову і ня больш як двум дэпутатам выступіць у падтрымку. На гэтым спыніць абмеркаваньне такой прапановы, паколькі многія ўжо паўтараюцца. Другое. Кожная прапанова аб зьмене і парадку дня павінна ставіцца на галасаваньне... Зьвяртаю вашу ўвагу на пункт восьмы парадку дня, аб Часовым рэглямэнце Вярхоўнага Савета. Згодна з Канстытуцыяй БССР (артыкул 114) парадак дзейнасьці Вярхоўнага Савета вызначаецца Рэглямэнтам і іншымі законамі. У нас вынесены і пункт аб зацьвярджэньні Закона аб статусе народных дэпутатаў БССР. Таму я прапаную: улічваючы, што гэтыя законы — Рэглямэнт і Закоен аб статусе — цесна ўзаемазьвязаныя, аб’яднаць зацьвярджэньне гэтых законаў...»

Падазраю, што чытач няшмат зразумеў з гэтых словаў. Мала што зразумелі ў момант, калі яны вымаўляліся, і тыя мільёны, якія слухалі прамую трансьляцыю.

Усё, што тут і далей казаў Ганчар, тычылася выключна парадку працы дэпутатаў, а не Чарнобыля, разьвіцьця дэмакратыі ці нейкіх гарачых, надзённых палітычных альбо сацыяльных праблемаў. Але ўжо пасьля другога «працэдурнага» выступу Ганчара іншыя дэпутаты пачалі на яго спасылацца (першы — Валянцін Голубеў), а пасьля трэцяга — прапанавалі, каб Ганчар замяніў у якасьці вядоўцы сэсіі старшыню ЦВК Міхаіла Лагіра. Ганчара таксама прапанавалі абраць у склад Мандатнай камісіі. Прапанова аб сустрашынстве не набрала належнай колькасьці галасоў, а ад членства ў Мандатнай камісіі Ганчар адмовіўся, спаслаўшыся на іншыя пляны.

І ўсё гэта — цягам першых паўтара гадзінаў першага дня Вярхоўнага Савета, якому будзе наканавана існаваць амаль шэсьць гадоў!
Ну а тыя мільёны, якія праз «радыёкропкі» слухалі прамую трансьляцыю і якія нічога не разумелі ў нюансах парлямэнцкага рэглямэнту, — зразумелі галоўнае: вось чалавек з бездакорнай юрыдычнай адукацыяй.

Юрыст — гэта тады было модна. «У парлямэнце павінны быць юрысты і эканамісты» — гэты лёзунг яшчэ адыграе сваю адмоўную ролю на выбарах наступнага 13-га па ліку Вярхоўнага Савета. У парлямэнце найперш павінны быць палітыкі. Слова «палітык» у дачыненьні да дэпутатаў у 90-м яшчэ не атрымала шырокага распаўсюду і ўспрымалася зь недаверам; палітыкі былі ў Палітбюро, у Маскве. І вельмі часта ад людзей, якія сачылі за падзеямі ў Вярхоўным Савеце, я чуў ня «Віктар Ганчар», а — «юрыст Ганчар». Гучала так, як гучала — «акадэмік Капіца».

Словам, калі раніцай 15 траўня 1990 года прозьвішча Ганчар ведалі толькі ягоныя знаёмыя ды выбаршчыкі з акругі, дзе ён балятаваўся — дык увечары гэтае імя ведала ўся Беларусь. Ад гэтага дня ў газэтных публікацыях Ганчар стабільна ўваходзіў у пералік найбольш аўтарытэтных дэпутатаў, а калі пачаліся сацыялягічныя апытаньні — у дзесятку найбольш папулярных палітыкаў. І ўжо ніколі з гэтай «дзесяткі» не выходзіў.

Можна сказаць, што Ганчару неверагодна пашанцавала — пра яго даведаліся і яго палюбілі за тое, за што потым будуць папракаць дэпутатаў: за «парлямэнцкую гаварыльню». А з другога боку — ён, як мала хто з нас, трох сотняў дэпутатаў першага адносна свабодна абранага дэмакратычнага парлямэнту, быў падрыхтаваны да законатворчай працы.

Большасьць з нас, дэмакратычных дэпутатаў, ішлі ў Вярхоўны Савет змагацца за народ, вырашаць яго праблемы ды дамагацца сувэрэнітэту.
Пра гэта добра сьведчыць эпізод, які здарыўся у тыя ж першыя дні першай сэсіі.

Абмяркоўвалася магчымасьць паслаць беларускіх вайскоўцаў у «гарачыя кропкі», і мы з Віталём Малашкам заявілі на сэсіі, што пакуль Вярхоўны Савет не прыме пастанову аб забароне пасылаць жыхароў Беларусі туды, дзе ваююць — мы з Авальнай залі ня выйдзем. Хутка абвясьцілі перапынак — мы засталіся ў залі. Дэпутаты выходзілі на абед, і некаторыя круцілі пальцам каля скроні: «Што вы тут дэмарш учынілі, трансьляцыя ідзе на ўсю рэспубліку!». Перапынак быў дзьве гадзіны, за гэты час мы пасьпелі зрабіць праект, назваўшы яго гучна — «закон». Раптам да нас падышоў Віктар Ганчар. Малашка працягнуў яму аркуш (мы нават пасьпелі папрасіць кагосьці схадзіць у машбюро і аддрукаваць наш праект).

«Дакумэнт такога кшталту павінен прайсьці апрабацыю ў профільных камісіях Вярхоўнага Савета і ў абавязковым парадку — у камісіі па заканадаўству. А затым — першае чытаньне, потым другое. І толькі пасьля гэтага ён будзе законам. Але тое, што вы напісалі — гэта не праект закона, гэта праект пастановы. І ўсё роўна, ён павінен прайсьці парлямэнцкую экспэртызу».

Канешне, я не даслоўна перадаю сказанае Ганчаром, але сэнс быў такі і лексыка — падобная. Па сутнасьці, Ганчар патлумачыў нам азы законатворчасьці, якія шмат хто з нас, хто ня меў юрыдычнай адукацыі — слаба сабе ўяўлялі (але навучымся мы хутка. І ўжо на восеньскую, другую сэсію падрыхтуем некалькі законапраектаў, якія пройдуць, кажучы словамі таго ж Ганчара, «апрабацыю» у самых аўтарытэтных экспэртаў).

Ну і каб не вяртацца да таго нашага зь Віталём Малашкам пратэсту — наш «закон» мы перадалі ў сакратарыят сэсіі, яго, канешне, ніякая камісія не разглядала — але нас падтрымалі дэпутаты БНФ, і ня толькі яны адны, і неўзабаве Вярхоўны Савет забараніў пасылаць беларускіх вайскоўцаў у «гарачыя кропкі».

І вось тут яшчэ адно адрозьненьне паміж намі і Ганчаром. Ён ніколі б не зрабіў нічога, што магло б паставіць яго ў невыгоднае становішча. Яго называлі (і цяпер называюць) самым бліскучым парлямэнцкім аратарам — але аднойчы я пачуў, як Ганчар спрабуе размаўляць на роднай мове, гэта было сумнае відовішча, зразумеў, канешне, гэта і Ганчар — з гэтай прычыны па-беларуску на сэсіях не выступаў (не ўтрымаюся ад рэмаркі: ці можна назваць бліскучым аратарам францускага дэпутата, які ў Нацыянальным сходзе ня можа выступаць па-француску? У Францыі — вядома, не. У Беларусі — аказваецца, можна).

Ганчар таксама імкнуўся не рабіць крокаў, якія могуць апрыёры лічыцца безвыніковымі (было зразумела, што нашага з Малашкам ультыматуму Вярхоўны Савет ня прыме). Гэта, канешне, карысная якасьць дэпутата — застрахавацца ад няўдачы. Але тут узьнікае парадокс: я не магу прыгадаць (ва ўсялякім разе, у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня) ніводнай заканадаўчай прапановы Ганчара — ці то закону, ці то пастановы. Толькі — папраўкі ды ўдакладненьні да тых праектаў, якія зрабіў нехта іншы.

Затое гэтыя ўдакладненьні мелі характар юрыдычнай дасканаласьці. Тое, што Ганчар казаў ад мікрафону, можна было стэнаграфаваць і, як пазьней будуць казаць, праз копі-паст — устаўляць у тэкст закону, і ніводны экспэрт не знайшоў бы там недакладнасьці.

«У яго кампутарныя мазгі» — сказаў мне дэпутат Анатоль Вярцінскі, які працаваў у «групе Ганчара» у толькі што створанай Канстытуцыйнай камісіі. Другую групу ўзначальваў віцэ-сьпікер Васіль Шаладонаў, а старшынём самой камісіі да адстаўкі з пасады сьпікера быў Мікалай Дземянцей (пазьней яго зьмяніў Станіслаў Шушкевіч).

Ганчар выбудоўваў сваю палітычную кар’еру матэматычна дакладна. Як і мы, дэпутаты БНФ, ён з першых дзён убачыў неадпаведнасьць складу Вярхоўнага Савету тым мэтам, якія паўсталі перад грамадзтвам — і, як мне падаецца, менавіта таму не імкнуўся ў ім нічога дамагацца дзеля, кажучы высокім складам, інтарэсаў гэтага грамадзтва. Мы спрабавалі ўплываць на дэпутатаў, распрацоўвалі законапраекты ў розных галінах эканомікі, культуры і сацыяльнага жыцьця, працягвалі гэта і пасьля адмовы правесьці рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах. Большасьць законаў «зарубалі», некаторыя — праходзілі. Сотні нашых асобных палажэньняў былі ўключаныя ў законапраекты, падрыхтаваныя камісіямі. Нічога гэтага Ганчар не рабіў. Ён проста ўспрымаў парлямэнт як кар’ерны трамплін.

А пачынаў Ганчар з самых нізоў . Нарадзіўся ён у 1957 годзе ў пасёлку Радзічава Слуцкага раёну (пазьней ён прызнаецца маёй маці, што ўсімі сіламі імкнуўся вырвацца з кола, у якім прайшло ягонае дзяцінства). У 1979 годзе скончыў юрфак БДУ, працаваў у Менскай абласной калегіі адвакатаў. Потым — навуковым супрацоўнікам у інстытуце філязофіі і права Акадэміі навук. Быў дацэнтам кафэдры права інстытуту народнай гаспадаркі — і ў сакавіку 90-га абраны народным дэпутатам БССР. У першыя месяцы дэпутацтва (трэба думаць, на запрашэньне старшыні Саўміну Кебіча, які яшчэ нядаўна ўзначальваў Дзяржплян) перайшоў начальнікам аддзелу Дзяржпляну — пасада значна меншая за намесьніка міністра, у той час як мог бы без асаблівых намаганьняў быць намесьнікам альбо сакратаром якой-небудзь парлямэнцкай камісіі, напрыклад, па заканадаўству.

У траўні 91-га Ганчар пайшоў працаваць намесьнікам да Генадзя Карпенкі, які быў прызначаны мэрам Маладэчна. Вось гэта было тое, што называлася «канкрэтнай справай» і што падабалася людзям. За некалькі месяцаў Карпенку і Ганчару ўдалося стварыць у горадзе самыя лепшыя ў Беларусі умовы для прыватнага бізнэсу, які тады толькі нараджаўся і станавіўся на цывілізаваныя рэйкі. Праўда, гэтая пасада ні ў якой ступені не адлюстроўвала маштабаў амбіцыяў Ганчара. А пасьля таго, як Ганчар публічна, з трыбуны сэсіі, адмовіўся ад прапановы старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча балятавацца ў віцэ-сьпікеры, зрабілася зразумелым, што амбіцыі гэтыя сягаюць на самую вышыню — на пасаду, вышэй якой ужо нічога няма.

Ганчар разумеў, што старшынём Вярхоўнага Савета гэты склад парлямэнту яго не абярэ. Наўрад ці абярэ і іншы — усё было за тое, што ў наступным скліканьні будзе дамінаваць БНФ, а з Народным Фронтам сяброўства ў Ганчара не было (асабліва пасьля таго, калі ў лістападзе 91-га ён паставіў пад сумнеў юрыдычную правамоцнасьць прыпыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС. Хаця зрэдку Ганчар ставіў подпісы пад заявамі разам з дэпутатамі-фронтаўцамі). Падтрымкі можна было шукаць не ў дэпутатаў, а ў народу. Як член Канстытуцыйнай Камісіі і адзін з кіраўнікоў працоўнай групы, Ганчар актыўна дамагаўся ўвядзеньня пасады прэзыдэнта.

З восені 1993 году — ён разам з Аляксандрам Лукашэнкам (пазьней дэпутаты з тагачаснага атачэньня Лукашэнкі казалі, што Ганчар і Булахаў плянавалі Лукашэнкам, як таранам, скінуць Кебіча і заняць галоўныя пасады: Ганчар — прэзыдэнта, Булахаў — старшыні Вярхоўнага Савета).

У лютым 1994-га Ганчар шмат паспрыяў, каб артыкулы пра прэзыдэнцтва былі ўключаныя ў Канстытуцыю. Апазыцыя БНФ заявіла, што зроблена гэта было з грубым парушэньнем Рэглямэнту Вярхоўнага Савета — шляхам пайменных бюлетэняў галасаваньне ішло тры дні. У гэтыя дні адбылася і прыгаданая ў пачатку тэксту мая з Ганчаром гутарка.

А неўзабаве пачалася прэзыдэнцкая кампанія.

«Я проста прадаў яму імя»


Пазьней, адказваючы на папрокі пра актыўны ўдзел у выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі Лукашэнкі, Ганчар патлумачыць: «Я проста прадаў яму сваё імя».

І сапраўды — я ня памятаю выступаў Ганчара па тэлебачаньні ці радыё ў часе першых прэзыдэнцкіх выбараў. У амаль 400-старонкавым зборы «Перадвыбарчая кампанія у Беларусі: хроніка і перадгісторыя» (НІСЭПІ, сьнежань 1994), дзе сабраныя усе больш-менш значныя публікацыі і выступы кандыдатаў і іх давераных асобаў — заяваў Ганчара няма.

Самую важную ролю ў прасоўваньні Лукашэнкі ва ўладу Ганчар адыграў на этапе, які папярэднічаў выбарам — і тады, калі адпраўлялі ў адстаўку Шушкевіча, і калі ўводзілі прэзыдэнцтва, і калі прысьпешвалі прэзыдэнцкія выбары, прызначаючы іх перад парлямэнцкімі. Паўплываў Ганчар і на тое, каб узроставую плянку для кандыдата ў прэзыдэнта ў 40 гадоў зьнізіць да 35 — бяз гэтага Лукашэнка, якому на момант вылучэньня і выбараў было 39 гадоў, увогуле ня мог бы балятавацца. Тут выявіліся красамоўнасьць Ганчара, ягоныя здольнасьці да палемікі і юрыдычных абгрунтаваньняў (нехта б сказаў — да прававой казуістыкі)

Чым займаўся ў перадвыбарчым штабе Лукашэнкі Віктар Ганчар — юрыст высокай кваліфікацыі са ступеньню кандыдата навук, парлямэнтарый, якога лічылі бліскучым аратарам, палітык, чые амбіцыі (ды, трэба прызнаць, і магчымасьці) дазвалялі яму прэтэндаваць на самыя высокія пасады?

«Ганчар і Булахаў зьяўляліся ўсё радзей... У адно з такіх, паўтаруся, ня частых наведваньняў яны пілі каву і абмяркоўвалі, якім чынам фармаваць групу давераных асоб кандыдата ў прэзыдэнты. Казалі, што абавязкова патрэбна праца па катэгорыям, па прафэсіям. „Дэпутат Віктар Кучынскі — вайсковец. І гэта вельмі добра. Ёсьць пэнсіянэр, лекар, навуковец...“. Тут Булахаў пытаецца:

-- Віця, а прастытуткі? Хто ў нас будзе працаваць з прастытуткамі?

-- Дзіма, навошта яму прастытуткі? У яго ўжо ёсьць мы».

(Аляксандар Фядута, «Александр Лукашенко. Политическая биография», Масква, «Референдум», 2005, стар. 136.).

Чаму ж Ганчар ня ўдзельнічаў актыўна ў выбарчай кампаніі? Баяўся «чорнай працы»? Убачыў, як цягнуліся да Лукашэнкі тыя, на каго наглядзеўся ў дзяцінстве і да якіх ён не жадаў вяртацца? Ці ўжо пачаў разумець, які джын выскоквае з бутэлькі, якую і ён адкаркоўваў?
Мы гэтага не даведаемся, ад таго часу засталіся толькі словы пра «прададзенае імя». Прададзенае ў спадзяваньнях, якія не апраўдаліся ні для Ганчара, ні для грамадзтва.

Партрэт Ганчара можна было б скончыць папярэднім абзацам — але нават калі абмежаваць сябе толькі 1994 годам, пісаць пра Ганчара без уліку таго, што адбылося ў 1999—м — азначае сказіць ягоны палітычны і чалавечы воблік. Да таго ж, учынкі і выказваньні Ганчара ў апошнія пяць гадоў ягонага жыцьця дазваляюць лепей зразумець, чаму ў 94-м ён падтрымаў Лукашэнку, і чаму ён, які з матэматычнай дакладнасьцю вывяраў кожны свой крок, гэтак трагічна памыліўся.

Старшыня ЦВК


У чэрвені 1996-га, калі мы з Пазьняком былі ў Варшаве, мая жонка Галіна (яна была акрэдытаваная ў Доме ўраду як журналістка) дапамагала зьбіраць подпісы дэпутатаў пад запытам аб гарантыях нашага з Пазьняком вяртаньня.

Падышла да Віктара Ганчара, сказала, што подпісы пагадзіліся паставіць Карпенка, Дабравольскі, Знавец і прапанавала далучыцца яму.

— Галіна, а чаму ты нічога не кажаш пра мой новы гальштук? Праўда, ён прыгожы? — сказаў на гэта Віктар.

(Ніхто тады, канешне, ня мог ведаць, што праз два гады Ганчар зьвернецца з просьбай да майго бацькі, якая запатрабуе куды большай сьмеласьці, чым подпіс пад заявай. Што палітычная дзейнасьць Ганчара будзе цесна зьвязаны з маімі роднымі (бацькамі і сястрой), а мая жонка будзе апошняй, хто запіша зь ім інтэрвію — за некалькі гадзінаў да ягонага зьнікненьня...).

У 1995 годзе Ганчар быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня, і неўзабаве — Старшынём Цэнтральнай выбарчай камісіі. На гэтай пасадзе ён апынуўся ў эпіцэнтры канфлікту, разьвіцьцё якога мела трагічныя наступствы для лёсу дэмакратыі.

Увосень 1996-га Лукашэнка ініцыяваў рэфэрэндум, галоўнай мэтай якога была зьмена Канстытуцыі на карысьць узмацненьня паўнамоцтваў прэзыдэнта. На запыт старшыні Вярхоўнага Савета Сямёна Шарэцкага, ці адпавядаюць пытаньні рэфэрэндуму Канстытуцыі, Канстытуцыйны Суд адказаў — не адпавядаюць. Лукашэнка заявіў, што рэфэрэндум пройдзе нягледзячы на рашэньне Канстытуцыйнага Суда. Дэпутаты распачалі працэдуру імпічмэнту. Ганчар заявіў, што з прычыны парушэньня закона выканаўчай ўладай Цэнтравыбаркам не прызнае вынікі рэфэрэндуму. 14 лістапада Лукашэнка сваім указам зьмясьціў Ганчара з пасады — на што ня меў права, паколькі старшыню ЦВК (як і ўвесь склад камісіі) паводле Канстытуцыі прызначаў Вярхоўны Савет. Супрацоўнікі Службы бясьпекі прэзыдэнта фізычна выштурхнулі Ганчара з памяшканьня ЦВК — нягледзячы на пратэсты Старшыні Вярхоўнага Савета і Генэральнага пракурора. Замест Ганчара кабінэт старшыні ЦВК заняла Ярмошына.

Далей быў «крамлёўскі дэсант», падпісаньне пад ягоным ціскам Сямёнам Шарэцкім і старшынём Канстытуцыйнага суду пагадненьня з Лукашэнкам аб спыненьні працэдуры імпічмэнту, роспуск Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.

Віктар Ганчар сышоў у прыватную юрыдычную практыку — каб неўзабаве зьявіцца ў ролі старшыні ўжо не афіцыйнай, але «альтэрнатыўнай» ЦВК.

Выбары-99: мабілізацыя патрыятычных сілаў альбо авантурызм?


— Сяргей, ты не разумееш, якое калясальнае ўражаньне рабіў Ганчар у Віцебску, — казала мне сястра пра падзеі 1999 года. — Вось уяві: усе ў дэпрэсіі, ніякага прасьвету, усё шэрае, ды якое шэрае — чорнае, і тут — звоніць Ганчар, кажа «Святлана, зьбяры людзей!», людзі зьбіраюцца, і зьяўляецца ён — у белай кашулі!

— Ну, у белай кашулі, — згаджаюся я. — Ён заўсёды хадзіў у белай кашулі і пры гальштуку. Гэта я мог прыйсьці на сэсію ў швэдары, Карпенка дык часта ў швэдары і прыходзіў. Пазьняк — толькі з гальштукам, у кашулі, але рэдка ў белай. Ганчар — толькі ў белай. Ну і што? Пры чым тут белая кашуля?

— Ну як «ну і што?» Як гэта «пры чым?» — нэрвуецца сястра. — Ты што, не разумееш? Ганчар казаў: «Усё будзе добра!» — і ўсе верылі! Ганчар даў людзям надзею!

З пачатку 1999 года лёс маіх родных быў зьвязаны з Ганчаром. У 1999 годзе завяршаўся пяцігадовы тэрмін знаходжаньня Лукашэнкі на прэзыдэнцкай пасадзе — той, які быў вызначаны Канстытуцыяй 1994 года. Спасылаючыся на зьмену Канстытуцыі ў выніку «рэфэрэндуму», Лукашэнка заявіў, што пяць гадоў трэба адлічваць ад 1996 году. Тым ня менш, дэмакратычная апазыцыя лічыла, што выбары трэба праводзіць у 1999 годзе.

Дэпутаты Вярхоўнага Савету, якія засталіся верныя Канстытуцыі, прызначылі Віктара Ганчара старшынём «альтэрнатыўнага» ЦВК. У яго былі два намесьнікі, кандыдатуры якіх прапаноўваў ён сам. Абодва — прадстаўнікі былой намэнклятуры: былы старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета БССР Георгій Таразевіч і былы сакратар Віцебскага абкаму КПБ Іосіф Навумчык. З трох кіраўнікоў ЦВК жывы толькі мой бацька — і мне нічога не застаецца, як прывесьці менавіта яго ўспаміны і ацэнку.

Іосіф Навумчык: "28 сьнежня 1998 года, атрымаўшы згоду на сустрэчу ў Віцебск да нас на кватэру прыехалі Сямён Шарэцкі і Віктар Ганчар. Размова пайшла аб маёй згодзе ўвайсьці ў склад Цэнтральнай выбарчай камісіі ад Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. У студзені 1999 года камісія была зацьверджаная тым складам Вярхоўнага Савета, які працягваў сваю дзейнасьць. Былі прызначаныя выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у адпаведнасьці з Канстытуцыяй 1994 года. Як вядома, у лістападзе 1996-га быў зьдзейсьнены
Яму ўдалося за сьціслыя тэрміны мабілізаваць для арганізацыі выбараў сотні людзей з розных палітычных партый, рухаў і беспартыйных. Віктар Ганчар праявіў сябе як таленавіты, удумлівы арганізатар
дзяржаўны пераварот, паўнамоцтвы Лукашэнкі былі працягнутыя да 2001 года. Мне зь цяжкасьцю верылася ў рэальную магчымасьць прэзыдэнцкіх выбараў 1999 году, у іх станоўчы вынік. Больш трох гадзін мы абмяркоўвалі палітычную сытуацыю, дзейнасьць апазыцыйных сілаў і таму падобнае. Наша сям’я была заварожаная здольнасьцю Віктара Ганчара пераконваць верай у перамогу здаровых сілаў грамадзтва. І я даў згоду ўвайсьці ў склад ЦВК па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Наперадзе — пяць месяцаў напружанай працы ў якасьці намесьніка старшыні ЦВК. Я сустракаўся зь Віктарам Ганчаром дзесяткі разоў, як правіла, у Менску. Ужо ў час першай сустрэчы ў Віцебску Віктар Ганчар гаварыў аб сваёй адказнасьці і віне за прыход Аляксандра Лукашэнкі да ўлады. І лічыў магчымым зьмяніць сытуацыю ў 1999 годзе. Яму ўдалося за сьціслыя тэрміны мабілізаваць для арганізацыі выбараў сотні людзей з розных палітычных партый, рухаў і беспартыйных. Віктар Ганчар праявіў сябе як таленавіты, удумлівы арганізатар. Яго чалавечыя якасьці , увага да людзей і разам з тым рашучасьць і настойлівасьць у выкананьні пастаўленых задач былі прыкладам для нас. Яго аўтарытэт у нашым асяродзьдзі быў вельмі высокі. Бясспрэчна, што яго адрозьнівала ад многіх іншых лідэраў харызма сапраўднага мужчыны, арганізатара. Ён дзяліўся з намі, членамі Камісіі, аб кантактах з кіраўнікамі адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына, кіраўніком місіі АБСЭ Гансам Вікам. У час гутарак з прадстаўнікамі адміністрацыі Ельцына ён зразумеў, якія сілы Расеі актыўна садзейнічалі прыходу да ўлады Лукашэнкі ў 1994 годзе. Пасьля аналізу магчымасьці тых ці іншых кандыдатаў і ацэнкі іх з пункту гледжаньня адносінаў да Расеі стаўка была зроблена на Аляксандра Лукашэнку. Яны ў Маскве палічылі, што Кебіч непрахадны, ні Шушкевіч ні Пазьняк іх, канешне, не задавальнялі, і таму зрабілі стаўку на Лукашэнку (курсіў мой - С.Н.). Гэтая інфармацыя, а таксама прыватныя гутаркі са мной, даюць мне права сказаць, што ў гэты час Віктар Ганчар быў сьвядомым барацьбітом за Незалежнасьць, самастойнасьць Беларусі, а таксама за добрасуседзкія адносіны як з Захадам, так і з Расеяй. Выбары гэтыя не маглі адбыцца, бо ўлада зрабіла ўсё магчымае, каб большасьць насельніцтва не змагла прагаласаваць. Але сам факт правядзеньня выбараў мабілізаваў усе патрыятычныя сілы, паказаў людзям рэальнасьць правядзеньня такіх акцый, і вялікую незадаволенасьць сотняў тысяч грамадзян Беларусі , а таксама значнай часткі чынавенства і кіруючых кадраў той сыстэмай кіраўніцтва, якая была ажыцьцёўлена Аляксандрам Лукашэнкам«.

Гэтак лічыць была намесьнік старшыні «альтэрнатыўнай» Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара.

На маю просьбу успамінамі і ацэнкамі падзяліўся і Зянон Пазьняк — ён напісаў вялікі тэкст, які, магчыма, будзе надрукаваны цалкам, тут жа прыводжу некаторыя ўрыўкі.

Зянон Пазьняк: " Канчаткова ўсё стала зразумела пасьля двух візытаў да мяне ў Варшаву спадароў Ганчара і Чыгіра. Яны прасілі мяне ўдзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдата, бо ў іх для ажыцьцяўленьня выбараў няма структураў і людзей, і без ўдзелу Народнага Фронту правесьці такія выбары немагчыма. Пры гэтым яны казалі, што выбары робяцца пад Чыгіра, бо за ім, маўляў, Масква і (быццам бы) саўковы электарат Беларусі. Тым часам яны ўжо вялі перамовы з нашымі фронтаўскімі нізавымі структурамі, прапануючы грошы і супольную перамогу «над дыктатарам». У Фронт паплылі людзі з падазронай актыўнасьцю, якіх мы ніколі ня бачылі. Узьніклі спрэчкі і падзел пазыцыяў у Руху.
Зразумела, што пачалася генэральная атака на Фронт з прымяненьнем маскоўскіх грошай. Вынікам атакі павінна было стацца зьнішчэньне народнага руху БНФ і зганьбаваньне майго імя. У іншым выпадку — раскол Фронта.

Бальшыня з маіх шасьці намесьнікаў (з тых, якія не былі ў парлямэнце і ня мелі
«І з лукашысцкай публікай?» — задаваў я скептычнае пытаньне, маючы на ўвазе Ганчара і кампанію. «Яна ўжо не лукашысцкая,» — быў адказ
парлямэнцкага вопыту палітычнай барацьбы) падтрымалі авантуру, прыяжджалі да мяне, сур’ёзна ўгаворвалі балятавацца на кандыдата ў прэзыдэнты і меркавалі, што цалкам магчыма ажыцьцявіць такія выбары ў абыход аўтарытарнай улады «ўсім разам» і нават пры пасіўным электараце. «І з лукашысцкай публікай?» — задаваў я скептычнае пытаньне, маючы на ўвазе Ганчара і кампанію. «Яна ўжо не лукашысцкая,» — быў адказ.

Я адчуваў, што будучы за мяжой і ня маючы непасрэдных кантактаў зь людзьмі і з сябрамі Фронту, я гэтую атаку (падмацаваную грашыма, якая йшла поўным ходам) проста так ужо не адкіну. Мы маглі страціць Рух. Трэба было прымаць вымушанае рашэньне і ўключацца ў абсурдныя падзеі па чужым сцэнары, каб мець кантроль над Фронтам і дзейнічаць па абставінах. Мая адмова ў той сытуацыі магла б прывесьці да агентурнага захопу Фронту варожымі сіламі, якія б мелі разьвязаныя рукі.

Зразумела было таксама, што выканаўцы авантурнага праекту будуць займацца махінацыямі і фальсыфікацыямі, бо рэальна альтэрнатыўныя выбары ў тых абставінах правесьці ўжо было немагчыма. Пагадзіўшыся на ўдзел ў выбарах, я выставіў Ганчару адну ўмову: выбары мусяць адбывацца згодна з Канстытуцыяй і строга па закону аб выбарах. Ганчар урачыста і зь лёгкасьцю пагадзіўся.

У працэсе, калі пачаліся шырокія парушэньні закону, галасаваньне на працягу дзесяці дзён з абходам кватэраў, падробка пратаколаў галасаваньня і татальная фальсыфікацыя галасаваньня, я афіцыйна пісьмова папярэдзіў В. Ганчара аб парушэньнях закона і недатрыманьні ўмовы. Ганчар адказаў высакамерна (праектанты, відаць, ужо палічылі, што справа зроблена).

Ва ўсёй Беларусі прагаласавала ад сілы ўсяго некалькі дзясяткаў тысяч выбаршчыкаў. Тым часам у ЦВК Ганчару пачалі прысылаць падпісаныя некаторымі даверанымі старшынямі камісіяў чыстыя і незапоўненыя блянкі пратаколаў галасаваньня, якія пасьля атрыманьня адвольна запаўняліся членамі ЦВК . Прытым некаторыя фальсыфікаты перахапіла лукашысцкая міліцыя. (Чым не ўліка ў плянуемай крымінальнай справе па апаганьваньні БНФ!)

У давяршэньне да ўсёй гэтай дурной выбарчай прафанацыі «дэмСМІ» пачалі даваць інфармацыю з ЦВК, што наперадзе быццам бы йдзе кандыдат Пазьняк, які нібыта апярэджвае кандыдата Чыгіра на мільён галасоў. Тупасьць і нахабства гэтай афёры зьдзіўлялі і абуралі да неверагоднасьці. За тры дні да сканчэньня прафанацыі выбараў я абзваніў па тэлефоне структуры Народнага Фронту з прапановай выходзіць з ганебных выбараў, а сам напісаў заяву Ганчару, што адмаўляюся ад удзелу ў выбарах і здымаю сваю кандыдатуру. Пераважная бальшыня фронтаўскіх структураў выйшла з выбарчай авантуры. Афэра абвалілася, хаця вынікі яе былі ўсё ж вельмі дэструктыўнымі для БНФ і ў цэлым для Беларусі.

Празь некалькі гадоў пасьля падзеяў я двойчы меў размову на гэтую тэму са старшынёй Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня Сымонам Шарэцкім. Усплылі канкрэтныя факты.

Напачатку Масква прапанавала паўдзельнічаць у альтэрнатыўных выбарах у якасьці кандыдата якраз Сымону Шарэцкаму, паабяцаўшы фінансаваньне і выставіўшы свае ўмовы. (Прапанова была на ўзроўні віцэ-прэм’ера Расеі спадара Чубайса.) Шарэцкі адмовіўся і расказаў пра тое Ганчару. Ганчар паехаў у Маскву і прапанаваў свае паслугі, якія былі прынятыя. Так зьявіўся «Праект Чыгір», пра які я пісаў у пачатку 1999 году. Згодна праекту, Масква з падачы Ганчара прапанавала на кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ў альтэрнатыўных выбарах Міхаіла Чыгіра.

Авантурызм у характары Ганчара мне быў добра вядомы, але ягонае нізкае шулерства ў тых псэўдавыбарчых дачыненьнях, выяўленае на ўзроўні маскоўскай палітбратвы, зьдзівіла тады шмат каго з нас, фронтаўцаў. Я ня думаю, што Ганчар адкрыта пайшоў на супрацоўніцтва з расейскай «канторай», але тое, што ён даў сябе выкарыстаць, гэта несумненна. Маючы задаткі прыстойнага чалавека, ён самахоць уваліўся ў расейскую палітычную гразь (гэтак жа як раней у кампанію з Лукашэнкам), заблытаўся ў маскоўскіх сетках, перабольшыў свае здольнасьці і скончыў фатальна, магчыма так і не зразумеўшы, якое подлае гэтае канторскае зьвяр’ё і якую шкоду зрабіў ён для Беларусі«.

Выхад Пазьняка з выбарчай кампаніі шмат кім ў Фронце быў успрыняты нэгатыўна — а шырока данесьці свае аргумэнты праз сродкі масавай інфармацыі ў яго ўжо не было магчымасьцяў. Пазьней гэты выхад будзе выстаўлены яму ў віну ягонымі апанэнтамі ўнутры БНФ на чарговым зьезьдзе, на якім адбудзецца раскол БНФ.

Іосіф Навумчык: «Гэта не былі выбары з выкананьнем літаральна кожнага пункту выбарчага заканадаўства — бо такія выбары ў тых умовах правесьці было нерэальна. У першую чаргу гэта, канешне, была палітычная акцыя, якая актывізавала дзейнасьць розных палітычных сілаў, паказала насельніцтву, што
Практычна падрыхтаванае на 18 верасьня правядзеньня вялікага сходу дэпутатаў Вярхоўнага Савету, прадстаўнікоў палітычнай і інтэлектуальнай эліты, кіраўнікоў палітычных партый і грамадзкіх арганізацый, прывяло б да імпічмэнту Лукашэнкі. Усё гэта напужала ўладныя структуры. Яны пайшлі на крайнія меры. Віктар Ганчар быў захоплены, а потым зьнішчаны
магчыма зьмяніць сытуацыю. Але фінал яе быў, канешне, непрыемны, па розных абставінах. У тым ліку і з-за тых памылак, якія былі дапушчаныя асабіста Ганчаром. Таму што вось гэтыя фальсыфікацыі, я ня ведаю, наколькі яны паступалі з месцаў, бо ўжо за рэдкім выключэньнем былі практычна паралізаваныя тыя людзі, якія гэтай справай займаліся... І тыя лічбы, якія былі пададзеныя (калі яны былі пададзеныя, тут я дакладна нават і ня ведаю), — нерэальныя. У выніку на паседжаньні ЦВК мы прызналі лічыць выбары несапраўднымі. Яны практычна не адбыліся так, як яны павінны былі прайсьці паводле Канстытуцыі і законаў. Я ня ведаю, якія былі патаемныя мэты ці падводныя камяні да ўсяго гэтага, але канешне, гэта сытуацыя ў фінале была непрыемнай. Таму што ніхто ў гэтыя лічбы ня мог паверыць, і ня верыў — у тым ліку і прадстаўнікі АБСЭ, я так думаю і сам Ганчар. І ўсе мы. Практычна ў выніку мы прызналі, што завяршэньня нармальнага гэтых выбараў не было.

Дзейнасьць Ганчара, якую ён разгарнуў пасьля няўдалых вынікаў выбараў па кансалідацыі ўсіх здаровых сіл грамадзтва ў барацьбе з дыктатурай прывялі б у верасьні 1999 году, як ён і плянаваў, да пераменаў у палітычным ляндшафце Беларусі. Практычна падрыхтаванае на 18 верасьня правядзеньня вялікага сходу дэпутатаў Вярхоўнага Савету, прадстаўнікоў палітычнай і інтэлектуальнай эліты, кіраўнікоў палітычных партый і грамадзкіх арганізацый, прывяло б да імпічмэнту Лукашэнкі. Усё гэта напужала ўладныя структуры. Яны пайшлі на крайнія меры. Віктар Ганчар быў захоплены, а потым зьнішчаны».

Ці не атрымалася б з імпічмэнтам, абвешчаным «альтэрнатыўным» парлямэнтам (хаця дэпутаты ВС-13 захоўвалі сваю легітымнасьць) гэтак, як і з «альтэрнатыўнымі» выбарамі – пытаньне адкрытае.

Тое, што адбылося зь Віктарам Ганчаром пасьля таго, як яго і Анатоля Красоўскага схапілі ў Менску 16 верасьня 1999 году — застаецца пакуль невядомым.

А ў маёй памяці Ганчар застаўся чалавекам выдатных інтэлектуальных здольнасьцяў з талентам уплываць на людзей (некаторыя называюць гэта «харызмай»), які ў Беларусі я бачыў толькі ў двух чалавек — у Пазьняка і ў Лукашэнкі. Адзінае, чаго яму бракавала, асабліва на пачатковым этапе ягонай кар’еры — гэта нацыянальнай сьвядомасьці. Адсутнасьць гэтай якасьці і перадвызначыла памылку 1994 году, якую б не зрабіў ніводзін са сьціплых і нікому невядомых актывістаў Народнага Фронту адкуль-небудзь з Паставаў, Вілейкі ці ягонай роднай Случчыны.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG