Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міты, якімі Крэмль апраўдвае анэксію Крыму


Каб супрацьстаяць сусьветнай крытыцы ў сувязі з анэксіяй Крыму і эскаляцыяй канфлікту з Украінай, Крэмль пачаў у сваёй прапагандзе выкарыстоўваць аргумэнты, што падобныя крокі ў мінулым, нібыта, рабілі і іншыя моцныя дзяржавы, асабліва Злучаныя Штаты.

Майкл Бом, адзін з рэдактараў The Moscow Times, піша пра «шэсьць мітаў» у расейскай прапагандзе вакол захопу Крыму. Прапануем пераклад фрагмэнтаў ягонага артыкулу.

1. Усе вялікія дзяржавы анэксуюць тэрыторыю. Паглядзіце на ЗША, якія бессаромна далучылі да сябе Тэхас і Гаваі.

Гэта праўда, што анэксія Тэхасу ў 1845 годзе была яскравым прыкладам дактрыны «перадвызначанасьці», імпэрыялізму і прасоўваньня інтарэсаў магутнай клясы рабаўладальнікаў на поўдні краіны. (...) Падобным чынам былі анэксаваныя Гаваі ў 1898 годзе, пасьля таго, як ЗША арганізавалі ў 1893 годзе дзяржаўны пераварот, каб адсунуць ад улады гавайскую манархію. (...)

Але ці ня дзіўна, што Расея адклікаецца да мадэлі імпэрыялістычнай экспансіі ХІХ стагодзьдзя, каб апраўдаць анэксію Крыму? Ці Расея яшчэ жыве ў ХІХ стагодзьдзі, ажыцьцяўляючы сваю форму дактрыны «перадвызначанасьці»? Відавочна, што глябальны лад пасьля Другой сусьветнай вайны, заснаваны на сыстэме міжнароднага права, падтрымліванай Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый, і на павазе тэрытарыяльнай цэласнасьці іншых дзяржаваў, адкідае палітыку нахабных захопаў зямлі, якія адбываліся ў ХІХ і на пачатку ХХ стагодзьдзяў.

2. Пагадненьні могуць быць ануляваныя, калі прэзыдэнт, які падпісаў іх, быў слабы.

Расея прызнала Крым як неад’емную частка Ўкраіны ў Будапэшцкім мэмарандуме аб гарантыях бясьпекі ў 1994 годзе, падпісаным прэзыдэнтам Барысам Ельцынам.

Але прыхільнікі Пуціна кажуць, што Ельцын быў слабым прэзыдэнтам, не абараняў інтарэсаў Расеі і, па сутнасьці, падпісаў «нераўнапраўную дамову». Таму, на іх думку, пагадненьне з Будапэшту можна адкінуць для такой моцнай сусьветнай дзяржавы, як пуцінская Расея.

Асноўным элемэнтам у пагадненьні 1994 году было патрабаваньне, каб Украіна адмовілася ад сваёй ядзернай зброі пры ўмове, што Расея будзе паважаць яе тэрытарыяльную цэласнасьць – гэта значыць, не ўрывацца на яе тэрыторыю. Украіна адмовілася ад сваёй ядзернай зброі колькі гадоў таму. Расея ўварвалася ў сакавіку.

Калі б Украіна захавала сваю ядзерную зброю, то наўрад ці б Расея выслала свае войскі ў Крым і анэксавала паўвостраў.

З гэтай гісторыі вынікаюць дзьве маралі. Першая – не адмаўляйцеся ад сваіх ядзерных узбраеньняў. Другая – калі вы невялікая, бязьядзерная дзяржава, запусьціце праграму па стварэньні ядзернай зброі ў якасьці засьцярогі супраць анэксіі. (...)

3. Крым ня быў «анэксаваны». Ён быў «аб’яднаны» з Расеяй, падобна як адбылося аб’яднаньне Нямеччыны ў 1990 годзе.

Узьяднаньне Нямеччыны было ўзгодненае Заходняй і Усходняй Нямеччынай, разам з Савецкім Саюзам і трыма астатнімі акупацыйнымі дзяржавамі. Дамова аб аб’яднаньні Нямеччыны была ў поўнай адпаведнасьці зь міжнародным правам і нормамі. Цяпер жа Ўкраіна выступае катэгарычна супраць таго, што Крэмль называе «аб’яднаньнем Крыму з Расеяй», і лічыць, як і многія іншыя краіны, далучэньне незаконным.

Параўнаньне з вайной 1982 году паміж Вялікабрытаніяй і Аргентынай за Фалклэндзкія выспы таксама тут не пасуе, бо Вялікабрытанія нічога не анэксавала. Яна адказала на вайсковае ўварваньне Аргентыны на выспы, якія былі ў той час брытанскай заморскай тэрыторыяй.

Крым жа пасьля распаду Савецкага Саюзу быў міжнароднай супольнасьцю прызнаны як украінская тэрыторыя, таму ўварваньне Расеі на паўвостраў можа быць клясыфікаванае як вайсковая агрэсія і відавочнае парушэньне сувэрэнітэту Ўкраіны.

4. Расеі неабходна абараняць інтарэсы расейскамоўнага насельніцтва ў Крыме.

Першая праблема заключаецца ў тым, што не было ніякіх доказаў, быццам расейскамоўныя ў Крыме знаходзіліся пад пагрозай з боку ўкраінскіх «фашыстаў» і ультранацыяналістаў.

Другая і больш фундамэнтальная праблема заключаецца ў тым, што абгрунтаваньне абароны расейскамоўных у Крыме зьяўляецца абсурдным па сваёй сутнасьці. Існуе агульнапрыняты міжнародны прынцып, паводле якога краіна мае права і абавязаньне бараніць сваіх грамадзянаў за мяжой. Але гэтае абавязаньне не распаўсюджваецца на людзей, якія проста гавораць на мове гэтай краіны. На гэтай падставе Францыя магла б мець прававую аснову анэксаваць частку Камэруну або Сэнэгалу, калі б францускамоўныя жыхары апынуліся там пад пагрозай.

5. Расея прытрымліваецца прынцыпу Арганізацыі Аб’яднаных Нацый , што вайсковае ўмяшаньне ў іншай краіне апраўданае толькі з ухваленьня Рады Бясьпекі ААН.

Пуцін і МЗС Расеі прыводзілі гэты аргумэнт шмат разоў, і ён паслужыў падставай для прамовы Пуціна ў Мюнхэне ў 2007 годзе, у якой ён асудзіў аднабаковы характар дзеяньняў ЗША. Аднак Расея цалкам праігнаравала гэты прынцып як у расейска-грузінскай вайне 2008 году, так і сёлета ў Крыме.

6. ЗША ня мае маральнага права асуджаць Расею за парушэньні міжнароднага права ў Крыме.

Пытаньне тут ня столькі пра маральнае права Вашынгтону (у якога хапае прыкладаў палітыкі падвойных стандартаў) крытыкаваць Маскву, колькі пра глябальны імпэратыў асудзіць анэксію Крыму Расеяй.

У глябальным ладзе пасьля Другой сусьветнай вайны ні адна краіна ня мае «сувэрэннага права» гвалтоўна далучыць тэрыторыю іншай краіны. Гэта адносіцца да ўсіх краін, уключна з ЗША. Міжнародная супольнасьць, а ня толькі ЗША, павінна быць адзінай у асуджэньні анэксіі Крыму Расеяй. Генэральная Асамблея ААН зрабіла першы крок у гэтым кірунку 27 сакавіка, калі прагаласавала 100 галасамі супраць 11, каб асудзіць крымскую анэксію.
XS
SM
MD
LG