Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1981 год пачаўся для радыё трывожна. Увечары 21 лютага ў мюнхенскім будынку Радыё Свабода — Радыё Свабодная Эўропа пачуўся моцны выбух. На працы ў той час былі толькі дзяжурныя і супрацоўнікі, якія рыхтавалі навіны. Некалькі чалавек было паранена, матэрыяльныя страты склалі некалькі мільёнаў даляраў. З часам выканаўцы тэракту былі затрыманыя, галоўны зь іх — Ільіч Рамірэс Санчэс зь мянушкай Шакал — сядзіць яшчэ й дагэтуль. Аднак хто замовіў гэты выбух — дагэтуль застаецца невядомым, сьляды вядуць у Румынію, Вугоршчыну, Усходнюю Нямеччыну.

***

У беларускай рэдакцыі адбываліся паступовыя перамены, адыходзілі старыя супрацоўнікі — у канцы 1980-га памёр Станіслаў Станкевіч, з-за непаразуменьня з кіраўніцтвам часова прыпыніў супрацоўніцтва з Радыё Свабода Віктар Сянкевіч (Язэп Барэйка). Разам з тым на пачатку 80-х гадоў на радыё пачалі зьяўляцца эмігранты зь Беларусі новае — гэбрайскае — хвалі. Радыё пачало набываць новы твар — трошкі паменшала колішняга нацыянальна-вызвольнага запалу, трошкі пабольшала кампэтэнцыі ў асьвятленьні ўнутраных беларускіх падзеяў.

***

Сёньня ў нас у гасьцях слухач — пісьменьнік Валянцін Тарас. Спадар Тарас належыць да пакаленьня, для якога слуханьне радыё мела важную ролю ў наталеньні інфармацыйнага голаду. Мы пачалі гутарку, як звычайна, з пытаньня — калі ён першы раз пачуў заходнія радыёгаласы...


Валянцін Тарас

Валянцін Тарас

«Першае — гэта, відаць, недзе на канцы 40-х — на пачатку 50-х гадоў. Амаль, відаць, у той жа самы час, што і Васіль Быкаў. Я вот толькі-толькі скончыў перадклад на расейскую мову „Доўгай дарогі дамой“, так што ўсё яшчэ абсалютна сьвежае ў памяці, і там ёсьць у яго старонкі, калі ён быў на Далёкім Усходзе — калі ён другі раз патрапіў у войска — адзінай нішай для яго, да вольнай інфармацыі... Ён піша, што набыў старэнькі „Panasonic“ і слухаў Бі-Бі-Сі, „Голас Амэрыкі“, а пазьней „Радыё Свабода“. Вот, відаць, недзе ў тыя ж часы і я пачаў слухаць — як, зрэшты, і ўсе людзі, якія зь цягам часу пачалі шукаць нейкую незалежную інфармацыю. Тут трэба быць абсалютна праўдзівым ва ўсім, і ў дачыненьні да сябе самога перш за ўсё. Я спачатку зь некаторай насьцярогай слухаў заходнія перадачы. Пачыналася Халодная вайна, былі пэўныя перахлёсты, з таго боку таксама. А самае галоўнае, што для мяне тады мела значэньне — тады на радыёхвалях працавала шмат людзей, якія тым ці іншым чынам супрацоўнічалі з акупантамі ў часе вайны. Гэта вельмі насьцярожвала, і спатрэбіліся гады, каб зразумець, што людзі мяняюцца. І самае галоўнае ня тое, кім былі гэтыя людзі ў свой час, чым яны займаліся, а тое, чым яны займаліся пазьней, да якіх пераконаньняў яны прыйшлі. Карацей кажучы, гэта ўсё было даволі складана і ўваходзіла нейкім чынам у тую эвалюцыю душы, эвалюцыю розуму, эвалюцыю пераконаньняў, да якіх мы ў рэшце рэшт усе, людзі майго пакаленьня — я маю на ўвазе, вядома ж, маіх аднадумцаў, маіх сяброў — прыйшлі».

Эфір 1981 году. Гучыць фрагмэнт перадачы Аркадзя Насовіча «Ты і закон»:


***
Год 1981 у сьвеце

Палітыка

Прэззыдэнт ЗША Роналд Рэйган адмяняе эмбарга на пастаўкі збожжа ў СССР. — Пасьля 444 дзён палону вызваляюцца закладнікі з амэрыканскай амбасады ў Тэгеране. — У брытанскай турме ў выніку галадоўкі памірае ірляндзец Бобі Сандз. — Турак Алі Агджа страляе ў папу рымскага Яна Паўла ІІ. — Ізраіль захапляе спрэчныя тэрыторыі Галанскіх вышыняў. — Ісьлямскія экстрэмісты забіваюць эгіпэцкага прэзыдэнта Анвара Садата. — Генэральным сакратаром ААН абіраецца пэруанец Хавіер Пэрэс дэ Куэльяр.

Навука i тэхналёгія

Упершыню ідэнтыфікаваны сындром набытага імунадэфіцыту чалавека — СьНІД. — Паступае ў продаж першы пэрсанальны кампутар IBM з апэрацыйнай сыстэмай MS-DOS. — У Францыі ўводзіцца ў эксплюатацыю цягнік TЖВ, які разьвівае хуткасьць да 260 км/г. — Агенцтва НАСА праводзіць першыя выпрабаваньні касьмічнага чаўнака Калюмбія.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная народжанаму ў Баўгарыі брытанцу Эліясу Канэці.

Папулярная культура і музыка

Пачынае працу музычны тэлеканал МТВ. — Паміраюць сьпявак рок-н-ролу Біл Гейлі і кароль рэггей Боб Марлі.

Песьня году — Grover Washington Jr. / Just The Two Of Us

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Валянцін Тарас працягвае апавяданьне пра тое, як і чаму ён слухаў заходнія радыёстанцыі...

«Што яшчэ трэба адзначыць — як мы прыходзілі да гэтага, чаму мы, прынамсі я — чаму я пачынаў так уважліва слухаць? Таму што былі некаторыя моманты, некаторыя падзеі, наконт якіх я нешта ведаў і сам. І тэма, зьвязаная з гэтымі падзеямі, час ад часу ўзьнікала і ў савецкім друку, у савецкай прапагандзе, і потым пра яе падавалася інфармацыя ў замежным радыё. Ну, я маю на ўвазе, скажам, такое пытаньне, як Катынь. Я хлапчуком у партызанах быў сьведкам, як у 1944 годзе расстралялі амаль у мяне на вачох чалавек 10 АКаўскіх афіцэраў, прычым не высокага рангу, а амаль шараговых, узводных. І вот расстралялі гэтых афіцэраў АКаўцаў, а потым, пасьля вайны, у 1946 годзе ўзьнікла пытаньне аб Катыні, і савецкі бок даказваў, што ніякага дачыненьня яны да гэтага злачынства ня маюць. А вот я тады засумняваўся, таму што я ўсё жыцьцё памятаў пра той расстрэл АКаўцаў, то я тады падумаў: відаць усё-ткі праўду кажуць тыя, хто абвінавачвае ў гэтым злачынстве савецкі бок. Ну і потым слухаў перадачы на гэты конт, і прыйшоў час — ужо й не такі далёкі цяпер ад нас, калі ўсё-такі вымушаны былі прызнаць. Яшчэ раз пацьвердзілася слушнасьць «тых» галасоў, а ня «гэтых».

Наш архіў. Сьпявае колішняя супрацоўніца нашага радыё Барбара Вержбаловіч ...


***
1981 ГОД У БЕЛАРУСІ

• Заснаванае выдавецтва «Юнацтва».
• Янку Брылю прысвоенае званьне народнага пісьменьніка Беларусі.
• У Берасьці пушчаная 1-ая тралейбусная лінія.
• У Горадні пачаў працу тэатар лялек.
• У Менску адкрыты помнік Максіму Багдановічу.
• Завершаная электрыфікацыя чыгункі ад Воршы да Менску

А зараз — менскі эфір 1981 году. Адам Русак прыгадвае гісторыю стварэньня песьні «Бывайце здаровы, жывіце багата»:


***

Госьць нашай сёньняшняй перадачы — пісьменьнік Валянцін Тарас, які слухае заходнія радыёгаласы ад канца 40-х гадоў ХХ стагодзьдзя. У якіх умовах адбывалася гэткае слуханьне?

«Быў нейкі прыёмнічак — я нават ня памятаю, як ён называўся, здаецца, адна зь першых „Сьпідолаў“. А напачатку, я памятаю — недзе напрыканцы 40-х гадоў у мяне яшчэ быў нейкі трафейны нямецкі прыймач. Слухалі, канешна, праз выцьцё глушылак. Я яшчэ слухаў „Вольную Эўропу“ на польскай мове, таму што я няблага ведаю польскую зь дзяцінства ад сваёй бабулі Гэлі, і гэта было даволі шырокае для мяне акно ў той сьвет, бо гэтую станцыю менш глушылі, ва ўсякім разе тут ня так спрацоўвалі глушылкі, як, відаць, на тэрыторыі самой Польшчы. Потым пачаў слухаць рускую „Свабоду“ — гэта ўжо недзе 60-я гады, пачатак 70-х. Зьбіраліся слухаць калектыўна ў мастака Заборава. У яго быў магутны прыймач — я ня памятаю ні маркі, ні фірмы, адкуль ён яго здабыў — і мы, ягоныя сябры, зьбіраліся і слухалі. Слухалі ў асноўным Бі-Бі-Сі і расейскую „Свабоду“. Беларускую „Свабоду“ я ў той час слухаў час ад часу, а ўжо рэгулярна, пастаянна пачаў слухаць калі перасталі глушыць».

I на заканчэньне — зноў наш архіў. Паслухайце фрагмэнт фэльетону Дзядзькі Васіля:
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
XS
SM
MD
LG