Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцэр-памежнік з КПП «Каменны Лог» Алег Валынец патэлефанаваў бацьку Дар’і Ліс і паабяцаў разабрацца зь няўважлівым стаўленьнем да інваліда падчас перасячэньня ёю мяжы. Дасьледуе інцыдэнт і кіраўнік мытнага паста.

Карэспандэнтцы Свабоды ўдалося зьвязацца з адным з кіраўнікоў памежнага пункту «Каменны Лог» Алегам Валынцом.

Як выявілася, ён ужо спрабуе разабрацца з сытуацыяй, якая здарылася з інвалідам-вазочніцай Дар’яй Ліс.

9 красавіка Дар’я Ліс з бацькамі вярталася зь Вільні праз «Каменны Лог». У багажніку везьлі электравазок. Памежнік прапаршчык Сташэўскі, які аглядаў машыну, заўважыў вазок, але не заўважыў у машыне Дашы. Пачаў казаць, што электравазок бацькі павінны былі задэкляраваць. Выклікаў афіцэра-мытніка, і яны прымусілі пажылых бацькоў некалькі разоў вымаць з багажніка і зноў ставіць туды цяжкі электравазок, які важыць 75 кіляграмаў.

Афіцер-памежнік Алег Валынец патлумачыў Радыё Свабода, што спачатку памежнікі і мытнікі сапраўды дзейнічалі паводле інструкцыі, бо аўтамабіль, на якім ехала Даша з бацькамі, праходзіў мяжу праз так званы «зялёны калідор»:

«Калі прапаршчык убачыў вазок, а там было яшчэ два акумулятары, ён павінен праінфармаваць супрацоўніка мытні, каб мытнік прыняў рашэньне. Таму што гэта, скажам так, транспартны сродак, які перамяшчаецца празь мяжу. Супрацоўнік мытні быў праінфармаваны, але, магчыма, мытнік да канца не разабраўся ў гэтай сытуацыі».

Даша карыстаецца электравазком ужо амаль 5 гадоў, ня раз перасякала і літоўскую, і польскую мяжу, але ў «Каменным Лагу» ўпершыню пачула, што інвалід-вазочнік павінен дэкляраваць вазок. Ці сапраўды электравазок трэба дэкляраваць?

Начальнік мытнага пункту пропуску Аляксандар Гаральскі таксама разьбіраўся са сваімі падначаленымі і шкадуе, што гэта здарылася:

«Калі б не было самой дзяўчыны, вазок трэба было б дэкляраваць. Тэарэтычна, калі сядзіць тут сама дзяўчына, навошта яе лішні раз траўмаваць? І тут — гэта ўжо залішне».

Афіцэр-памежнік Алег Валынец таксама выказаў жаль і паабяцаў:

«Мы абавязкова на гэты інцыдэнт акцэнтуем увагу. І абавязкова разам з мытняй правядзем сустрэчу, абавязкова абмяркуем гэтую сытуацыю.

Сапраўды, мне вельмі непрыемна і няёмка, што гэта наагул адбылося ў мяне ў пункце пропуску. Ведаеце, чаго нам усім не хапае ў гэтым жыцьці? Увагі, дабрыні. Я са свайго боку правяду працу для таго каб ня толькі для дадзенай катэгорыі, што тычыцца гэтай дзяўчыны Дар’і Ліс — ня дай бог, канечне, любому сутыкнуцца з такімі праблемамі. А наагул, каб менш было момантаў, зьвязаных зь няўважлівасьцю і чэрствасьцю».

Алег Валынец яшчэ 10 красавіка патэлефанаваў бацьку Дар’і Ліс і паабяцаў разабрацца ў гэтай сытуацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG