Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Актывіст «Эўрапейскай Беларусі», былы палітвязень Зьміцер Дрозд распачаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook акцыю ў падтрымку ўкраінскіх тавараў штодзённага карыстаньня.

Зьміцер Дрозд прапанаваў стварыць адмысловы каталёг украінскіх тавараў, якія карыстаюцца папулярнасьцю сярод беларусаў і якасьцю якіх яны задаволеныя.
Зьміцер Дрозд

Зьміцер Дрозд

«Падобная акцыя праходзіць ва Ўкраіне, дзе заклікаюць адмовіцца ад расейскіх тавараў. У сваю чаргу, расейцы заклікаюць адмовіцца ад украінскіх і ад заходніх тавараў. Атрымліваецца, што падчас такой звычайнай падзеі, як паход у краму па прадукты, чалавек становіцца перад сур’ёзным геапалітычным выбарам. З аднаго боку, можа падацца, што гэта дробязь, але, набываючы расейскі тавар, мы нейкай капейчынай, але фінансуем вайну. Гэтая капейка ідзе ў расейскі бюджэт, адкуль фінансуецца вайна», — кажа Зьміцер Дрозд.

Беларусы ня вельмі добра ведаюць украінскія прадукты. Апроч папулярных цукерак «Рашэн», кетчупу «Чумак» і некалькіх алькагольных напояў, мала хто назаве іншыя ўкраінскія тавары. На гэта зьвяртае ўвагу і Зьміцер Дрозд:

«Даводзіцца, перад тым як пакласьці прадукт у кошык, падрабязна вывучаць этыкетку, глядзець штрых-код. Гэта ня вельмі зручна, тым больш што ёсьць заблытаныя выпадкі, калі вытворца ў адной краіне, а экспарцёр — у іншай. Таму я вырашыў прапанаваць сваім сябрам паўдзельнічаць у стварэньні сьпісу якасных украінскіх тавараў. Тым больш што ўкраінскія прадукты добрай якасьці, і тут не ўзьнікае сытуацыі, што трэба ад чагосьці адмовіцца і чымсьці ахвяраваць», — кажа Зьміцер Дрозд.

Пасьля двухдзённага складаньня сьпісу прадуктаў высьветлілася, што беларус можа забясьпечыць добрую частку свайго рацыёну, набываючы ўкраінскія тавары:

«Усе ведаюць кетчуп «Чумак», але гэты брэнд — гэта яшчэ і маянэз, і макаронныя вырабы, і алей. Цукеркі — «Рашэн» і «АВК». Беларусы, дарэчы, вельмі любяць жэлейныя цукеркі «Шалёная пчолка» вытворчасьці «Рашэна». Вялікі выбар украінскага піва — «Львоўскае», «Чарнігаўскае», «Абалонь», беларусы яго даўно ведаюць і паважаюць. Каньякі. Сокі добрыя «Сандора». Ёсьць выдатная зёлкавая гарбата, называецца «Карпацкая». Ёсьць кава «Галка».

Што рабіць, калі выбіраць даводзіцца паміж беларускімі, расейскімі і ўкраінскімі таварамі? Зьміцер Дрозд кажа, што набывае ўкраінскае, нават калі ёсьць беларускі аналяг:

«Мы ня можам адмовіцца ад беларускіх тавараў. У любым разе хлеб, малако набываем беларускія. Да таго ж, мы ня можам выбіраць, якім газам ці якой электраэнэргіяй карыстацца — спажываем расейскія. Але там, дзе можна выбіраць, я асабіста набываю ўкраінскія тавары, нават калі ёсьць беларускі адпаведнік, ня кажучы ўжо пра расейскі».

Зьміцер Дрозд падкрэсьліў, што, беларусы мусяць сур’ёзна паставіцца да праблемы выбару тавараў, бо заўтра пытаньне можа абярнуцца ўжо ня толькі выбарам паміж «Рашэнам» і «Бабаеўскім», а бокам, за які давядзецца ваяваць:

«Ня трэба прыдумляць хітрыя словы кшталту „канфлікт“. Ёсьць факт вайны, ёсьць акупацыя Крыму. І кожны чалавек мусіць заняць пазыцыю. Для ўкраінцаў адмова ад расейскіх тавараў — гэта пытаньне жыцьця і сьмерці. Беларусам пакуль можа падавацца, што пытаньне не стаіць настолькі востра. Але я лічу, што сёньня мы выбіраем сваю пазыцыю на ўзроўні тавараў, а празь нейкі час мы можам паўстаць перад выбарам, за які бок ваяваць. Сытуацыя неспакойная. Танкі, самалёты знаходзяцца ў тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. Усё вельмі сур’ёзна. Але пакуль мы робім маральны выбар».

___________________________________________________

Зьміцер Дрозд — гісторык, архівіст. У траўні 2011 году быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня, а ў жніўні ўжо выйшаў на волю праз памілаваньне. Адбываў тэрмін у Бабруйскай калёніі № 2 узмоцненага рэжыму.

На працягу многіх гадоў праводзіць дасьледчыцкую працу ў чытальнай залі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Вынік гэтай скрупулёзнай працы — два грунтоўныя даведнікі: «Землевладельцы Минской губернии 1861–1900» і «Землевладельцы Минской губернии 1900–1917».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG