Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі загучалі прэтэнзіі на землі Ўсходняга Казахстану


Астана, лістапад 2013 году

Астана, лістапад 2013 году

Казахскі МЗС выказаў заклапочанасьць частымі выпадкамі некарэктных выказваньняў афіцыйных прадстаўнікоў Расейскай Фэдэрацыі аб Казахстане.

Пра гэта гаворыцца ў камэнтары прэс-сакратара казахскага МЗС Нуржана Айтмаханава.

«Выпадкі некарэктных заяваў афіцыйных прадстаўнікоў Расейскай Фэдэрацыі, якія пачасьціліся апошнім часам, ня могуць не выклікаць сур’ёзнай заклапочанасьці», — гаворыцца ў паведамленьні, якое публікуе сайт nur.kz

У прыватнасьці, міністэрства замежных спраў Казахстану зьвярнула ўвагу на недапушчальныя выказваньні старшыні Вярхоўнага Савету Рэспублікі Хакасія Ўладзіміра Штыгашава пра нібыта існаваньне гістарычных правоў Расеі на ўсходнія вобласьці Казахстану.

«Мы таксама зьвярнулі ўвагу на тлумачэньні чыноўнікаў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Хакасія аб тым, што словы Штыгашава былі, нібыта, няправільна інтэрпрэтаваныя сродкамі масавай інфармацыі, аднак мяркуем, што такія тлумачэньні недастатковыя і нездавальняючыя ў сытуацыі, якая склалася. Мы таксама ведаем пра рэзка нэгатыўную рэакцыю грамадзкасьці нашай краіны на выказваньні Штыгашава, якая зьвяртае ўвагу на палажэньні Дамовы паміж Рэспублікай Казахстан і Расейскай Фэдэрацыяй аб казахска-расейскай дзяржаўнай мяжы, падпісанай 18 студзеня 2005 году. Уступленьне ў сілу гэтай Дамовы 12 студзеня 2006 году юрыдычна замацавала лінію дзяржаўнай мяжы паміж дзвюма краінамі», — гаворыцца ў камэнтары.

Зьнешнепалітычнае ведамства Казахстану падкрэсьлівае, што адносіны паміж Рэспублікай Казахстан і Расейскай Фэдэрацыяй заснаваныя на глыбокіх гістарычных і духоўных сувязях паміж народамі дзьвюх краін, што зьяўляецца залогам пашырэньня раўнапраўнага стратэгічнага партнэрства, якое адпавядае нацыянальным інтарэсам абедзьвюх дзяржаў і служыць справе міру, бясьпекі і стабільнасьці на эўразійскай прасторы.
XS
SM
MD
LG