Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: Год 1979


Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1979 год. Радыё Свабода спыніла вяшчаньне на уйгурскай мове з прычыны малой колькасьці уйгураў на тэрыторыі СССР (бальшыня уйгураў жыве ў Кітаі). Яшчэ адной прычынай было тое, што уйгуры, якія жывуць у СССР, разумеюць па-расейску або па-казаску ці узбэцку і могуць слухаць перадачы на гэтых мовах. На шчасьце, да закрыцьця вяшчаньня на беларускай мове з прычыны пашырэньня ў Беларусі мовы расейскай, так і не дайшло

А ў гісторыі беларускіх праграмаў адбылася цікавая зьмена — ужываны дагэтуль ідэнтыфікацыйны сыгнал праграмы — першыя такты гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» быў заменены на новы — мэлёдыю песьні «Люблю наш край», якая ўжываецца ў нашых праграмах і да сёньняшняга дня.

Як і чаму гэта адбылося? Сваімі ўспамінамі дзеліцца вэтэран нашага радыё Янка Запруднік:


«Я буду адказваць на гэтае пытаньне безь ніякай дакумэнтацыі ў руках. Зьмена адбылася ў Мюнхэне, я быў у Нью-Ёрку, ня ў курсе ўсіх дэталяў. Але маё агульнае меркаваньне такое: гэта адбылося пад ціскам Міколы Гэруса. Ён быў дараднікам украінскай і беларускаў рэдакцыяў — сам украінец, зь беларускай сытуацыяй азнаёмлены вельмі агульна, ён ціснуў на арыентацыю перш-наперш у галіне мовы — на савецкае вымаўленьне, на мову газэты „Зьвязда“. Таксама рабіліся спробы „не выклікаць ваўка зь лесу“, не махаць перад быком бальшавіцкай прапаганды чырвонай плахаю. Я думаю, што ў тым самым часе — ня ведаю, чыя гэта думка была — можа Гэруса, можа самога Сяднёва — адбылася зьмена сыгналу: заміж „Мы выйдзем шчыльнымі радамі“ прагучэлі ноты першай звароткі „Люблю наш край“, музыка Міколы Равенскага, як ведама. Усё гэта было прымеркавана да пазбаўленьня аргумэнтаў і атакі з савецкага боку на нашыя радыёперадачы. Такая арыентацыя была ў канцы 1970-х гадоў. Мы ў Нью-Ёрку — Антон Адамовіч, які быў дараднікам беларускай праграмы, я, Кіпель, які супрацоўнічаў як вольны супрацоўнік — былі, безумоўна, супраць усяго гэтага, але нічога мы не маглі зрабіць, бо ў нас ніхто й не пытаўся. Пастановы прымаліся за дзьвярыма, безь нікяіх кансультацыяў з супрацоўнікамі праграмы».

Такім чынам, прагучаўшы ў эфіры 25 гадоў, стары распазнавальны сыгнал — «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які вы маглі чуць на пачатку кожнай перадачы з сэрыі «На хвалі Свабоды», саступіў месца новаму. Ягоны першапачатковы варыянт тады, у канцы 70-х гучаў вельмі проста...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:17 0:00
Наўпроставы лінк


Чаму для замены была абраная менавіта гэтая мэлёдыя — сёньня сказаць цяжка. Тых, хто прымаў тады адпаведную пастанову, сёньня ўжо няма сярод жывых. Магчыма, гэта быў своеасаблівы хітры манэўр у радыёвайне, бо вось як гучаў сыгнал, які ў тыя часы пачынаў праграмы дзяржаўнага радыё...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:14 0:00
Наўпроставы лінк


Магчыма, сыгнал быў абраны, каб заблытаць слухача, магчыма проста папулярнасьць мэлёдыі «Люблю наш край» не пакінула ніякіх шанцаў іншым магчымым прэтэндэнтам. Як бы там ні было, новы сыгнал, відаць, дажыве да 50-гадовага юбілею беларускай свабоды.

***
Год 1979 у сьвеце

Палітыка

Падтрымваныя Віетнамам камбаджыйскія паўстанцы абвяшчаюць пра падзеньне рэжыму Пол Пота. — Пасьля неспакояў у Іране краіну пакідае шах Мухамад Рэза Пэхлеві, да ўлады прыходзяць рэвалюцыянэры-ісьлямісты на чале з аяталой Хамэйні. — Амэрыканская амбасада ў Тэгеране захопленая студэнтамі-экстрэмістамі. -Прэм’ерам Брытаніі становіцца Маргарэт Тэчэр. — Картэр і Брэжнеў падпісваюць другое пагадненьне аб абмежаваньні стратэгічных узбраеньняў. — У Кітаі пачынае прадавацца Кока-кола. — У Нікарагуа сандыністы адхіляюць ад улады прэзыдэнта Самосу. — Савецкі Саюз уводзіць войска ў Афганістан.

Навука i тэхналёгія

У выніку выпадковага выкіду спораў антраксу на сакрэтным заводзе ў Сьвярдлоўску гіне некалькі соцень чалавек.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная грэцкаму паэту Адысэўсу Элітысу. Выходзяць раманы «Мёртвая зона » Стывэна Кінга, «Песьня ката» Нормана Мэйлера, «Сафія выбірае» Ўільяма Стайрана.

Папулярная культура і музыка

На экраны выходзяць фільмы «Апакаліпсіс цяпер», «Увесь гэты джаз», «Крамэр супраць Крамэра», «Эліен». Sugar Hill Gang выпускае першы камэрцыйны гіт Rapper’s Delight — рэп выходзіць зь нью-ёркскіх вуліц на поп-сцэну.

У 1979 годзе памірае філёзаф Гербэрт Маркузэ, кінарэжысэр Жан Рэнуар, акторка Мэры Пікфард, панк-рок-сьпявак Сід Вішыас.

Песьня году — Pink Floyd / Another Brick in the Wall

***

А зараз зьвернемся да ўспамінаў. У 1978 годзе Генадзь Бураўкін заняў пасаду кіраўніка Дзяржаўнага камітэту БССР у справах тэлевізіі і радыёвяшчаньня...

«Вось калі я прыйшоў на гэтую пасаду, то тады ў штатным раскладзе я ўбачыў такі для мяне трошкі невядомы і загадкавы запіс: „Группа перехвата“. Нават мы ў сваім калектыве заўсёды яе так і клікалі „групай перахвату“, бо па-беларуску „група перахопу“ неяк не гучыць. Гэта была невялікая група супрацоўнікаў — рэдактар і пару тэхнічных работнікаў, літаральна 2-3 чалавекі, якія займаліся тым, што запісвалі перадачы Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода і празь нейкі час, празь дзень-два, можа тры, мне таксама клалі на стол аддрукаваны тэкст радыёперадач. Прытым гэтыя тэксты давалі не шырокаму колу „адказных“, як тады гаварылі, работнікаў — ішло некалькі экзэмпляраў у Цэнтральны Камітэт КПБ, сакратарам і аднаму ці двум загадчыкам аддзелаў, у прыватнасьці, канешна, аддзелу прапаганды, ішло літаральна адзін ці два экзэмпляры ў Савет міністраў, думаю, што абавязкова ішло ў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, і адзін экзэмпляр заставаўся ў Дзяржтэлерадыё. Права зь ім знаёміцца мелі старшыня і намесьнікі. Ня помню, магчыма таксама сакратар парткаму. Вось гэтыя людзі, якія мелі доступ да гэтага тэксту. Гэта быў тэкст можа нават пад грыфам „сакрэтна“. Тое, што ён быў мала каму вядома, гэта я бясспрэчна ведаю. Таму, з таго часу, як я прыйшоў у службовы кабінэт старшыні Дзяржтэлерадыё, я ўжо рэгулярна, пастаянна знаёміўся з тэкстамі перадач „Радыё Свабода“. Мне было цікава па-чалавечы, ну я потым я проста павінен быў мець на ўвазе, што гавораць па „Свабодзе“ пра Беларусь, пра некаторых яе людзей, пра тыя падзеі, якія адбываюцца ў краіне — гэта ўжо па службе я павінен быў ведаць і, скажам так, прымаць да ўвагі».

Наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру 1979 году паслухайце фрагмэнт інтэрвію з паэткай і перакладніцай Верай Рыч:
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:12 0:00
Наўпроставы лінк


***
1979 ГОД У БЕЛАРУСІ

• Усесаюзны перапіс насельніцтва зарэгістраваў у Беларусі 9 мільёнаў 560 тысячаў чалавек.
• У Менску адчынены Музэй старажытнабеларускай культуры пры Акадэміі Навук.
• На менскім паліграфкамбінаце імя Якуба Коласа выпушчаная мільярдная кніга.
• Завершаная электрыфікацыя чыгуначнага ўчастку Ворша-Вязьма.
• Паводле аб’ёму прамысловай вытворчасьці Беларусь абыйшла Аўстрыю, Баўгарыю, Вугоршчыну і шмат якія іншыя краіны.

А зараз — менскі эфір 1979 году. Гучыць фрагмэнт перадачы, прысьвечанай гісторыі Беларускага радыё...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:44 0:00
Наўпроставы лінк

***

Госьць нашай сёньняшняй перадачы — колішні кіраўнік дзяржтэлерадыё Беларусі паэт Генадзь Бураўкін. Я спытаўся ў Генадзя Мікалаевіча — ці ў савецкія часы па лініі дзяржтэлерадыё праводзіліся акцыі контарпрапаганды супраць варожых галасоў?

«Гэтыя акцыі, канешна, праводзіліся. У той час, калі я працаваў, я не скажу, што гэта рабілася дужа настырна, але праводзіліся. На беларускім радыё была — яна і цяпер ёсьць — рэдакцыя замежнага вяшчаньня. Тады, калі я прыйшоў, гэта была рэдакцыя сьвядома накіраваная на нашу эміграцыю, на „суайчыньнікаў“, як гэта казалі. Пагэтаму гэтая праца, яе вяшчаньне бясспрэчна нейкім чынам суадносілася зь перадачамі „Радыё Свабода“, і яны знаёміліся з гэтымі перадачамі — можа быць, не настолькі блізка, як некаторыя „адказныя“ супрацоўнікі ў ЦК і іншых органах, але яны ведалі пра гэтыя перадачы і былі нейкія конртапрапагандысцкія крокі. Тым больш, што і Цэнтральны Камітэт партыі, можа быць і іншыя нейкія структуры часамі выказвалі пажаданьне адказаць на нейкія перадачы „Радыё Свабода“. Хаця тады, калі я быў на гэтай пасадзе, я не сказаў бы, што гэта было ўжо дужа часта і што гэта йшло празь мяне. Магчыма, нешта йшло напрамую на рэдакцыю вяшчаньня, тым больш, што пасьля ўжо ў гэтай рэдакцыі былі вельмі неблагія, прыстойныя людзі, і да іх ўжо было не так і лёгка, каб нехта задумаў нейкую дурную контрапрапаганду. Але тое, што ўлічвалася „Радыё Свабода“ ў перадачах на замяжу — гэта бясспрэчна».

I на заканчэньне — зноў наш архіў. Паслухайце заканчэньне інтэрвію з паэткай і перакладчыцай Верай Рыч. Запіс 1979 году.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:59 0:00
Наўпроставы лінк
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG