Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін, як час


Рыгор Барадулін
Рыгор Барадулін
Глухому не раскажаш, як пяе салоўка, сьляпому не пакажаш, як узыходзіць над салаўіным сьпевам сонца. А духоўна глухому, духоўна сьляпому ды яшчэ й бязмоўнаму не давядзеш, што Рыгор Барадулін — гэткі самы цуд, як салаўіны сьпеў і ўзыход сонца...

На ўзыходзе сонца мы стаялі на ўзьлеску пад Каралішчавічамі і глядзелі на мураша, які бегаў па пні сьпілаванай учора сасны. Ён бег і бег кругамі па колцах дрэва, пашыраючы кругі ад стрыжня да абалоні, не падбіраючы нічога ні для сябе, ні для мурашніка — і немагчыма было вызначыць мэту гэтага бегу.

«Гады лічыць», — сказаў Барадулін.

Для яго было зусім натуральна, што мураш, бегаючы па колцах на пні сьпілаванага дрэва, лічыць гады, якія яно пражыло. Бо сапраўдны паэт — гэта цэласнае ўяўленьне сьвету. Непадзельнае ў вялікім і малым, чалавечым і мурашовым — у жыцьці і сьмерці.

«Сьмерці няма», — сказаў ён напрыканцы жыцьця.

Калі на Бутаўскіх кладах у Вушачах хавалі ягоную маці, ён, тады яшчэ малады, адышоў ад магілы і стаў кідаць у неба сасновыя шышкі. Немагчыма было вызначыць мэту гэтага дзеяньня — як бег мураша па крузе. Але на небе быў Бог. А ў зямлю апускалі маці.

Пасьля ён напіша, што маці — суперніца сьмерці. І выдыхне вершы з выяўленьнем такой любові да жанчыны, якая падаравала яму жыцьцё, такога жалю празь яе страту, якіх ніхто ў паэзіі да яго не выяўляў.

У фізычных высілках чалавек здольны не на шмат большае, чым мураш. Калі нават нешта закіне ў неба. А ў высілках духоўных ён можа наблізіцца да Бога.

«Паэт будуе сам сябе, як храм...» — сказана Барадуліным не ў маладосьці — на схіле веку. Калі ўжо зьявілася адчуваньне, што ён «адзін, як час».

Да зоркі лёсу
Пазычаным ценем
Прывязаны,
Я пасуся тут...

Хвароба, якая ў апошнія гады бязьлітасна яго згрызала, адбірала рухі, адбірала рукі — не закранула дух, розум, талент. Бог ня даў. Абараніў свайго абранца. І да апошняга радку, да апошняга свайго выдыху Рыгор Барадулін — сьветлы, ясны, высокі, пранізьлівы. Паэт неверагоднай сілы і красы. Найпершы паэт крывіцкай мовы, чарадзей беларускага слова.

Калі яго апускалі ў зямлю, клалі побач з маці, сонца ўжо схавалася — і над кладамі, над вершалінамі соснаў хутка-хутка ўзышоў, нібы ўскрыліў, маладзік. Невыпадкова ўскрыліў: першая кніга Рыгора Барадуліна пазначаная маладзіком. Бог пра гэта не забыўся. І новенькі, толькі што адкаваны серпік маладога месяца здаваўся залатой прыступкаю, стаўшы на якую, Барадулін і пайшоў ад нас. Так, як звык: пехатою. Туды, дзе ягоная маці Куліна, ягоныя сябры Быкаў і Караткевіч: у неба.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG